Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

21:13 1.5.2020

«Бог нас абараняе, але даў нам розум». Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў пра меры Касьцёлу падчас пандэміі

Сайт каталіцкага касьцёлу ў Беларусі catholic.by апублікаваў гутарку зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. У ёй герарх адказаў на крытыку Касьцёла адносна мер падчас пандэміі.

Старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распавёў, што адразу пасьля таго, як стала відавочна, што каранавірус распаўсюджваецца і ў Беларусі, Касьцёл прыняў адпаведныя меры і выдаў неабходныя рэкамэндацыі для сьвятароў і вернікаў.

«Былі адменены такія маштабныя мерапрыемствы, як велікапоснае чуваньне і малітоўная сустрэча моладзі, якія звычайна зьбіраюць вялікую колькасьць удзельнікаў. Перанесены на пазьнейшы час урачыстасьці канфірмацыі і Першай Камуніі ў парафіях. Адменены біскупскія візытацыі і наведваньні парафій. Не праводзіцца катэхізацыя дзяцей у нядзельных школках».

Паводле герарха, у касьцёлах рэгулярна праводзіцца дэзынфэкцыя. Вернікаў сьвятары заклікаюць захоўваць сацыяльную адлегласьць.

21:14 1.5.2020

Падтрымка падчас эпідэміі заключаецца ў тым, што ўлады дазваляюць працаваць, — дэпутат парлямэнту

Асноўнай формай сацыяльнай падтрымкі ў Беларусі ва ўмовах эпідэміі каранавірусу зьяўляецца магчымасьць працягваць працаваць. Так лічыць член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч, перадае БелТА.

«Сёньня асноўная форма сацыяльнай падтрымкі — гэта магчымасьць працягваць працу, а таксама захаваньне працоўных калектываў на прадпрыемствах, — сказаў Сяргей Клішэвіч.

Ён прывёў у прыклад Эўразьвяз, дзе, па ягоных словах, у большасьці краінаў падчас карантыну не было ніякіх выплатаў фізычным асобам. Не было і адтэрміноўкі камунальных плацяжоў і арэнды.

«Беларусь як сацыяльна арыентаваная дзяржава не магла пайсьці па аналягічным шляху, аплачваючы карантын за кошт асабістых сродкаў сваіх грамадзян», — сказаў Клішэвіч.

Дэпутат лічыць, што ў Беларусі няма патрэбы ўводзіць карантын. Найперш, каб не прыпынілася вытворчасьць на прадпрыемствах рэальнага сэктару.

21:16 1.5.2020

Апазыцыйныя палітыкі заклікалі працягнуць «народны карантын»

Група апазыцыйных палітыкаў заклікала працягнуць «народны карантын» да канца траўня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

У звароце, які падпісалі Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч і кінарэжысэр Юры Хашчавацкі гаворыцца, што "«народны

карантын» павінен доўжыцца да таго часу, пакуль мы не адолеем успышку каранавірусу. Згодна з прагнозамі, частковае аслабленьне эпідэміі ў Беларусі магчымае ў чэрвені, калі мы працягнем прымаць адэкватныя меры".

«Калі ў краіне няма сумленных выбараў, вельмі лёгка забраць і права на жыцьцё, перш за ўсё ва ўразьлівых груп, якія давяраюць уладам», – заявіў БелаПАН Мікалай Статкевіч.

«Працяг народнага карантыну неабходны, бо нават паводле афіцыйных, моцна заніжаных, зьвестках мы на ўздыме пандэміі. Да гэтага прывяла палітыка Лукашэнкі. Пазыцыю САЗ мы таксама бачым: патрабаваньне адмены масавых мерапрыемстваў, дыстанцыйнае навучаньне, спыненьне неабавязковых вытворчасьцяў. Бацькі, якія не аддаюць дзяцей у школу, або мянчукі, якіх стала ў 2,5 разу менш у мэтро (скарачэньне пасажырапатоку з 1 млн да 400 тыс. у дзень), фактычна ратуюць мэдыкаў», – адзначыў Павел Севярынец.

Першапачаткова прадстаўнікі апазыцыі заклікалі грамадзян да «народнага карантыну» з 23 сакавіка па 5 красавіка, затым – да канца красавіка.

21:46 1.5.2020

ЗША аказалі краінам сьвету дапамогу на $775 млн для барацьбы з пандэміяй

З моманту пачатку сусьветнай пандэміі COVID-19, Злучаныя Штаты вылучылі звыш 775 мільёнаў даляраў на надзвычайную мэдыцынскую, гуманітарную, эканамічную дапамогу больш чым 120 дзяржавам, а таксама міжнародным і няўрадавым арганізацыям для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавірусу.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у пятніцу Дзярждэпартамэнтам.

ЗША застаюцца найбуйнейшым глябальным донарам, якія аказваюць дапамогу дзяржавам па ўсім сьвеце ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі, гаворыцца ў дакумэнце.

Акрамя таго, амэрыканскія прыватныя кампаніі, некамэрцыйныя і дабрачынныя арганізацыі сабралі амаль 6,5 мільярдаў даляраў у выглядзе ахвяраваньняў на барацьбу з пандэміяй COVID-19 па ўсім сьвеце.

11:57 2.5.2020

У Віцебскай вобласьці памёр 57-гадовы рэжысэр народнага тэатру. У яго быў каранавірус

30 красавіка ў Лёзьне памёр краязнаўца і рэжысэр лёзьненскага народнага тэатру Генадзь Цыганкоў. Пра гэта Свабодзе паведаміў віцебскі рэжысэр Ігар Баярынцаў. Па ягоных словах, у 57-гадовага мастацкага кіраўніка лёзьненскага народнага тэатра быў выяўлены каранавірус.

11:59 2.5.2020

Доктаркі, мэдсёстры і слабыя істоты. Блог Насты Захарэвіч

Пандэмія добра паказвае, што для грамадзтва важна, без чаго можна абысьціся, а што нам ня трэба ўвогуле. Рыторыка, у якой жанчыны – слабыя істоты, створаныя для ўпрыгожаньня сьвету, зьнікла ў Беларусі вельмі хутка, і гэта было лягічна.

Да сьвята 1 траўня Белстат апублікаваў статыстыку самых «жаночых» і самых «мужчынскіх» прафэсій у нашай краіне. Больш за ўсё жанчын, як аказалася, сярод тых, хто працуе ў ахове здароўя і сацыяльнай сфэры. І хоць жанчыны ў мэдыцыне цяжка працуюць заўжды, па-сапраўднаму заўважна шмат для каго гэта стала толькі падчас пандэміі.

12:00 2.5.2020

Пачалі прымаць заявы на цэнтральнае тэставаньне. Паводле графіку, але з папраўкай на пандэмію

З 2 траўня пачалі прымаць заявы на цэнтральнае тэставаньне абітурыентаў. Рэгістрацыю перанесьлі ў онлайн, але за пропускам і на здачу тэсту давядзецца прыйсьці самому.

12:01 2.5.2020

Каля тысячы індыйскіх студэнтаў просяць вывезьці іх зь Беларусі на радзіму

Студэнты напужаныя адсутнасьцю карантыну ў Беларусі і просяць дапамогі, каб вярнуцца дадому, перадае індыйскае выданьне divyabhaskar.co.in.

Студэнткі запісалі відэазварот, у якім просяць арганізаваць авіярэйс і вывезьці іх зь Беларусі.

12:02 2.5.2020

У Літве на каранавірус за выходныя правераць 7000 ахвотных

Прайсьці тэст можа хто захоча, нават калі ў яго няма сымптомаў. Такое рашэньне прыняў Міністэрства здароўя Літвы, піша Delfi. Мэта — дасьледаваць выпадковых людзей і ацаніць ступень распаўсюджаньня вірусу ў краіне. Тэсты бяруць у гандлёвых цэнтрах.

13:07 2.5.2020

911 новых выпадкаў за суткі, агулам 97 сьмерцяў — агучылі новыя лічбы эпідэміі ў Беларусі

Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 15 828 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 911 выпадкаў.

Колькасьць памерлых дасягнула 97 чалавек, напярэдадні гэтая лічба была 93.

Выпісаныя са шпіталёў, паводле Міністэрства аховы здароўя, 3117 пацыентаў з раней пацьверджаным дыягназам COVID-19.

Агулам праведзена 195 430 тэстаў.

14:52 2.5.2020

Яшчэ ў адным раёне выявілі каранавірус — Талачынскім

У Талачынскім паводле стану на 30 красавіка выявілі 5 выпадкаў каранавірусу і 15 кантактаў першай ступені. Пра гэта піша сайт раённай газэты «Наша Талачыншчына».

Талачынскі раён — суседні з Аршанскім, дзе першыя выпадкі каранавірусу выявілі напачатку красавіка. Паводле апошніх вядомых зьвестак, у Аршанскім раёне больш за 80 выпадкаў COVID-19.

16:02 2.5.2020

Чатыры краіны падтрымалі заклік Эўракамісіі сабраць 7,5 мільярда эўраў на вакцыну ад каранавірусу

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Эрна Сульбэрг падтрымалі заклік Эўракамісіі сабраць 7,5 мільярда эўра на распрацоўку агульнадаступнай вакцыны ад каранавіруса SARS-CoV-2.

«Мы адкрыта заявім пра нашы абавязаньні і мы рады, што нас падтрымліваюць партнэры ва ўсім сьвеце», — напісалі чацьвёра палітычных кіраўнікоў у сумесным артыкуле для газэты Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Эўракамісія на 4 траўня заплянавала міжнародную донарскую канфэрэнцыю ў рэжыме онлайн, каб сабраць асноўную частку 7,5-мільярднай сумы, якая будзе накіраваная на дыягностыку, прадухіленьне і лячэньне атыповай пнэўманіі COVID-19, выкліканай каранавірусам SARS-CoV-2. Галоўная мэта ініцыятывы — распрацоўка агульнадаступнай вакцыны.

17:40 2.5.2020


Міністар будаўніцтва Расеі і яго намесьнік заразіліся каранавірусам

Кіраўнік Міністэрства будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Расеі Ўладзімір Якушаў заразіўся каранавірусам. У міністра і яго намесьніка Дзьмітрыя Волкава дыягназ «COVID-19» быў пацьверджаны паводле вынікаў кампутарнай тамаграфіі (КТ), паведамілі ў прэсавй службе ведамства.

17:43 2.5.2020

У Гішпаніі колькасьць памерлых ад COVID-19 перавысіла 25 тысяч. Новых выпадкаў за суткі — больш за 2500

Паводле паведамленьня міністэрства аховы здароўя, за ноч памерлі яшчэ 276 хворых. У сусьветнай статыстыцы захворваньня краіна займае другое месца ў сьвеце — пасьля ЗША. Лік тых, хто заразіўся каранавірусам, складае ў Гішпаніі больш за 245 з паловай тысяч чалавек. Прырост за суткі — звыш двух з паловай тысяч.

Адзін з мадрыдзкіх паркаў сёньня.
Адзін з мадрыдзкіх паркаў сёньня.

17:54 2.5.2020

Польшча зьнімае пэўныя абмежаваньні на выдачу ўязных віз беларусам

З 11 траўня 2020 візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Берасьці і Горадні часткова ўзнаўляюць прыём дакумэнтаў на выдачу віз у Польшчу.

Візы будуць выдавацца тром катэгорыям грамадзян:

  • асобам, якія маюць дазвол на працу ў Польшчы;
  • уладальнікам «карты паляка»;
  • кіроўцам міжнародных перавозак.

Асобы, якія плянуюць уезд у Польшчу ў іншых мэтах, чым пазначаны вышэй, змогуць падаць дакумэнты пасьля аднаўленьня прыняцьця візавых заяў у наступных этапах.

19:38 2.5.2020

Борыс Джонсан назваў сына ў гонар лекараў, якія выратавалі яму жыцьцё


Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Instagram нявеста прэм’ер-міністра Кэры Сымандс, якая нарадзіла дзіця. «Прадстаўляю вам Уілфрэда Лоўры Нікаласа Джонсана, народжанага 29 красавіка 2020 году а дзявятай гадзіне раніцы, — напісала Сымандс. — Імя Ўілфрэда — у гонар дзядулі Борыса, Лоўры — у гонар майго дзеда, а Нікалас — у гонар лекараў Ніка Прайса і Ніка Гарта, якія ў мінулым месяцы выратавалі Борысу жыцьцё».

20:57 2.5.2020

У шпіталях Беларусі занятыя амаль дзьве траціны месцаў, прызначаных для хворых з COVID-19 і пнэўманіямі

Гэта вынікае зь перадачы на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1». Агулам было сказана, што пад хворых з COVID-19 і пнэўманіямі ў краіне выдзелена 18,6 тысяч ложкаў. Цяпер, паводле дадзеных «Беларусь 1» занятыя каля 12,5 тысяч ложкаў. Свабоднымі застаецца каля 6 тысяч месцаў. Усяго ж у шпіталях Беларусі каля 80 тысяч ложкаў.

21:05 2.5.2020

Галоўная лекарка Стаўпецкай лякарні настойвае, што ў раёне ад каранавірусу памерлі сем чалавек


Яна расказала, што ў лякарні на COVID-19 хварэлі чацьвёра лекараў, у тым ліку яна сама. Паводле галоўнай лекаркі, яна ізалявалася ў сваім працоўным кабінэце, лячылася і кіравала ўстановай адтуль.

Паводле доктаркі Глебкі, у красавіку быў трохтыднёвы цяжкі пэрыяд, але цяпер назіраецца спад эпідэміі ў Стаўпецкім раёне.

«На працягу гэтага тыдня ў нас стабілізавалася абстаноўка. Пнэўманіяў шмат, усяго 150 выпадкаў. Але вы разумееце, яны доўга лечацца. У папярэдні пэрыяд да нас паступалі па 30 чалавек з пнэўманіяй у суткі. Зараз у сярэднім 8».

Лекарка паведаміла журналістам, што за ўвесь час пандэміі COVID-19 праз раённую лякарню прайшлі 260-270 пацыентаў, хворых на пнэўманію. Але непасрэдна ад каранавірусу, нібыта, памерлі сем пацыентаў.

Тым часам 27 красавіка галоўная рэдактарка мясцовай газеты пісала, што ў раёне ніхто ад пнеўманіі не памёр.

21:53 2.5.2020

У Расеі падчас пандэміі два лекары «выпалі з акна»

Лекар хуткай дапамогі ў Варонежскай вобласьці Аляксандр Шулепаў выпаў з акна шпіталя, дзе ён лячыўся ад каранавірусной інфэкцыі, паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службы абласнога дэпартамэнту аховы здароўя. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелы знаходзіцца ў рэанімацыі з пераломам асновы чэрапа.

У канцы красавіка Аляксандр Шулепаў запісаў са сваім калегам відэа, у якім паведаміў, што, нягледзячы на дыягназ «каранавірус», яго не зьнялі са зьмены і прымусілі працягваць працаваць.

Раней расейскія мэдыі паведамілі пра падобны інцыдэнт у Краснаярску. Галоўная лекарка Краснаярскага шпіталя для вэтэранаў войны Алена Няпомняшчых выпала з акна падчас сэлектарнай нарады з кіраўніком рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя. Тады абмяркоўваўся пачатак прыёму хворых на каранавірусную інфэкцыю ў адным з карпусоў. Лекарка была супраць з прычыны вострага недахопу сродкаў аховы і агульнай непадрыхтаванасьці пэрсаналу. 2 траўня стала вядома, што Алена Няпомняшчых памерла.

22:49 2.5.2020

Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 2 траўня

  • «Белавія» з 2 траўня аднавіла палёты ў Мілян, загрузка рэйсу склала 60%.
  • У шпіталях Беларусі занятыя амаль дзьве траціны месцаў, прызначаных для хворых з COVID-19 і пнэўманіямі.
  • Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла дадзеныя распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паводле стану на 2 траўня. Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 15 828 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 911 выпадкаў. Колькасьць сьмерцяў — 97.
  • Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан даў сыну, народжанаму 29 красавіка 2020 году, імёны Ўілфрэд Лоўры Нікалас. Імя Нікалас сын атрымаў у гонар двух лекараў, Ніка Прайса і Ніка Гарта, якія выратавалі Джонсану жыцьцё, калі ён звхварэў на COVID-19.
  • Галоўная лекарка Стаўпецкай раённай лякарні Сьвятлана Глебка паведаміла журналістам, што за ўвесь час пандэміі COVID-19 праз раённую лякарню прайшлі 260–270 пацыентаў, хворых на пнэўманію. Але непасрэдна ад каранавірусу, нібыта, памерлі сем пацыентаў. Тым часам 27 красавіка галоўная рэдактарка мясцовай газеты пісала, што ў раёне ніхто ад пнэўманіі не памёр.
  • У Гішпаніі колькасьць памерлых ад COVID-19 перавысіла 25 тысяч. Новых выпадкаў за суткі — больш за 2500.
  • З 11 траўня 2020 візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Берасьці і Горадні часткова ўзнаўляюць прыём дакумэнтаў на выдачу віз у Польшчу, які быў прыпынены 17 сакавіка ў сувязі з захадамі супраць распаўсюду інфэкцыі COVID-19.
  • Міністар будаўніцтва Расеі і яго намесьнік заразіліся каранавірусам.
  • У Расеі падчас пандэміі два лекары «выпалі з акна».
  • Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Эрна Сульбэрг падтрымалі заклік Эўракамісіі сабраць 7,5 мільярда эўра на распрацоўку агульнадаступнай вакцыны ад каранавіруса SARS-CoV-2.
  • 9623 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам выявілі за суткі ў Расеі, што стала новым сутачным рэкордам. Агульная колькасьць тых, хто заразіўся — 124 000. Усяго памерлі 1222 чалавекі.
  • Мэр Масквы: Рэальна на COVID-19 хворыя 2% масквічоў.
  • Каля тысячы індыйскіх студэнтаў, напужаных адсутнасьцю карантыну ў Беларусі, просяць вывезьці іх зь Беларусі на радзіму.
  • Дзяржаўныя сродкі інфармацыі Паўночнай Карэі паведамілі пра першае зьяўленьне лідэра краіны Кім Чэн Ына за апошнія 20 дзён. 28 красавіка міністар па справах аб’яднаньня Кім Ён Чхоль патлумачыў, што Кім Чэн Ын не зьяўляецца на публіцы праз строгія меры, прынятыя для таго, каб не дапусьціць успышкі каранавірусу.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG