Каля 600 чалавек з пнэўманіяй ляжаць у Берасьцейскім гарадзкім шпіталі
Паводле слоў Алега Вялічкі, у 20-х чыслах красавіка некаторыя аддзяленьні шпіталю былі аддадзеныя на аказаньне дапамогі хворым з пнэўманіяй.
Цяпер пад лячэньне пнэўманіі ў шпіталі абсталявана 680 ложкаў.
Галоўны лекар сьцьвярджае, што ў берасьцейскіх мэдыкаў няма пытаньняў пра сродкі засьцярогі: «Ведаючы тую сытуацыю, якая раней склалася ў Менску і Віцебску, адрэагавалі апэратыўна – усё сталі закупляць загадзя і да прыходу інфэкцыі ў наш рэгіён былі ў поўным узбраеньні».
«Працую цяпер менш, але больш інтэнсіўна». Лекар расказвае пра змаганьне з каранавірусам у Шатляндыі
Размова з Рашадсам Місіраўсам (Rashads Misirovs), лекарам-оталярынголягам са шпіталя Ninewells у горадзе Дандзі (Dundee) на ўсходнім узьбярэжжы Шатляндыі.
У Грэцыі +40. Пасьля ізаляцыі людзі рынулі на пляжы
40-градусная сьпёка ў Грэцыі, якая пабіла 150-гадовы рэкорд, стала прычынай адкрыцьця больш як 500 пляжаў. Пры гэтым, з улікам пандэміі каранавірусу, работнікі пляжаў павінны весьці ўлік наведнікаў — іх мусіць быць ня болей як 40 чалавек на тысячу квадратных мэтраў, а адлегласьць паміж парасонамі — меншая за 4 мэтры. Пад адным парасонам ня больш чым два лежакі (выключэньне — сям’я зь непаўналетнімі дзецьмі).
У Латвіі зьявіцца помнік мэдыкам, якія змагаюцца з каранавірусам
Як паведамляе тэлеканал Riga TV-24, узгоднены праект новага помніка ў латвійскай сталіцы. Ён будзе прысьвечаны лекарам, якія супрацьстаяць каранавіруснай навале.
Над манумэнтальным увасабленьнем вобразаў мэдыкаў працуе творчая група пад кіраўніцтвам скульптара, прафэсара Латвійскай мастацкай акадэміі Айгара Бікшэ.
Мяркуецца, што мэмарыяльны аб’ект будзе прэзэнтаваны ў сьвята летняга сонцастаяньня Ліга, які латышы адзначаюць у ноч з 23 на 24 чэрвеня.
Дзякуючы карантынным захадам, Латвіі ўдалося пазьбегнуць значнага распаўсюду хваробы. Краіна адной зь першых у Эўропе ўвяла рэжым надзвычайнага становішча: навучаньне ў школах і ВНУ было пераведзена ў рэжым онлайн, закрыліся спартыўныя сэкцыі і забароненыя масавыя зборы людзей.
Паводле апэратыўных дадзеных, агульная колькасьць інфікаваных за ўвесь час склала 951 чалавек, 19 памерлі. Гэта адзін з самых нізкіх паказьнікаў на кантынэнце, што дазволіла ўладам пачаць паступова здымаць ранейшыя абмежаваньні, у тым ліку адкрыць межы з суседнімі Літвой і Эстоніяй.
969 чалавек захварэлі за суткі, агулам 29 650 станоўчых тэстаў на каранавірус, — афіцыйная статыстыка
Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла статыстыку па хворых на каранавірус на 18 траўня. Агулам захварэлі 29 650 чалавек, плюс 969 новых выпадкаў за суткі.
У афіцыйным тэлеграм-канале міністэрства аховы здароўя зьявілася статыстыка па хворых на каранавірус за 18 траўня. За суткі захварэлі 969 чалавек, усяго праведзена 350 515 тэстаў.
Галоўны санітарны лекар Расеі: рост захворваньняў на COVID-19 спынены
Рост захворваньняў на каранавірусную інфэкцыю ў Расеі ўдалося спыніць. Пра гэта 17 траўня заявіла галоўны санітарны лекар Расеі Ганна Папова, кіраўніца Фэдэральнай службы нагляду ў сфэры абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека (Расспажыўнагляд).
Паводле Паповай, «дзень за днём практычна ўжо прыросту няма».
Паводле афіцыйных зьвестак, 17 траўня другія суткі запар выяўлена менш за 10 тысяч новых выпадкаў заражэньня — 9709, зь іх у Маскве — 3855.
Штодня ў Расеі, паводле афіцыйных зьвестак, цягам апошніх двух тыдняў выяўлялі каля 10 тысяч інфікаваных каранавірусам. Пры гэтым колькасьць новых выпадкаў па-ранейшаму прыкметна перавышала колькасьць тых, хто быў прызнаны здаровым. Такім чынам, колькасьць тых, хто цяпер у Расеі хворы, кожны дзень павялічваецца.
Галоўны санітарны лекар Расеі: рост захворваньняў на COVID-19 спынены
Рост захворваньняў на каранавірусную інфэкцыю ў Расеі ўдалося спыніць. Пра гэта 17 траўня заявіла галоўны санітарны лекар Расеі Ганна Папова, кіраўніца Фэдэральнай службы нагляду ў сфэры абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека (Расспажыўнагляд).
Паводле Паповай, «дзень за днём практычна ўжо прыросту няма».
Паводле афіцыйных зьвестак, 17 траўня другія суткі запар выяўлена менш за 10 тысяч новых выпадкаў заражэньня — 9709, зь іх у Маскве — 3855.
Больш за 60 краін падтрымалі ідэю Аўстраліі пра расьсьледаваньне вытокаў пандэміі каранавірус
Ініцыятыву Аўстраліі і Эўразьвязу аб правядзеньні незалежнага расьсьледаваньня крыніцы каранавірусу ў сьвеце падтрымалі 62 краіны, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на аўстралійскую тэлерадыёвяшчальную карпарацыю АВС.
Падтрымка прагучала напярэдадні асамблеі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), якая адкрываецца ў панядзелак у Жэнэве, і няўхільна расьце, перадае АВС.
Пакуль ні Кітай, ні ЗША не падтрымалі гэтую прапанову. Дыпляматы Эўразьвязу і Аўстраліі ўсё яшчэ працавалі ў нядзелю, каб пераканаць абедзьве буйныя дзяржавы аказаць ім падтрымку.
Брытанія выдзеліць $110 мільёнаў на пошук вакцыны ад каранавірусу
Брытанскі ўрад выдзеліць 93 мільёны фунтаў стэрлінгаў (110 мільёнаў даляраў) на дасьледаваньні з мэтай знайсьці вакцыну ад COVID-19.
Пра гэта 17 траўня заявіў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан. Джонсан дадаў, што дзеля гэтага будзе адчынены дасьледчы цэнтар у графстве Оксфардшыр.
Лічбы на 17 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 4,8 мільёна выпадкаў COVID-19: каля 1,5 млн у ЗША, звыш 281,5 тысячы ў Расеі, звыш 287,5 тысячы ў Гішпаніі, звыш 243,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 241 тысяча ў Бразыліі, 225,5 тысячы ў Італіі, 179,5 тысячы ў Францыі, 176,5 тысячы ў Нямеччыне, 149,5 тысячы ў Турэччыне, звыш 120 тысяч у Іране.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 316 730 чалавек. Зь іх 90 978 у ЗША, 34 636 у Вялікай Брытаніі, 31 908 у Італіі, 28 108 у Францыі, 27 650 у Гішпаніі, 16 122 у Бразыліі.
- Выпісалі 1,86 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,63 млн, зь іх каля 45 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
Паўтарэньня Вялікай дэпрэсіі ўдасца пазьбегнуць, — Фэдэральны рэзэрв ЗША
Амэрыканская эканоміка адчувае значнае скарачэньне па выніках другога кварталу 2020 году, але пазьбегне паўтарэньня Вялікай дэпрэсіі 1930-х, якая доўжылася шмат гадоў, заявіў 17 траўня Джэром Паўэл, старшыня Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы, якая ў Злучаных Штатах выконвае функцыі цэнтральнага банку.
Паўэл сказаў у інтэрвію CBS, што «добры шанец» на аднаўленьне эканоміка атрымае сёлета ў трэцім квартале, але аднаўленьне росту можа заняць некаторы час.
Многія штаты ЗША паступова адмяняюць зьвязаныя з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі абмежаваньні, бо колькасьць людзей, якія сталі беспрацоўнымі за апошні час, перавысіла 36 000 000.
Звыш 30 тысяч інфікаваных. Апублікаваная новая афіцыйная статыстыка распаўсюду COVID-19 у Беларусі
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 18 траўня ў Беларусі:
- агулам 30 572 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 171 памерлы, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых гавораць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 10 130 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 922 выпадкі і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 639 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 364 319 тэстаў (плюс 13 804 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Хоць намесьніца міністра здароўя заяўляе пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
«Белпошта» адкрыла прыём лістоў і пасылак у яшчэ 11 краінаў
Па стане на 18 траўня «Белпошта» прымае паштовыя адпраўленьні праз EMS у 45 краінаў, лісты і пасылкі — у 41 краіну (не прымае лістоў і пасылак, але прымае EMS у Румынію, Сэнэгал, Славенію і Ўругвай). Адкрыўся прыём лістоў у Аргентыну, Бразылію, Ганконг, Індыю, Мэксыку, Паўднёвую Карэю, Тайлянд, Эгіпэт і Японію.
«З улікам эпідэміялягічнай сытуацыі ў сьвеце, глябальных захадаў, накіраваных на стрымліваньне распаўсюду каранавірусу (COVID-19), авіякампаніі, якія ажыцьцяўляюць перавозку пошты з Рэспублікі Беларусь, пастаянна карэктуюць маршруты і скарачаюць колькасьць авіярэйсаў», — тлумачаць у «Белпшоце» зьменлівы сьпіс даступных для ліставаньня краінаў.
Тарыфы «Белпошты» на міжнародныя паслугі вырасьлі. Калі раней можна было адправіць простую паштоўку непрыярытэтна за 1,38 рубля, то цяпер тарыф — 1,50 рубля. Непрыярытэтная бандэроль вагой да 20 г падаражэла з 1,74 да 1,86 рубля, 20–50 г — з 2,16 да 2,28 рубля і гэтак далей. Вырасьлі і цэны на прыярытэтныя адпраўленьні. Просты малы пакет раней каштаваў 3,30 рубля за адпраўленьне (і прыярытэтнае, і не) і 12 рублёў за 1 кг (18 — за прыярытэтны), цяпер — 3,78 і 13,80 за кг (20,70 за кг прыярытэтнага.
«Чумным баракам нас ня лічаць». Ці пусьцяць беларусаў у краіны, якія выходзяць з эпідэміі?
18 траўня Эстонія спыняе авіязносіны з краінамі, дзе высокая рызыка заражэньня COVID-19, у тым ліку зь Беларусьсю. Ці ёсьць небясьпека, што Эўропа яшчэ доўга не адкрые свае межы для беларусаў? Разьбіраемся з экспэртамі. Чытайце па спасылцы.
Беларускія турфірмы атрымалі перадаплату кліентаў на 400 млн рублёў. Вярнуць іх нерэальна
Адначасовае патрабаваньне спажыўцоў вярнуць грошы за пуцёўкі з прычыны абмежаваньняў, выкліканых пандэміяй каранавірусу, прывядзе да банкруцтва ўсёй галіны, заяўляюць у Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый. На задавальненьне пазоваў можа разьлічваць ня больш як 5% турыстаў.
У сфэры турызму Беларусі занята блізу 5,5 тысячы чалавек. За мінулы год экспарт паслуг перавысіў 265 млн даляраў.
«Пры банкруцтве беларускіх турфірмаў усе грошы спажыўцоў і кампаній застануцца за мяжой, у пастаўшчыкоў паслуг. Вярнуць іх з-за мяжы будзе нерэальна», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце саюзу. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Чыстыя» і «брудныя» зоны ды іншыя фікцыі ў беларускім COVID-шпіталі
Праз тыдзень, праведзены ў шпіталі для хворых на COVID-19, мяне выпісалі на «кантраляванае амбуляторнае лячэньне». У дакумэнце, які я падпісала, указана, што я абавязваюся прымаць усе прапісаныя лекі — і гэта сьмешна, бо пры выпісцы я не атрымала ўвогуле ніякіх рэкамэндацый, распавядае блогерка Свабоды Наста Захарэвіч. Чытайце блог па спасылцы.
Дырэктар — на бальнічным, настаўніца памерла. Што адбываецца ў гомельскай школе № 61
У Гомлі памерла 58-гадовая настаўніца пачатковых клясаў Марыя К. Яна працавала ў сярэдняй школе № 61. Па словах бацькоў школьнікаў, апошнім часам настаўніца была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і хварэла на каранавірус.
Школа № 61 па стане на 18 траўня працавала. Бацькі, якія забіралі дзяцей — вучняў малодшых клясаў, з групы падоўжанага дня, пацьвердзілі сьмерць настаўніцы. Дырэктар школы знаходзіцца на бальнічным, паведамілі ў адміністрацыі, прчыну бальнічнага не назвалі. Цалкам чытайце па спасылцы.
Работнікам установаў сацабслугоўваньня прызначылі даплаты за працу ва ўмовах эпідэміі каранавірусу
Паводле ўказу, надбаўкі будуць плаціць тым работнікам, якія працуюць з пацыентамі з інфэкцыйнымі захворваньнямі і кантактамі першага ўзроўню, якія знаходзяцца дома, пры працы вахтавым мэтадам. Падрабязнасьці, умовы і сумы даплат — па спасылцы.
Амаль у паловы беларусаў з прычыны пандэміі ўпалі даходы, — апытаньне
Дасьледчыя кампаніі SATIO і BEROC прадставілі першыя вынікі трэцяй хвалі сацыялягічнага дасьледаваньня пра ўплыў пандэміі каранавірусу на беларусаў, якое правялі 8–11 траўня.
48,5% апытаных заявілі, што адчулі зьніжэньне сваіх даходаў за апошні месяц. Падчас папярэдніх апытаньняў у сакавіку пра зьніжэньне даходаў казалі 45% апытаных, у красавіку — 52%. Сярод асноўных прычын падзеньня даходаў апытаныя называлі:
- скарачэньне замоваў (35% сярод тых, у каго ўпаў даход),
- скарачэньне заробкаў (27%),
- адмена прэмій (22%),
- страта падпрацоўкі (17%).
Цалкам чытайце па спасылцы.
Мэдыкі чакалі большых даплат. Даведаліся ў прафсаюзаў, хто атрымае 600 рублёў
Мэдыкі 30-й паліклінікі Менску абураюцца, што не атрымалі абяцаных выплат за працу з пацыентамі з COVID-19, а тыя, хто сам перахварэў, не атрымалі кампэнсацыі. Кіраўніцтва паліклінікі тлумачыць, што выплаты атрымалі ўсе, каму яны належацца па законе.
Свабода разьбіралася ў сытуацыі. Чытайце па спасылцы >>