Міністар адукацыі Беларусі: школы ў сярэднім наведвае 41% навучэнцаў
«Сёньня на 10 гадзін раніцы з 1 015 600 вучняў, якія ёсьць у краіне, у школах прысутнічае 41%. Гэта ў першую зьмену», — казаў міністар Ігар Карпенка вечарам 14 траўня.
Ён адзначыў, што наведвальнасьць у школах адрозьніваецца па рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасьці: там «значна больш» школьнікаў на занятках. А ў Менску іх каля 27-28%.
Праз эпідэмію каранавірусу COVID-19 вясновыя канікулы сёлета працягнулі агулам на два тыдні: спачатку да 11-га, пасьля да 18 красавіка. 17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна пачынаць навучальны працэс у школах 20 красавіка. Паводле інфармацыі Мінадукацыі, на заняткі ў першы дзень прыйшлі 30-40% вучняў.
Для «калектыўнага імунітэту» да COVID-19 яшчэ вельмі мала тых, хто перахварэў, — дасьледаваньні з Францыі і Гішпаніі
Канец пандэміі COVID-19 часта зьвязваюць з узьнікненьнем так званага калектыўнага імунітэту. Выпадкі паўторнага заражэньня сярод тых, хто перахварэў, амаль не фіксуюць, таму ёсьць надзея, што, калі дастаткова людзей перахварэе, вірус SARS-CoV-2 перастане распаўсюджвацца.
Але для калектыўнага імунітэту, як мяркуюць навукоўцы, трэба, каб заразіліся і перахварэлі каля 65% насельніцтва. Як піша BBC, прынамсі ў Францыі і Гішпаніі заразіліся пакуль 4,4% і 5% адпаведна — і гэтая выснова навукоўцаў большая за афіцыйныя лічбы.
Пры тым нават у самых пацярпелых раёнах хварэла далёка не палова насельніцтва. Паводле Інстытуту Пастэра, на 11 траўня ў Парыжы і ўсходніх рэгіёнах у сярэднім хварэлі 9–10%. А паводле Інстытуту аховы здароўя імя Карласа ІІІ і Нацыянальнага інстытуту статыстыкі Гішпаніі, у Мадрыдзе антыцелы выявілі ў 11% насельніцтва, у Барсэлёне ў 7,1%.
У большасьці дасьледаваньняў сьцьвярджаецца, што сьмяротнасьць ад COVID-19 не перавышае 1%, але, калі верыць разьлікам гішпанскіх навукоўцаў, яна можа дасягаць 1,5%, калі лічыць тых памерлых, каму ня быў пастаўлены слушны дыягназ.
«Калектыўны імунітэт ня будзе магчымым датуль, пакуль ня зьявіцца вакцына, — сказаў El País прэзыдэнт Гішпанскага эпідэміялягічнага таварыства Пэрэ Гадой. — Калі толькі, вядома, мы ня будзем гатовыя да вялікай колькасьці сьмерцяў. Вірус аказаўся вельмі небясьпечным, і стратэгія, якая прадугледжвае яго свабоднае хаджэньне, спалучаная зь велізарнай рызыкай».
Колькасьць новых выпадкаў COVID-19 у Расеі зноў перавысіла 10 тысяч за суткі
Паводле дадзеных на 15 траўня, за мінулыя суткі ў Расеі зарэгістраваныя 10 598 новых выпадкаў COVID-19 (+ 4,2%) у 85 рэгіёнах, паведамляе апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам. Сярод новых пацыентаў у 42,5% не было клінічных праяў хваробы.
За апошнія суткі ў Расеі памерлі яшчэ 113 чалавек (напярэдадні — 93), 68 зь іх — у Маскве (напярэдадні — 58). За ўвесь пэрыяд распаўсюджваньня каранавірусу ў Расіі памерлі 2 418 пацыентаў.
Паправіліся за суткі 4 696 чалавек, 1 235 — у Маскве. Усяго за ўвесь пэрыяд выпісаныя 58 226 пацыентаў.
Усяго ў Расеі зарэгістраваны 262 843 выпадкі COVID-19. Краіна трывала замацавалася на другім месцы ў сьвеце паводле колькасьці тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй.
Беларусь прайшла 30% шляху да канца пандэміі, — статыстычны прагноз
Тэндэнцыі ў паказьніках летальнасьці COVID-19 у Беларусі і рэгіёне зь мінулага тыдню захаваліся і сёньня, піша Юры Дракахруст.
Сьцісла
- У Беларусі паказьнік «колькасьць усіх сьмерцяў / колькасьць усіх выпадкаў інфікаваньня» на працягу месяца быў найменшым сярод 6 краінаў-суседак.
- Паказьнік летальнасьці для Беларусі адносна закрытых выпадкаў у краіне таксама найменшы ў рэгіёне.
- Паводле прагнозу, да канца пандэміі ад каранавірусу ў Беларусі памрэ сама меней 370 чалавек.
- Паводле індыкатара «колькасьць закрытых выпадкаў / колькасьць усіх інфікаваных» Беларусь прайшла 30% шляху да канца пандэміі.
«Мы знаходзімся на плято» з COVID-19, заявіла намесьніца міністра здароўя Беларусі. Ці так гэта?
У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ 14 траўня намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан спачатку заявіла, што ў эпідэміі COVID-19 «мы выходзім на плято», пасьля — што наогул «мы на яго ўзабраліся і пакуль на гэтым плято знаходзімся».
Богдан казала гэта ў адказ на пытаньне вядоўцы пра тое, ці будуць больш выяўляць выпадкаў, калі будуць праводзіць больш тэстаў. Тое пытаньне вядоўца агучыў пасьля заявы Богдан аб «недапушчэньні лявінападобнага росту захваральнасьці».
Звычайна ў сьвеце пад «выхадам на плято» маюць на ўвазе спыненьне росту колькасьці хворых, а не спыненьне росту колькасьці тэстаў на дзень. Богдан жа спасылалася на амаль пастаянную колькасьць станоўчых вынікаў тэстаў на COVID-19 — пры тым, што і абсалютная колькасьць зробленых тэстаў на дзень не мяняецца.
Колькасьць «актыўных выпадкаў» — хворых проста цяпер, без уліку выпісаных і памерлых — у Беларусі расьце няспынна. Не было ніводнага дня, калі б выпісалі здаровымі і прызналі памерлымі больш, чым выявілі новых хворых. У апошнія дні прырост «актыўных выпадкаў» — сотні чалавек на дзень.
Колькасьць новых выпадкаў COVID-19 у Расеі зноў перавысіла 10 тысяч за суткі
Паводле дадзеных на 15 траўня, за мінулыя суткі ў Расеі зарэгістраваныя 10 598 новых выпадкаў COVID-19 (+ 4,2%) у 85 рэгіёнах, паведамляе апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам. Сярод новых пацыентаў у 42,5% не было клінічных праяў хваробы.
За апошнія суткі ў Расеі памерлі яшчэ 113 чалавек (напярэдадні — 93), 68 зь іх — у Маскве (напярэдадні — 58). За ўвесь пэрыяд распаўсюджваньня каранавірусу ў Расіі памерлі 2 418 пацыентаў.
Паправіліся за суткі 4 696 чалавек, 1 235 — у Маскве. Усяго за ўвесь пэрыяд выпісаныя 58 226 пацыентаў.
Усяго ў Расеі зарэгістраваны 262 843 выпадкі COVID-19. Краіна трывала замацавалася на другім месцы ў сьвеце паводле колькасьці тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй.
У Чэхіі ў чацьвер зафіксавалі найбольшую колькасьць інфікаваных каранавірусам у траўні
У Чэхіі 14 траўня колькасьць інфікаваных каранавірусам SARS-CoV-2 павялічылася на 82 выпадкі. Гэта самы высокі штодзённы рост заражэньняў, рэгістраваных у гэтым месяцы.
Паводле афіцыйнай чэскай статыстыкі, колькасьць хворых на COVID-19 на раніцу 15 траўня дасягнула 8352 чалавек. Паправіліся 5249 чалавек, памерлі — 293.
У сувязі з пандэміяй каранавірусу ў Чэхіі да 17 траўня дзейнічаюць надзвычайнае становішча і абмежаваньні ў грамадзкім жыцьці, якія паступова зьнімаюцца чэскім урадам.
Пакуль што не дазволена працаваць рэстарацыям, пабам і кавярням у закрытых памяшканьнях. Не функцыянуюць таксама гатэлі і службы таксі. Паводле ўрадавага графіку, гэтыя абмежаваньні будуць зьнятыя 25 траўня. Тады таксама скончыцца абавязак насіць маскі ў публічных месцах.
Дзясяты дзень звыш 900 новых выпадкаў. Афіцыйная статыстыка распаўсюду COVID-19 у Беларусі
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 15 траўня ў Беларусі:
- агулам 27 730 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 156 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых гавораць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 8807 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 958 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 639 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 321 705 тэстаў (плюс 13 549 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Хоць намесьніца міністра здароўя заяўляе пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце. Да 14 траўня восем дзён запар міністэрства прызнавала больш як па 900 новых выпадкаў на дзень. Ад 25 красавіка колькасьць новых выпадкаў на дзень не была меншай за 800, амаль штодзень прызнавалі 4 ці 5 новых сьмерцяў (3 траўня прызналі толькі 2 сьмерці, 12-га — 7).
Цяперашнія 13 549 тэстаў за дзень — самы высокі паказьнік з пачатку эпідэміі. Але ў афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
«Стаўленьне лекараў да каранавірусных было вельмі грэблівае». Заслужаны артыст Беларусі расказаў, як перажыў хваробу
Заслужаны артыст Беларусі, клярнэтыст Генадзь Забара, які перахварэў на цяжкую пнэўманію і COVID-19, пабачыў і лекараў-супэрпрафэсіяналаў, і мэдыкаў, якія ставяцца да каранавірусных грэбліва.
На яго думку, шмат людзей заражаюцца каранавірусам менавіта ў шпіталях: у адну палату кладуць і інфікаваных, і пацыентаў зь іншымі дыягназамі. Чытайце інтэрвію па спасылцы >>
«Хто палову кабана, хто паўтоны капусты». Як гаспадар аграсядзібы згуртаваў беларусаў для дапамогі мэдыкам
На пачатку красавіка Васіль Грынь, гаспадар адной з аграсядзібаў на Валожыншчыне, напісаў пост у Facebook пра ідэю дапамагаць мэдыкам гарачымі абедамі.
«Думаў — дзень ці два неяк дам рады. А яно як панеслася ўсё! Хто палову кабана, хто паўтоны капусты прывёз», — кажа гаспадар сядзібы. Чытайце гісторыю Васіля па спасылцы>>
Найвышэйшую лігу правераць на каранавірус, але футбольны чэмпіянат Беларусі працягнецца
Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Жардзецкі ў інтэрвію рэсурсу Tribuna.com заявіў, што матчы дзявятага туру адбудуцца, як і было заплянавана раней, аднак на наступным тыдні зробяць прафіляктычныя тэставаньні на каранавірус гульцоў усіх камандаў найвышэйшай лігі.
«Матчы туру адбудуцца згодна з раскладам, перанесены толькі паядынак „Менска“ і „Нёмана“. Што тычыцца хворых і няхворых, то акурат у „Іслачы“ адзін гулец пад падазрэньнем на каранавірус. Ад іншых клюбаў ніякай інфармацыі няма, кажуць, што ўсё нармальна. У „Тарпэда“ прыхварэлі Уладзімер Бушма і Міхаіл Афанасьеў, але гэта не каранавірус ці нешта з гэтым зьвязанае». Цалкам чытайце тут.
Чэмпіянат Расеі па футболе адновіцца ў чэрвені. Без гледачоў
Сэзон расейскай футбольнай Прэм’ер-лігі будзе адноўлены 21 чэрвеня. У той жа дзень будзе адноўлены розыгрыш Кубка Расеі. Месцы правядзеньня матчаў будуць вызначаць з улікам эпідэміялягічнай сытуацыі. Матчы пройдуць без гледачоў.
Другі і трэці дывізіёны чэмпіянату — першынства ФНЛ і ПФЛ завершаныя датэрмінова. Каманды, якія занялі 15-е і 16-е месцы ў Прэм’ер-лізе, вылецяць у ФНЛ, дзьве першыя каманды ФНЛ — «Ротар» і «Хімкі» выйдуць у Прэм’ер-лігу, стыкавых матчаў сёлета ня будзе.
Адзін з найбуйнейшых беларускіх музычных фэстываляў адмянілі
Музычны фэстываль LIDBEER-2020, які звычайна праводзіцца ў Лідзе ў першай дэкадзе верасьня, адмянілі, паведаміла кампанія-арганізатар мерапрыемства ААТ «Лідскае піва».
Фэст вырашылі перанесьці на 2021 год у сувязі зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай абстаноўкай. Праца над праектам пачалася каля 10 месяцаў таму, аднак дату фэстывалю і продаж квіткоў у гэтым годзе пакуль не аб’яўлялі.
Фэстываль музыкі і піва LIDBEER праходзіць у Лідзе з 2015 году. Гэта першы буйны музычны фэст, які адмянілі ў Беларусі з прычыны COVID-19.
Нямеччына скасоўвае абавязковы карантын для краінаў ЭЗ
Урад Нямеччыны спыняе абавязковы карантын для тых, хто ўяжджае з краінаў Эўрапейскага Зьвязу, а таксама зь Вялікабрытаніі і Швэйцарыі. Пра гэта паведамляе DW.
Тым, хто прыедзе з раёнаў з высокім узроўнем інфікаваньня, будзе рэкамэндавана прайсьці толькі хатні карантын. Прымусовы 14-дзённы карантын застаецца толькі для грамадзянаў з трэціх краінаў (у тым ліку і зь Беларусі).
Новыя правілы пачнуць дзейнічаць у бліжэйшыя дні, хаця ўрад зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія уводзіць іх ад сёньня.
Абавязковы 14-х дзённы карантын у сувязі з пандэміяй каранавірусу быў уведзены ў Нямеччыне ад 9 красавіка і быў абавязковы як для грамадзянаў Нямеччыны, гэтак і для ўсіх іншаземцаў, якія ўяжджалі на тэрыторыю краіны.
Славенія першай у Эўропе заявіла пра перамогу над эпідэміяй COVID-19
Славенія першай з эўрапейскіх краін афіцыйна абвясьціла аб перамозе над эпідэміяй каранавірусу. За апошнія два тыдні ў краіне зафіксавана толькі 35 новых выпадкаў заражэньня.
Славенія першай у Эўропе ўвяла жорсткія абмежавальныя меры ў сярэдзіне сакавіка, а аслабляць іх пачала ўжо ў сярэдзіне красавіка. Улады адчынілі некалькі памежных пераходаў з суседнімі краінамі. Тым, хто прыяжджае зь іх Славенію, зараз ня прыйдзецца праходзіць карантын. Для гасьцей з іншых краін патрабаваньне аб двухтыднёвым карантыне пасьля прыбыцьця ў краіну застаецца ў сіле.
Славенскія ўлады падкрэсьлілі, што «перамога над эпідэміяй» азначае, што ўсе абмежавальныя меры будуць неадкладна зьнятыя.
Усяго ў Славеніі, па афіцыйных дадзеных, зафіксавана менш за паўтары тысячы выпадкаў заражэньня каранавірусам новага тыпу. Памерлі 103 пацыенты.
Эўрапарлямэнт ухваліў дапамогу постсавецкім краінам у сувязі з COVID-19. Беларусі — пакуль не
Эўрадэпутаты далі згоду на экстранную макрафінансавую дапамогу 10 краінам-суседзям ЭЗ, у прыватнасьці, Украіне, Грузіі, Малдове. Гэтыя крэдыты павінны падтрымаць плацёжны балянс падчас пандэміі.
Эўрапарлямэнт падтрымаў прапанову Эўракамісіі прадаставіць у рамках палітыкі суседзтва і пашырэньня экстранную макрафінансавую дапамогу 10 краінам для пераадоленьня эканамічных наступстваў пандэміі COVID-19. Агульны аб’ём крэдытнага пакета складзе 3 млрд эўра. Цяпер праграму дапамогі павінна зацьвердзіць Рада ЭЗ.
Самы вялікі крэдыт прадугледжаны для Ўкраіны — 1,2 млрд эўра. На другім месцы Туніс — 600 млн эўра. Грузія атрымае 150 млн эўра, Малдова — 100 млн эўра.
Аб макрафінансавай дапамогі з прычыны распаўсюджваньня каранавіруса прасіла Брусэль і Беларусь, але рашэньня аб гэтым пакуль няма. Выдзяленьне 60 млн эўра на барацьбу з каранавірусам ЭЗ зьвязваў з выкананьнем афіцыйнам Менскам рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя.
У студэнтаў аграрнага ўнівэрсытэту пацьвердзілі каранавірус
У траіх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту пацьвердзіўся каранавірус, іх шпіталізавалі, піша агенцтва «Минск-Новости».
12 чалавек, якія зьяўляюцца кантактамі 1 узроўню самаізаляваліся ў студэнцкім інтэрнаце. Яны чакаюць вынікі тэстаў, сказаў прарэктар па навучальнай і выхаваўчай працы БДАТУ Уладзімер Пазднякоў.
Італія адкрые межы з 3 чэрвеня
З 3 чэрвеня здымуць абмежаваньні на перамяшчэньня ўнутры краіны, а таксама на ўезд і выезд за межы Італіі. Абмежаваньні на перамяшчэньні могуць захоўвацца для асобных тэрыторый.
Па апошніх дадзеных, у Італіі зафіксавана 224 тысячы выпадкаў COVID-19, больш 31,6 тысяч чалавек памерлі.
4 cьмерці і амаль тысяча хворых за дзень. Новая статыстыка распаўсюду COVID-19 у Беларусі
Паводле міністэрства, на 16 траўня:
- агулам 28 681 чалавек (плюс 951 за дзень) са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 160 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 9498 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 951 выпадак, прызналі 4 выпадкі сьмерці, выпісалі 691 чалавека;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 335 057 тэстаў (плюс 13 352 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
У Расеі зафіксавалі рэкордныя лічбы па лятальнасьці ад каранавірусу
У Расейскай Фэдэрацыі за апошнія суткі выяўлены 9200 хворых на COVID-19. Памерлі 119 чалавек. Суткі таму памерлі 113 чалавек.
Найбольшая колькасьць захварэлых зафіксаваная за суткі ў Маскве (3505) і вобласьці (937), найменшая (па 3-6 выпадкаў) у Сахалінскай і Магаданскай вобласьці, а таксама Чукоцкай аўтаномнай акрузе і на Алтаі.
Усяго з пачатку пандэміі ў Расеі выяўлена 272 043 выпадкаў каранавірусу. За ўвесь пэрыяд памерлі 2537 чалавек. Ачунялі больш за 63 тысячы.
Нагадаем, краіна знаходзіцца на другім месцы ў сьвеце па колькасьці інфікаваных.