У Грузіі зьбіраюцца з 1 ліпеня прымаць замежных турыстаў
Улады Грузіі плянуюць ужо з 1 ліпеня дазволіць уезд у краіну замежным турыстам. Пра гэта заявіў кіраўнік ураду Георгій Гахара. Паводле яго, да гэтага часу плянуецца адкрыць сухапутныя мяжы і аднавіць авіяпералёты.
Паводле плянаў грузінскіх уладаў, з 15 чэрвеня будзе адноўленая праца турыстычнага бізнэсу для жыхароў краіны (адкрыюцца, у прыватнасьці, гатэлі і хостелы), а праз два тыдні пасьля гэтага абмежаваньні будуць зьнятыя для турыстаў з-за мяжы. Пры гэтым ужо бліжэйшымі днямі, з 11 траўня, у Грузіі адкрыюцца ўсе віды вытворчасьці і крамы — акрамя гандлёвых цэнтраў і крамаў адзеньня і абутку. Кіраўнік ураду дадаў, што ў гарадах Тбілісі і Руставі з 11 траўня будуць скасаваныя ўсе абмежаваньні на перамяшчэньне.
ЭГУ падоўжыў дыстанцыйнае навучаньне да канца траўня
Згодна з указам, які падпісаў 7 траўня рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў Вільні, з 12 па 31 траўня 2020 году (уключна) навучаньне ва ўнівэрсытэце будзе працягвацца ў дыстанцыйным фармаце. Заняткі будуць праходзіць па раскладзе праз Skype, BlueJeans, Zoom.
Экспэрты ААН заклікалі Беларусь вызваліць з турмаў асуджаных за наркотыкі ва ўмовах крызісу COVID-19
Рост колькасьці выпадкаў захворваньня на COVID-19 у Беларусі павінен прымусіць улады неадкладна вызваліць дзяцей і маладых людзей, пазбаўленых волі за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, гаворыцца ў заяве ад 7 траўня на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Цалкам чытайце тут >>
Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася
Узровень сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі адзін з самых нізкіх у сьвеце. У той жа час Беларусь апярэджвае большасьць краінаў сьвету доляй мэдыкаў сярод памерлых.
Паводле падлікаў Свабоды, кожны дзясяты загінулы ад COVID-19 у Беларусі — мэдык. Гэта ў 15 разоў больш, чым у Італіі, і ў 30 разоў больш, чым у ЗША. Разьбіраемся, як такое магло здарыцца. Чытайце па спасылцы >>
У навучэнцаў менскай Сувораўскай вучэльні выявілі COVID-19
Сястра аднаго з навучэнцаў Сувораўскай вучэльні расказала Tut.by, што ў роце ейнага брата выявілі каранавірус. Міністэрства абароны пацьвердзіла выданьню: станоўчыя тэсты на каранавірус атрымалі ў двух навучэнцаў Сувораўскай вучэльні, зь 1 і 5 курсу. Падрабязьней тут >>
Сусьветная арганізацыя здароўя падзякавала краінам, якія скасавалі парады на Дзень перамогі. Беларусі не датычыць
Падчас прэс-канфэрэнцыі 7 траўня кіраўнік эўрапейскага аддзяленьня Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Ганс Клюге назваў Дзень перамогі «вельмі важным днём»: ён заклікаў знайсьці «альтэрнатыўня рашэньні» для сьвяткаваньня, каб «не рызыкаваць чалавечымі жыцьцямі». Клюге дадаў, што хоча адзначыць тыя ўрады, якія прынялі «адважнае рашэньне» адкласьці або перанесьці парады і «паставілі здароўе людзей на першае месца». Цалкам чытайце тут>>
Абмежаваньні з прычыны каранавірусу ў Маскве прадоўжаныя да 31 траўня
Мэр Масквы Сяргей Сабянін падоўжыў рэжым абавязковай самаізаляцыі да 31 траўня. Адпаведны ўказ апублікаваны на ягоным сайце.
Ад 12 траўня ў Маскве ўводзіцца першы этап паслабленьня абмежаваньняў — адновяцца прамысловая вытворчасьць і будоўлі. З наступнага тыдня жыхары Масквы будуць абавязаныя насіць маскі і пальчаткі ў крамах і грамадзкім транспарце, у тым ліку ў таксі. Забарона на працу для кампаній з сфэры паслуг, культуры і спорту пратрымаецца да канца траўня.
«Лекаў засталося на чатыры дні». З прычыны каранавірусу беларус ня можа вярнуцца дахаты пасьля лячэньня ў Віетнаме
Чатыры гады таму Аляксандар Пазьняк працаваў аграномам і ня меў асаблівых праблемаў са здароўем. Аднойчы ён прачнуўся і зразумеў, што ня можа стаяць на нагах. Далей — шпіталізацыя, сутаргі, болі ў назе, апэрацыі, другая група інваліднасьці.
«Было адчуваньне, што нага жыве асобна ад арганізму», — тлумачыць хлопец. У студзені ён паехаў на лячэньне ў Віетнам і ў сакавіку зьбіраўся вярнуцца дахаты. Але здарыўся каранавірус, і краіны закрылі межы. У размове са Свабодай хлопец расказвае пра хваробу, лячэньне на радзіме і залежнасьць ад наркатычных плястыраў. Чытайце па спасылцы.
Качанава: фэйкі наконт сытуацыі з каранавірусам недапушчальныя
Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава 7 траўня пракамэнтавала асьвятленьне замежнымі СМІ пандэміі каранавірусу ў Беларусі:
- «Фэйкі, ілжывая інфармацыя, якую даюць некаторыя тэлекампаніі і каналы, — гэта проста недапушчальна».
- Эпідэміялягічная сытуацыя ў Беларусі рэгуляваная і кіраваная, таму вырашылі не адмаўляцца ад параду на 9 траўня.
Лідэр #BYCOVID19 пра Міністэрства здароўя, рэсьпіратары, збор грошай, алькаголь і запас ежы на выпадак Апакаліпсісу
Андрэй Стрыжак — беларускі супэрмэн. Пачынаючы зь 2017 году, у межах грамадзянскай кампаніі #BY_HELP ён разам з аднадумцамі зьбіраў грошы на штрафы і падтрымку беларусаў, якіх рэпрэсавалі за ўдзел у «Маршах недармаедаў», Дні Волі — 2017, акцыях за незалежнасьць. Падчас «справы БелТА» дапамога ішла незалежным журналістам. Вясной 2020 году клопат спатрэбіўся беларускім мэдыкам.
У вялікім відэаінтэрвію ў праекце «Морква» Андрэй Стрыжак расказаў Каці Маркоўскай, як працуе кампанія #BYCOVID19, за што можна пахваліць чыноўнікаў міністэрстваў здароўя і замежных спраў, колькі грошай ахвяравалі беларусы на сродкі засьцярогі для мэдыкаў і што атрымліваюць валянтэры за сваю працу.
«Няма часу». Цэнтравыбаркам адхіліў прапановы праваабаронцаў што да правядзеньня выбараў ва ўмовах пандэміі
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі не прыняла прапановы праваабаронцаў наконт правядзеньня выбараў ва ўмовах пандэміі каранавірусу, бо «часу для прыняцьця гэтых мер ня маецца». Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч перакананы, што тактыка правядзеньня выбарчай кампаніі, абраная ўладамі, цалкам ігнаруе прынцыпы элемэнтарнай бясьпекі. Што прапаноўвалі праваабаронцы, чытайце тут.
Лічбы на раніцу 8 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 3,9 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 1,29 млн у ЗША, амаль 257 тысяч у Гішпаніі, амаль 216 тысяч у Італіі, звыш 206,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 177 тысяч у Расеі, звыш 174,5 тысячы ў Францыі, 169,5 тысячы ў Нямеччыне, звыш 135,5 тысячы ў Бразыліі, звыш 133,5 тысячы ў Турэччыне.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызналі сьмерці 270 721 чалавека. Зь іх 76 928 у ЗША, 30 615 у Вялікай Брытаніі, 29 958 у Італіі, 26 070 у Гішпаніі, 25 987 у Францыі.
- Выпісалі звыш 1,3 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,3 млн, зь іх каля 49 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
У Расеі за суткі зноў выяўлена больш за 10 тысяч выпадкаў COVID-19
У Расеі за апошнія суткі пацьверджана 10 699 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй. Памерлі 98 чалавек. Усяго з пачатку эпідэміі колькасьць інфікаваных дасягнула амаль 188 тысяч, памерлі 1723 пацыента.
Паводле дадзеных Расспажыўнагляду, за мінулы дзень праведзена больш за 184 тысяч тэстаў. Пад мэдычным наглядам застаюцца больш за 292 тысячы чалавек.
Пасьля 11 траўня ў Расеі павінен завяршыцца так званы рэжым непрацоўных дзён. Расспажыўнагляд заявіў аб зьняцьці абмежаваньняў, уведзеных з прычыны эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі, у тры этапы. Аднак рашэньне пра паслабленьне карантынных захадаў будуць прымаць кіраўніка рэгіёнаў.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін ўжо падоўжыў так званы рэжым самаізаляцыі ў горадзе да 31 траўня. Да гэтага часу масквічам па-ранейшаму будуць забароненыя шпацыры і заняткі спортам на адкрытым паветры. Пры гэтым будзе адноўленая праца прамысловых і будаўнічых кампаній. Прадпрыемствы сфэры паслуг застануцца зачыненыя. З 12 траўня ў грамадзкіх месцах і транспарце масквічы будуць абавязаны насіць маскі і пальчаткі.
У Маскве з пачатку эпідэміі выяўлена больш 98,5 тысяч выпадкаў COVID-19. Памерла 956 чалавек.
Выбары прэзыдэнта Беларусі ня сталі пераносіць або рабіць дыстанцыйнымі праз каранавірус
Палата прадстаўнікоў 8 траўня прызначыла прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе на 9 жніўня — яны маюць прайсьці ў жніўні, не пазьней як за два месяцы да сканчэньня цяперашніх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Сёньня ЦВК мае зацьвердзіць плян выбарчай кампаніі, дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня.
Старшыня ЦВК раней адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма».
У суседняй Польшчы тым часам прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя на 10 траўня, былі перанесеныя за тры дні да правядзеньня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Ніжняя палата парлямэнту пераадолела вэта верхняй і ўхваліла правядзеньне выбараў па пошце.
Ад казла да каранавірусу. Да якіх парадаў прызвычаіліся беларусы. Піша Валянцін Жданко
Ці сапраўды травеньскі парад у Менску — глыбокая традыцыя, якая ўкаранілася ў сьвядомасьці многіх пакаленьняў вэтэранаў, і цяпер яны (нават дзевяностагадовыя) патрабуюць, каб іх прывезьлі паглядзець на гэтую «глыбока ідэалягічную рэч?»
Магчыма, гэта здасца дзіўным, але факт ёсьць факт: да Лукашэнкі, у савецкі час, вайсковых парадаў у Менску 9 траўня (як, зрэшты, і 3 ліпеня) не праводзілі (за рэдкім выключэньнем). Неяк абыходзіліся.
Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта абавязалі насіць маскі і пальчаткі
«Абавязкова ў ходзе збору подпісаў павінны выконвацца рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя. Гэта ўжо правіла, якое ўвайшло ў пастанову ЦВК», — паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Паводле яе, калі эпідэміялягічная сытуацыя ня зьменіцца і Мінздароўя не адменіць свае рэкамэндацыі, «дык калі зьбіральнікі подпісаў будуць бяз масак, пальчатак, гэта будзе падставай для вынясеньня папярэджаньня ініцыятыўнай групе і потым гэта можа стаць падставай у адмове рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты». Таксама зьбіральнікі подпісаў абавязаныя будуць выконваць рэкамэндацыі па выкананьні мер дыстанцыяваньня.
«Я перахварэў на COVID-19, цяпер запрашаюць на парад». Беларусы расказваюць пра дзіўныя званкі
Людзям, якія маюць адмоўны тэст на каранавірус, ужо перахварэўшы на COVID-19, тэлефануюць з розных нумароў і запрашаюць прыйсьці на парад.
«Сам парад у такі момант — бязглузьдзіца, дык яшчэ і спрабуюць туды людзей сабраць, — кажа адзін з ачунялых. — Паглядзім, што будзе праз два тыдні пасьля яго. Хаця і так ясна, што будзе».
Гэтаму чалавеку патэлефанавалі са схаванага тэлефоннага нумару 7 траўня. «Прадставіліся сацыяльнай службай ці нечым падобным, я ня вельмі ўслухоўваўся, быў заняты, — расказвае ён. — Спыталі, ці хачу я пайсьці на парад. Я адказаў: „Не, дзякуй, да пабачэньня“. Думаю, тэлефанавалі мне, бо я перахварэў на каранавірус».
Пра падобныя тэлефанаваньні паведамілі некалькі чалавек. Цалкам чытайце тут.
«Гэта не бравада». Лукашэнка выказаўся пра адсутнасьць карантыну і парад падчас пандэміі
Лукашэнка падкрэсьліў 8 траўня, што абраныя Беларусьсю мэтады барацьбы з COVID-19 «абумоўленыя дастаткова разьвітай айчыннай мэдыцынай», і ў Беларусі супраць вірусу «не пайшлі фронтам, а змагаюцца кропкава і ў яго асяродках».
«Мы заўсёды глядзелі за аховай здароўя, не аддалі яе ў прыватныя рукі. Так, нам няпроста было. Мы небагатая краіна, нам гэта дорага абыходзілася. Але затое гэта сто разоў вернецца», — сказаў ён. Усе заявы Лукашэнкі 8 траўня наконт змаганьня з каранавірусам чытайце па спасылцы.
«Я ня буду вітаць толькі тое, калі людзей будуць гвалтоўна запрашаць ці нават падштурхоўваць на гэтае мерапрыемства. Гэта справа гонару кожнага чалавека».
«Белавія» ня будзе абслугоўваць пасажыраў бяз масак
«Белавія» ўводзіць дадатковыя меры дзеля засьцярогі пасажыраў у аэрапорце і падчас палёту. Усе пасажыры ў Нацыянальным аэрапорце павінны пастаянна быць у ахоўных масках падчас рэгістрацыі, а таксама пры праходжаньні надгляду на бясьпеку, у аўтобусах і на борце паветранага судна на працягу ўсяго часу палёту, адзначаецца ў прэс-рэлізе «Белавія». Пасажыры, якія не выконваюць гэтага патрабаваньня, не дапускаюцца да пасадкі і здымаюцца з палёту.
Прэм’ер-міністар Беларусі анансаваў яшчэ чатыры ўказы для падтрымкі эканомікі падчас пандэміі
Падтрымка эканомікі на фоне пандэміі каранавірусу не абмяжуецца адным пакетам захадаў, паведаміў 8 траўня журналістам прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас.
«Сёньня ў рабоце ва ўраду знаходзіцца каля чатырох указаў, паводле якіх будуць аказваць падтрымку тым ці іншым галінам эканомікі, якія пацярпелі ў выніку пандэміі», — сказаў Сяргей Румас. Сярод іншага — указ для падтрымкі турыстычнай галіны. Падрабязьней тут.