Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

13:01 4.5.2020

У двух мэдыкаў, якія загінулі ў Докшыцах і Менску, пацьвердзілі каранавірус

Свабодзе стала вядома, што дзьве мэдсястры, памерлыя 20 і 21 красавіка, мелі каранавірус. Першапачаткова, калі зьявілася інфармацыя пра іхную сьмерць, не было вядома, ці мелі яны пацьверджаны COVID-19.

20 красавіка ў Менску памерла 56-гадовая мэдсястра шпіталя хуткай дапамогі Натальля Шматко. Прычынай яе сьмерці афіцыйна назвалі сардэчную хваробу — атэрасклератычны кардыясклероз. Пры гэтым яна мела станоўчы тэст на каранавірус, расказалі Свабодзе сваякі.

45-гадовая мэдсястра з Докшыц Аксана Радкевіч паступіла ў рэанімацыю з пнэўманіяй, яе падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Жанчына памерла 21 красавіка. Па словах яе сястры, прычынай сьмерці прызналі COVID-19. Так напісана ў пасьведчаньні аб сьмерці.

У праекце «Сьпіс памяці» Свабода зьбірае зьвесткі пра мэдыкаў, што загінулі сёлета падчас эпідэміі каранавірусу. Цяпер нам вядома пра 12 чалавек. У 10 зь іх быў дыягнаставаны COVID-19. Аднак некаторым мэдыкам прычынай сьмерці паставілі іншыя хваробы.

13:02 4.5.2020

Плюс 784 інфікаваныя і 4 памерлыя. У Беларусі прызналі 17 489 выпадкаў COVID-19 і 103 сьмерці

Паводле Мінздароўя, на раніцу 4 траўня ў Беларусі зафіксавалі:

  • агулам 17 489 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 103 памерлыя, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
  • 3259 выпісаных пацыентаў, у якіх была каранавірусная інфэкцыя.
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 784 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 45 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 211 369 тэстаў, плюс 7130 за дзень (колькасьць тэстаў зьніжаецца зь пікавых 9637 на дзень тры дні таму, доля станоўчых вынікаў застаецца ў межах 9–13%);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісали дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
15:02 4.5.2020

Сьмяротнасьць ад COVID-19 можа быць зьвязаная зь недахопам вітаміну D

Паводле новых дасьледаваньняў, вітамін D, які звычайна выпрацоўваецца клеткамі скуры пад узьдзеяньнем сонца, можа адыгрываць ролю ў прадухіленьні сьмяротных выпадкаў ад COVID-19.

Дасьледнікі вывучылі наяўную мэдычную літаратуру для каталягізацыі сярэдніх узроўняў вітаміну D сярод грамадзянаў 20 краінаў Эўропы, а затым параўналі дадзеныя з адноснай колькасьцю сьмерцяў ад COVID-19 у кожнай краіне. Просты статыстычны тэст паказаў, што паміж лічбамі існуе даволі пераканаўчая карэляцыя: у папуляцыі зь нізкай сярэдняй канцэнтрацыяй вітаміну D назіраецца большая колькасьць сьмерцяў ад SARS-CoV-2. Цалкам чытайце тут.

15:05 4.5.2020

«Страшней за ўсё памерці на чужыне». Беларус-будаўнік затрымаўся на карантыне ў Нямеччыне і працягвае працаваць

Бальшыня беларусаў, якія працавалі за мяжой, з распаўсюдам каранавірусу і закрыцьцём межаў вярнуліся дадому. Але некаторыя вырашылі застацца да нармалізацыі эпідэміялягічнай сытуацыі: працадаўцы чакаць ня будуць, на вольныя месцы дастаткова прэтэндэнтаў.

Гісторыю беларуса Алега Малевіча, які застаўся ў Нямччыне падчас карантыну, чытайце па спасылцы.

15:06 4.5.2020

Чацьвёрты дзень запар у Расеі рэкордная колькасьць новых выпадкаў COVID-19

Другі дзень запар паказьнік новых выпадкаў захворваньня на каранавірус у Расеі за суткі перавышае 10 тысяч, і чацьвёрты дзень запар фіксуюцца рэкорды колькасьці новых выпадкаў COVID-19.

За апошнія суткі пацьверджаны 10 581 новы выпадак каранавірусу ў 82 рэгіёнах Расеі. 3 траўня было зафіксавана 10 633 выпадкі, 2 траўня дзённы прырост упершыню перавысіў адзнаку ў 9 тысяч, 1 траўня ён склаў 7 933 выпадкі, а 30-га красавіка прырост упершыню перасягнуў 7 тысяч. Усяго на сёньняшні дзень у Расеі зарэгістравана 145 268 выпадкаў каранавірусу ў 85 рэгіёнах.

15:07 4.5.2020

У радзільні Лукашэнкі непадалёк ад яго рэзыдэнцыі выявілі каранавірус?

Каранавірус нібыта выявілі ў пэрсаналу Копыскай участковай лякарні, у якой у 1954 годзе нарадзіўся Аляксандар Лукашэнка. Аб праблемах установы Свабодзе расказалі жыхары мястэчка Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Галоўнага доктара лякарні шпіталізавалі з пнэўманіяй.

Ад гэтага гарадзкога пасёлку да рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў ягонай роднай вёсцы Аляксандрыі-2 меней за 6 кілямэтраў. Свабода наведала Копысь і пабачыла, як каранавірус зьмяніў жыцьцё местачкоўцаў. Рэпартаж чытайце па спасылцы >>

15:20 4.5.2020

У Віцебску ад каранавірусу памёр дыякан пратэстанцкай царквы

Анатолю Сакалову было 59 гадоў, паведамляе «Наша ніва», якая давелася пра сьмерць дыякана ад брата памерлага, пастара пяцідзясятніцкай царквы «Адраджэньне» ў Віцебску Міхаіла Сакалова.

Паводле Міхаіла Сакалова, брату стала кепска больш за 3 тыдні таму, паднялася тэмпэратура. Участковая сказала, што гэта ангіна. Толькі калі мужчыне стала зусім кепска, выклікалі хуткую, дактары хуткай паставілі дыягназ пнэўманія і забралі яго ў лякарню. 3 траўня Анатоль Сакалоў памёр.

Паводле брата, тэст на каранавірус у яго бралі 22 красавіка, праз 2 дні быў станоўчы вынік. Сваякам рэкамэндавалі не здымаць залю для разьвітаньня, труна будзе закрытай. У лякарні знаходзілася і жонка дыякана, але яна ўжо паправілася. Тэст на каранавірус у яе быў адмоўным.

15:21 4.5.2020

З 11 траўня ва Ўкраіне часткова зьмякчаць карантын: адкрыюць паркі, музэі і тэрасы рэстаранаў

Карантын, які быў уведзены ва Ўкраіне ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу, падоўжаць да 22 траўня, але з 11 траўня будуць дзейнічаць пэўныя зьмякчэньні:

  • адкрыюць паркі, сквэры, зоны адпачынку,
  • адкрыюць салёны прыгажосьці, цырульні,
  • будуць адкрытыя летнія пляцоўкі асобных кавярняў і рэстаранаў,
  • будзе дазволены гандаль гуртам і ўраздроб нехарчовымі таварамі, акрамя зонаў забаваў, фуд-кортаў, кінатэатраў і дзіцячых зонаў у гандлёва-забаўляльных цэнтрах,
  • адновяць работу музэі, бібліятэкі.
15:23 4.5.2020

«Галоўны „каранавірус“ у Беларусі ўжо 26 гадоў». Паразмаўлялі зь беларусам Аляксеем Церахавым, які зьняў кліп Noize MC пра Чарнобыль

Аляксей Церахаў здымаў кліпы «Ляпіса Трубяцкога», а цяпер займаецца дакумэнтальным кіно. У размове са Свабодай ён расказвае, як чарнобыльская катастрофа пераклікаецца з каранавірусным крызісам. Чытайце інтэрвію па спасылцы >>

15:28 4.5.2020

Лідэры ЭЗ праводзяць саміт па зборы сродкаў на барацьбу з COVID-19

4 траўня кіраўнікі дзяржаў Эўразьвязу і іншых краін праводзяць віртуальны саміт з мэтай сабраць сем з паловай мільярдаў эўра на барацьбу з каранавірусам. Кіраўнік Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен раней назвала гэтую падзею «сапраўдным маратонам».

Па папярэдніх дадзеных, чатыры мільярды эўра будуць накіраваныя на дасьледаваньні вакцыны, два мільярды — на лячэньне пацыентаў і паўтара мільярда — на тэставаньне. Кіраўнікі эўрапейскіх краін перад самітам заявілі, што сабраныя сродкі будуць накіраваныя агульнапрызнаным сусьветным арганізацыям аховы здароўя. Ніякіх новых структур ствараць не плянуецца.

Да саміту павінны далучыцца лідэры з Аўстраліі, Канады, Ізраіля, Японіі, Іярданіі, Паўднёвай Афрыкі і Турцыі, а таксама пасол Кітая ў ЭЗ. Брусэль заклікаў да ўдзелу ў віртуальнай сустрэчы Вашынгтон, аднак пра рашэньне ЗША пакуль не паведамляецца.

15:38 4.5.2020

У Расонскім раёне — першы выпадак каранавірусу

У Расонскім раёне Віцебскай вобласьці зарэгістраваны першы выпадак заражэньня COVID-19, паведамляе «Голас Расоншчыны».

Паводле галоўнага санітарнага ўрач раёну Алесі Шчаўкун, захварэў малады чалавек, які на мінулым тыдні вярнуўся зь Віцебска. Цяпер ён ізаляваны, інфэкцыя ў яго працякае бессымптомна. У тых, хто быў у кантакце з хворым, узялі аналіз на каранавірус, яны знаходзяцца на ізаляцыі і пад мэдыцынскім наглядам.

15:49 4.5.2020

У Трасьцянцы правялі масавую акцыю да Дня Перамогі насуперак рэкамэндацыям WHO

Telegram-канал Nexta апублікаваў плян акцыі «Ў славу агульнай Перамогі» — 4 траўня ў мэмарыяле «Малы Трасьцянец», што на месцы нацысцкага канцлягера пад Менскам, трэба было «забясьпечыць удзел» 1000 чалавек.

Паводле назіраньняў Свабоды, у час акцыі ў мэмарыяльным комплексе было каля 70 чалавек. Сярод іх — шэраг чыноўнікаў, у тым ліку галоўны ідэоляг Менгарвыканкаму Сяргей Шэндзік і намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран. У масках былі далёка ня ўсе.

15:52 4.5.2020

«Гэта ня толькі невуцтва, але і злачынства». Шушкевіч, Грыб і Чыгір выступілі супраць параду на 9 траўня

Як ставяцца да правядзеньня параду 9 траўня ў час эпідэміі каранавірусу былыя кіраўнікі парлямэнту і ўраду Беларусі?

Першы сьпікер Вярхоўнага Савету ў часы незалежнасьці Беларусі Станіслаў Шушкевіч ня проста супраць, а вельмі абураны рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі праводзіць парад. А таксама тым, што ягонае бліжэйшае атачэньне гэтаму не супярэчыць, а наадварот, падтаквае.

Мечыслаў Грыб узначальваў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь у 1994 годзе, калі была прынятая першая Канстытуцыя Беларусі. Ён выступае супраць правядзеньня параду 9 траўня: «Калі б на той парад пайшлі толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, дык гэта была б толькі іх праблема».

Экс-прэм’ер і былы кандыдат на прэзыдэнта на альтэрнатыўных выбарах у 1999 годзе Міхаіл Чыгір таксама супраць правядзеньня параду 9 траўня: «У ЗША дык увогуле жывуць без вайсковых парадаў, і што, дрэнна жывуць?»

Чытаць больш >>

15:59 4.5.2020

Студэнты беларускай Акадэміі музыкі сьпелі «дыстанцыйным хорам»

Такім чынам, як пішуць на Facebook-старонцы хору, студэнты выражаюць падтрымку ўсім, хто аказаўся ў «няпростай сытуацыі» і хто «дзень за днём стаіць на перадавой, ахвяруе часам і нават сваім жыцьцём». Асона згадваецца харавая капэля імя Шырмы, дзе ў паловы артыстаў выявілі COVID-19.

16:01 4.5.2020

«Трактар ня лечыць, пасадзіў печань». Радыёвядоўца прасьпяваў аб процівірусных «рэцэптах» Лукашэнкі

Вядоўца менскага «Новага радыё» Вася Чэхаў выпусьціў парадыйны кліп, у якім ад імя трактарыста расказвае пра тое, як «працуе дыстанцыйна» і выконвае парады супраць каранавірусу, агучаныя Аляксандрам Лукашэнкам.

Песьня ў кліпе — кавэр на «Плачу на техно» расейскага гурту «Хлеб». Тэкст «беларускай вэрсіі» напісаў сам Вася Чэхаў, кліп зьняў вядоўца дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-2» Герман Малышчыцкі.

Ні сам Аляксандар Лукашэнка, ні каранавірус у кліпе ня згадваюцца, але згадваецца прапанаванае Лукашэнкам «лячэньне» COVID-19 трактарам, алькаголем, маслам і лазьняй.

16:42 4.5.2020

Палескі драмтэатар адмяніў паказ усіх спэктакляў у сувязі з каранавірусам

Каранавірус прыйшоў у Пінск у красавіку і ўстановы культуры горада перайшлі на асаблівы рэжым працы, піша «Медыя-Палессе». Палескі драмтэатар адмяніў паказ усіх спэктакляў і сышоў у online, расказаў дырэктар і мастацкі кіраўнік Палескага драмтэатру Аляксандар Лукашэнка. У траўні спэктакляў на сцэне ня будзе. Да 8 траўня трупа працягне рэпэтыцыі пастановак да новага тэатральнага сэзона, а пасьля — сыдзе ў чарговы адпачынак да чэрвеня.

16:51 4.5.2020

У Наваполацку — 83 выпадкі каранавірусу, 6 чалавек памерлі

Па горадзе Наваполацку выяўлена 83 выпадкі пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыі, паведамляе «Новополоцк Сегодня». Цяпер 55 пацыентаў праходзяць лячэньне ў стацыянары гарадзкой бальніцы — гэта жыхары Наваполацка, Полацка і Полацкага раёну. На амбуляторным назіраньні — 29 чалавек з бессымптомнай формай каранавірусу. Выздаравелі 17 пацыентаў, а 6 чалавек з COVID-19 памерлі.

Таксама, паводле дадзеных на раніцу 4 траўня ў наваполацкай бальніцы знаходзілася 84 дарослых і 7 дзяцей з дыягназам «пнэўманія», у рэанімацыі былі 4 чалавекі, зь якіх — на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

17:26 4.5.2020

Лідэры ЭЗ праводзяць саміт па зборы сродкаў на барацьбу з COVID-19

4 траўня кіраўнікі дзяржаў Эўразьвязу і іншых краін праводзяць віртуальны саміт з мэтай сабраць сем з паловай мільярдаў эўра на барацьбу з каранавірусам. Кіраўнік Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен раней назвала гэтую падзею «сапраўдным маратонам». Па папярэдніх дадзеных, чатыры мільярды эўра будуць накіраваныя на дасьледаваньні вакцыны, два мільярды — на лячэньне пацыентаў і паўтара мільярда — на тэставаньне. Падрабязьней тут.

17:28 4.5.2020

Забарону зьнялі. У Менску зноў можна запісацца на плянавы прыём да стаматоляга

Паводле ліста Менгарвыканкаму ад 4 траўня, кіраўнікам стаматалягічных паліклінік і іншых установаў аховы здароўя прапанавалі аднавіць аказаньне плянавай стаматалягічнай дапамогі, паведамляе Tut.by. Пры гэтым ва ўстанове павінен выконвацца санітарна-эпідэміялягічны рэжым — у тым ліку сацыяльнае дыстанцыяваньне пацыентаў, павінен быць павялічаны часавы інтэрвал паміж прыёмамі.

З 10 красавіка дзяржаўныя стаматалягічныя паліклінікі пачалі паведамляць пацыентам, што змогуць абслугоўваць іх толькі ў выпадку вострага болю.

17:32 4.5.2020

Памерла манахіня Сьвята-Елісавецінскага манастыра. У яе быў станоўчы тэст на каранавіруc

Манахіня Марыя памерла 4 траўня ў шпіталі. Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў канцылярыі Сьвята-Елісавецінскага манастыра. Прычыну сьмерці манахіні ў канцылярыі не назвалі, але не адмаўлялі, што праведзены ў шпіталі тэст на каранавірус даў станоўчы вынік.

Паводле прэсавага сакратара БПЦ Сергія Лепіна, у манастыры гэта адзіная сьмерць сярод манахінь і інакаў, якія трапілі ў шпіталь, і тых, хто апынуўся на карантыне як «кантакт». Службы ў Сьвята-Еліcавецінскім манастыры працягваюцца, але ў закрытым рэжыме — для манахінь і клірыкаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG