Чым у Беларусі спрабуюць лекаваць COVID-19. Дакумэнт Мінздароўя
Даказана эфэктыўных лекаў ад хваробы COVID-19, як і вакцынаў ад вірусу SARS-CoV-2, пакуль няма нідзе ў сьвеце. Але ёсьць лекі, якія могуць зьмякчыць сымптомы, і экспэрымэнтальныя сродкі, якія тэарэтычна могуць дапамагчы супраць вірусу. Некаторыя выкарыстоўваюцца і ў Беларусі.
Сярод прэпаратаў, якія прызначаюцца пры сярэдняй і цяжкай формах хваробы, у розных умовах называюць гідроксіхлярын, азытраміцын, тацылізумаб, антыбактэрыяльныя лекі (калі немагчыма выключыць небальнічную вірусна-бактэрыяльную або другасную бактэрыяльную пнэўманію), нізкамалекулярныя гепарыны (з агаворкай пра ацэнку карысьці і рызыкаў), папінавір/рытанавір.
Усе гэтыя лекі ня варта спрабаваць ужываць самастойна — іх мае выпісаць лекар або кансыліюм лекараў. Дасьледаваньняў, якія прызнавалі б нейкі спосаб лячэньня COVID-19 адназначна эфэктыўным, пакуль нідзе ў сьвеце не публікавалася, пошук лекаў і вакцыны працягваецца. Іншыя падрабязнасьці з дакумэнту Мінздароўя тут.
«Дзеяньні ўладаў слушныя і ў Кіеве, і ў Менску», — экспэрт параўнаў барацьбу з каранавірусам у Беларусі і Ўкраіне
Дынаміку пашырэньня каранавірусу і эфэктыўнасьць дзеяньняў уладаў у дзьвюх краінах у інтэрвію параўноўвае аналітык Ігар Тышкевіч — ён мае беларускае паходжаньне і працуе ў Кіеве экспэртам праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» ва Ўкраінскім інстытуце будучыні.
Высновы сьцісла:
- У Беларусі больш інфікаваных, чым ва Ўкраіне, бо праведзена больш тэстаў
- Карантын ва Ўкраіне і адсутнасьць абмежаваньняў у Беларусі — аднолькава слушныя рашэньні
- Украіне быў патрэбны час, каб стварыць рэсурс у сыстэме аховы здароўя. У Беларусі сыстэма здароўя больш падрыхтаваная
- Беларусь кропкава ўводзіла больш жорсткія захады абмежаваньня, чым Украіна
- Пытаньне супрацьдзеяньня эпідэміі — палітызаванае і ў Беларусі, і ва Ўкраіне
- Камунікацыйная стратэгія Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны зьменшыла колькасьць нязручных пытаньняў, у адрозьненьне ад стратэгіі, прынятай Мінздароўя Беларусі
- Недавер да беларускай і ўкраінскай афіцыйнай статысткі па каранавірусе ёсьць, але яна блізкая да рэальнасьці
Цалкам чытайце па спасылцы.
«А 8-й раніцы мы размаўлялі, а ў 12 яго ўжо ўвялі ў кому» — што вядома пра сьмерць любанскага лекара з COVID-19
Шпіталізавалі і жонку памерлага лекара Леаніда Савіча. Яна працуе мэдсястрой у любанскай бальніцы. Паводле пастара любанскай рэлігійнай грамады «Царква хрысьціян веры эвангельскай» Паўла Палазьніка, жонка Савіча цяпер у рэанімацыі. Было падазрэньне на каранавірус і ў малодшага сына лекара, аднак, па словах Паўла, яно не пацьвердзілася.
Павел кажа, што зь Леанідам Савічам размаўляў апошні раз 19 красавіка. Лекар быў бадзёры і нават праглядаў здымкі ўласных лёгкіх. «Леанід ужо быў у інфэкцыйным аддзяленьні, было падазрэньне на інфэкцыйную пнэўманію. Сказаў мне, што бачыў свой здымак. Што там нічога страшнага няма, невялікая пляма. А 8-й раніцы я зь ім гаварыў. А ў 12 гадзін дня ён ужо быў у рэанімацыі, яго ўвялі ў кому. Вось і ўсё». Падрабязьней тут.
Вярхоўны суд Расеі рэкамэндаваў не адпраўляць абвінавачаных у СІЗА ў часе пандэміі
Вярхоўны суд Расеі рэкамэндаваў судзьдзям з прычыны эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі заключаць пад варту падазраваных ці абвінавачаных у няцяжкіх злачынствах толькі ў выключных выпадках. Пра гэта гаворыцца ў адпаведным дакумэнце.
Паводле дадзеных на канец красавіка, дыягназ «каранавірусная інфэкцыя» быў пацьверджаны ў 271 супрацоўніка Фэдэральны службы выкананьня пакараньняў, а таксама ў 40 абвінавачаных і асуджаных. Дырэктар службы ў сярэдзіне красавіка накіраваў ліст кіраўніку Вярхоўнага суду Расеі з заклікам не арыштоўваць абвінавачаных у злачынствах сярэдняй і невялікі цяжкасьці ва ўмовах распаўсюджваньня каранавірусу.
За некалькі дзён у сакавіку пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў на разгляд справаў у судах у Маскве была арыштаваная рэкордная колькасьць абвінавачаных.
«Людзі менш ходзяць у крамы». Уладальнікі гіпэрмаркетаў «Алмі» пераводзяць супрацоўнікаў на няпоўны працоўны час
Кіраўніцтва ЗАТ «Юніфуд» перавяло частку сваіх работнікаў на няпоўны працоўны час з аплатай працы «прапарцыйна адпрацаванаму часу». Як гаворыцца ў паведамленьнях, якія атрымалі работнікі, прычынай гэтаму стала «істотнае зьмяншэньне таваразвароту, і адпаведна зьмяншэньне аб’ёму работ».
Няпоўны працоўны час уведзены з 11 траўня. Да 12 красавіка работнікі павінны былі пісьмова выказацца, ці згодныя яны з усталяваньнем няпоўнага працоўнага часу. Тым, хто адмовіцца працягнуць працу ў новых умовах, прыгразілі звальненьнем з 10 траўня. Цалкам чытайце па спасылцы.
Першы лек ад COVID-19 пасьпяхова прайшоў выпрабаваньні
Клінічныя выпрабаваньні прэпарату рэмдэсівер пацьвярджаюць яго эфэктыўнасьць у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй Covid-19. Нягледзячы на тое, што пакуль можна казаць толькі пра папярэднія вынікі, Нацыянальны інстытут алергіі і інфэкцыйных захворваньняў (ЗША) палічыў іх даволі пераканаўчымі і заявіў пра эфэктыўнасьць прэпарату. Падрабязнасьці тут.
У шпіталізаваных сэмінарыстаў з Жыровічаў пацьвердзілі каранавірус
Як стала вядома Свабодзе, прынамсі ў чатырох сэмінарыстаў Менскай вышэйшай духоўнай сэмінарыі, што ў Жыровічах каля Слоніма, пацьвердзілі каранавірус.
Агулам у Слонімскі цэнтральны раённы шпіталь на мінулым тыдні паклалі 41 чалавека з Жыровічаў. Сярод іх 23 сэмінарысты. Усе яны былі кантактамі першага ўзроўню.
Сёньня частку зь іх выпісалі. У тым ліку тых, у каго пацьверджаны тэст на каранавірус. У гэтых сэмінарыстаў хвароба працякае ў лёгкай форме, таму іх перавозяць у манастыр, дзе яны будуць у самаізаляцыі.
Раней з пнэўманіяй шпіталізавалі архіяпіскапа Наваградзкага і Слонімскага Гурыя, чыя рэзыдэнцыя месьціцца ў Жыровічах.
Прэм’ер Расеі заразіўся каранавірусам
Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін паведаміў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну аб тым, што захварэў на каранавірус і сыходзіць на самаізаляцыю, паведамляе расейскае агенцтва РИА-Новости.
«Паважаны Ўладзімір Уладзіміравіч, толькі што стала вядома, што тэсты, якія я здаў на каранавірус, далі станоўчы вынік. У сувязі з гэтым і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Расспажыўнагляду я адпаведна павінен выконваць самаізаляцыю, выконваць прадпісаньні лекараў. Гэта неабходна зрабіць, каб засьцерагчы маіх калегаў», — сказаў Мішусьцін Пуціну.
Сустрэча прайшла ў рэжыме відэаканфэрэнцыі.
У Касьцюковіцкім раёне (Магілёўская вобласьць) выяўленая каранавірусная інфэкцыя
Гэта прызнаў галоўны лекар раённага шпіталю Аляксандар Лобаў. Мясцовай раёнцы «Голас Касьцюкоўшчыны» ён паведаміў, што ў ізалятары лякарні ляжаць пацыенты з COVID-19, які пераносяць хваробу «у лёгкай форме, альбо бессымптомна».
Колькасьць хворых мэдык не назваў, але адзначыў, што два з іх выздаравелі і зьнятыя з уліку. Паводле яго, сытуацыя з COVID-19 у раёне пад кантролем. Свабодзе засьпець Аляксандра Лобава на працоўным месцы, каб пагутарыць, не ўдалося.
22 красавіка ў інтэрвію «Голасу Касьцюкоўшчыны» Аляксандар Лобаў казаў, што ў раённай бальніцы было 4 пацыенты з дыягнаставанай пнэўманіяй. Іх ізалявалі згодна з рэкамэндацыямі рэспубліканскай рабочай групы спэцыялістаў, якія маніторылі гатоўнасьць раённых бальніц да працы ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Паводле гэтых рэкамендацыяў усе пнэўманіі павінны разглядацца, як «верагодныя COVID-19».
Духоўнік менскага манастыра нагадаў, што трэба хадзіць у храм. А манастыр закрылі на два тыдні
30 красавіка на сайце Сьвята-Елісавецінскага манастыра зьявілася абвестка, што ў наступныя два тыдні богаслужэньні будуць праходзіць без прыхаджанаў. У гэты ж дзень на сайце апублікавалі тэкст духоўніка манастыра протаярэя Андрэя Лемяшонка, які нагадаў пра важнасьць наведваньня царквы, асабліва ў цяжкія часы.
24 красавіка стала вядома, што ў дзьвюх манахінь Сьвята-Елісавецінскага манастыра выявілі каранавірус. На той момант адну манахіню ўжо выпісалі са шпіталя. Аднак 2 манахіні чакалі вынікаў аналізаў, а 5 клірыкаў былі на бальнічным.
Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 30 красавіка
- Паводле міністэрства аховы здароўя, на вечар 30 красавіка ў Беларусі зафіксавалі агулам 14 027 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя). 89 памерлі,
- зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, што гэта ня так). 2386 «паправіліся і выпісаныя». Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 846 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 359 пацыентаў
- Колькасьць выпадкаў COVID-19 на Берасьцейшчыне падвоілася за тыдзень. У Берасьцейскай вобласьці на 29 красавіка зафіксавалі 681 выпадак новага каранавірусу. Тыдзень таму было вядома пра 339 выпадкаў, гэта быў самы нізкі паказьнік па краіне.
- Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамэндацыі САЗ. Пра гэта сказаў Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Рыкарду Юзьвяку.
- Паводле дасьледаваньня, праведзенага міжнароднай групай навукоўцаў, 86% апытаных беларусаў лічаць, што ўлады робяць недастаткова ў барацьбе з пандэміяй, дзейнічаюць неэфэктыўна. Горшыя ацэнкі — толькі ў Турэччыне.
- Вайскоўцы Расеі і Кітаю адмовіліся ад удзелу ў парадзе ў Менску. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік.
- Прынамсі ў чатырох сэмінарыстаў Менскай вышэйшай духоўнай сэмінарыі, што ў Жыровічах каля Слоніма, пацьвердзілі каранавірус. Раней з пнэўманіяй шпіталізавалі архіяпіскапа Наваградзкага і Слонімскага Гурыя, чыя рэзыдэнцыя месьціцца ў Жыровічах.
- Клінічныя выпрабаваньні прэпарату рэмдэсівер пацьвярджаюць яго эфэктыўнасьць у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй Covid-19. Нягледзячы на тое, што пакуль можна казаць толькі пра папярэднія вынікі, Нацыянальны інстытут алергіі і інфэкцыйных захворваньняў палічыў іх даволі пераканаўчымі і заявіў пра эфэктыўнасьць прэпарату.
- Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін паведаміў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну аб тым, што захварэў на каранавірус і сыходзіць на самаізаляцыю.
- Калі большасьць краінаў падоўжаць нацыянальныя карантыны з-за каранавірусу, дык бяз сродкаў да існаваньня застануцца больш за паўтара мільярда чалавек — гэта палова ўсіх рабочых рук у сьвеце. Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльным дакладзе Міжнароднай арганізацыі працы.
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі пракамэнтаваў рост інфікаваных COVID-19
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у камэнтары для Tut.by адзначыў, што асноўнай прычынай хуткага разьвіцьця эпідэміі ў краіне застаецца адсутнасьць адэкватных захадаў фізычнага дыстанцыяваньня.
«Тэмпы прыросту новых выпадкаў у Беларусі зьяўляюцца аднымі з самых высокіх у эўрапейскім рэгіёне, — адзначыў адмыслоўца. — Эпідэмія ў Беларусі перайшла ў фазу мясцовай трансмісіі інфэкцыі сярод насельніцтва, што патрабуе неадкладных дзеяньняў на ўзмацненьне фізычнага дыстанцыяваньня. Намаганьняў аднаго сэктару аховы здароўя недастаткова для стрымліваньня тэмпаў распаўсюду хваробы. Таму няма падставаў бліжэйшым часам чакаць пералому ў гэтым працэсе».
У рэкамэндацыях Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя для Беларусі падкрэсьліваецца неабходнасьць агульнанацыянальных захадаў дзеля мінімізацыі колькасьці інфікаваных:
• недапушчальнасьць масавага збору людзей, уключна са спартыўнымі, культурнымі і рэлігійнымі імпрэзамі
• укараненьне фарматаў выдаленай працы і дыстанцыйнага навучаньня, прыпыненьне дзейнасьці другарадных арганізацый і прадпрыемстваў
• забесьпячэньне строгага выкананьня мераў прафіляктыкі і інфэкцыйнага кантролю на тых працоўных месцах, дзе немагчымая выдаленая праца
• абмежаваньне колькасьці нарадаў і сустрэчаў, забесьпячэньне належнай вэнтыляцыі, асабліва ў мэдычных установах
• мінімізацыя неабавязковых перасоўваньняў, асабліва для групаў высокай рызыкі і уразьлівых пацыентаў.
Пры захаваньні існуючай сытуацыі, хутчэй за ўсё, давядзецца канстатаваць далейшы рост новых выпадкаў. З аднаго боку, Беларусь павялічвае колькасьцць лябараторных тэставаньняў на COVID-19, што ўплывае на рост інфікаваных. Зь іншага боку, адсутнасьць адэкватных мераў на недапушчальнасьць фізычнага дыстанцыяваньня спрыяе далейшаму распаўсюду эпідэміі ў краіне.
Мінус 2 трыльёны эўра і 12% ВУП. Якія страты ў ЭЗ ад каранавірусу
Толькі за тры месяцы 2020 году эканоміка ЭЗ скарацілася на 3,5%. Каля 2 трыльёнаў эўра давядзецца патраціць на пераадоленьне наступстваў пандэміі, паведамляе BBC.
Паводле эўрапейскага Цэнтрабанку ў краінах абарачэньня эўра ВУП можа ўпасьці на 12%. Краіны ЭЗ могуць не далічыцца 2 трыльёнаў эўра даходу, столькі ж давядзецца патраціць на пераадоленьне крызісу.
Паводле экспэртаў эканоміку Эўропы чакае самы складаны крызіс з часоў Другой усясьветнай вайны.
Гэта наступствы карантыну, які ўвялі эўрапейскія краіны. Людзі знаходзяцца дома, адпаведна яны менш зарабляюць і менш трацяць. Ужо цяпер ВУП Францыі ўпаў на 5,8%, Гішпаніі — на 5,2%, Італіі — на 4,7%.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў і «Бацькаўшчына» заклікалі адмяніць парад 9 траўня
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступілі з супольнай заявай адносна эпідэміялягічнай сытуацыі ў Беларусі.
«Выказваем сваю глыбокую занепакоенасьць працэсамі, што зараз адбываюцца ў краіне — высокай хуткасьцю распаўсюду вірусу COVID-19 і адсутнасьцю эфэктыўных захадаў дзеля супрацьстаяньня пандэміі з боку беларускіх уладаў», — гаворыцца ў звароце да кіраўніцтва Беларусі.
Імклівы распаўсюд небясьпечнага захворваньня ў краіне выявіў востры недахоп сродкаў і матэрыялаў, неабходных мэдыкам для якаснага і бясьпечнага выкананьня сваёй працы, адзначаюць падпісанты.
«Невыразная пазыцыя уладаў, якія дапускаюць сумяшчэньне супрацьэпідэмічных захадаў зь лёгкадумнай рыторыкай пра „поўны кантроль“, змусіла зьвярнуцца па дапамогу да сусьветнай беларускай грамады, якая адгукнулася, нягледзячы на тое, што таксама ў сваёй большасьці знаходзіцца ў складаных варунках».
Досьвед краінаў, у якіх атрымалася пераламаць дынаміку распаўсюду каранавірусу, дазваляюць меркаваць, што адным з галоўных чыньнікаў мусіць б быць адмена ўсіх масавых мерапрыемстваў, інфармаваньне грамадзкасьці аб небясьпецы, якую нясе COVID-19, а таксама выкананьне санітарных патрабаваньняў і сацыяльнага дыстанцыяваньня.
З гэтай прычыны чальцы «Бацькаўшчыны» і пісьменьніцкай арганізацыі звяртаюцца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем адмяніць вайсковы парад 9 траўня ў Менску. 75-годзьдзе Перамогі — важная падзея, але сьвяткаваньне не павінна прывесьці да новых ахвяраў у мірны час.
Паводле аўтараў звароту, грошы неабходна накіраваць на нарошчваньне рэсурсу мэдычных устаноў, набыцьцё сродкаў для барацьбы з пандэміяй і падтрымку уразьлівых групаў насельніцтва.
Пік эпідэміі будзе ў канцы траўня, — беларускі эпідэміёляг
Загадчык адзьдзяленьня Менскай абласной лякарні, эпідэміёляг Віктар Сушчэвіч распавёў, калі знойдуць вакцыну ад каранавірусу і калі чакаць піку эпідэміі. Яго цытуе тэлеканал «Беларусь-1».
Паводле эпідэміёляга Віктара Сушчэвіча пік эпідэміі прыпадзе на 20-ыя лічбы траўня і далей пойдзе на спад. А вось вакцына ад новага вірусу зьявіцца не раней за 2021 год, мяркуе доктар.
«Ахова здароўя не была гатовая да такога вялікага патоку пацыентаў і такой запатрабаванасьці дэзсродкаў, масак. Але сёньня рэсурсы ўключаныя, індывідуальныя прадпрымальнікі і розныя фабрыкі пераключыліся на вытворчасьць масак, касьцюмаў. Сёньня гэтае пытаньне, у прынцыпе, зьнятае», — гаворыць Віктар Сушчэвіч.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 30 красавіка, пацьверджаныя 14 027 выпадкі COVID-19 (плюс 846 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 89 чалавек (плюс 5 за дзень), выпісалі здаровымі 2386 пацыентаў.
Чарговая сьмерць мэдыка. Гэтым разам пахаваньне ў Фаніпалі
1 траўня ў Фаніпалі недалёка ад Менска пахаваюць 56-гадовага доктара ўльтрагукавой дыягностыкі Ільлю Лемязу. Сьмерць калегі Свабодзе пацьвердзілі ў прыватным сталічным мэдцэнтры, дзе ён да апошняга часу працаваў. Калегі кажуць, што ягоны сыход стаў для іх нечаканасьцю.
Каранавірус у Беларусі: агулам 93 сьмерці, 890 новых выпадкаў за суткі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла дадзеныя распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паводле стану на 1 траўня.
Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 14 917 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 890 выпадкаў.
Колькасьць памерлых дасягнула 93 чалавек, напярэдадні гэтая лічба была 89.
Выпісаныя са шпіталёў, паводле Міністэрства аховы здароўя, 2918 пацыенты з раней пацьверджаным дыягназам COVID-19.
Агулам праведзена 186 тысяч 262 тэсты.
У Расеі выявілі амаль 8000 заражэньняў каранавірусам за суткі
7933 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам выявілі за апошнія суткі ў Расеі. Такія зьвесткі падае апэратыўны штаб па барацьбе з COVID-19. Гэта самы высокі сутачны паказьнік новавыяўленых носьбітаў каранавірусу SARS-CoV-2.
За апошнія суткі ў Расеі ад каранавіруснай інфэкцыі памерлі 96 чалавек. Агульная колькасьць інфікаваных дасягнула 114 тысяч, памерлых — 1169. Больш за 13 тысяч прызналі ачунялымі.
Краіны Эўразьвязу аслабляюць карантын, але да вяртаньня нармальнага жыцьця яшчэ далёка
Эўрапейскія краіны працягваюць паступова аслабляць карантынныя захады, уведзеныя ў сакавіку-красавіку ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі.