Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 2 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 2 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 44 255 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 243 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 19 195 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 852 выпадкі і прызналі яшчэ 3 сьмерці, выпісалі 419 чалавекі
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 562 945 тэстаў (9568 за дзень, хоць да таго шэсьць дзён запар праводзілі па 12–14,5 тысячы).
Кітай заявіў, што за суткі каранавірусам там заразілася адна асоба
У Кітаі, паводле Камісіі грамадзкай аховы здароўя, цягам сутак выяўлена адна сымптаматычная каранавірусная інфэкцыя і чатыры бессымптомныя інфэкцыі. Камісія заявіла, што адзіны сымптаматычны выпадак заражэньня каранавірусом датычыцца чалавека, які прыбыў у Кітай з-за мяжы.
Усяго з пачатку эпідэміі ў Кітаі быў выяўлены 83 021 выпадак каранавіруснай інфэкцыі.
#ByCovid19 паказалі на мапе, што куды даставілі і дзе мэдыкі яшчэ чакаюць дапамогі
На сайце грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 зьявілася інтэрактыўная мапа, на якой пазначана, якую дапамогу мэдыкам у якія раёны ўжо даставілі, а якой мэдыкі яшчэ чакаюць. Напрыклад, колькі нарукаўнікаў даставілі ў кожны раён краіны або колькі канцэнтратараў кіслароду яшчэ чакаюць беларускія мэдыкі. Глядзіце мапу і чытайце падрабязнасьці па спасылцы.
Кампанія заяўляе, што ўсяго па Беларусі на момант публікацыі даставілі 354 тысячы адзінак сродкаў індывідуальнай засьцярогі (пры больш як 728 тысячах запытаў) і 1404 адзінкі абсталяваньня (пры амаль 15 тысячах запытаў).
Ад пнэўманіі памерла мэдсястра, якая брала аналізы ў прыватным мэдцэнтры ў Менску
40-гадовая Ала Грыгарэвіч жыла ў вёсцы Міханавічы ў Менскім раёне, а працавала ў мэдычным цэнтры «Інвітро» ў Менску старшай мэдсястрой, брала аналізы.
Яна захварэла на пачатку красавіка, ляжала дома з высокай тэмпэратурай. 15 красавіка трапіла ў шпіталь, а 24-га памерла. У пасьведчаньні аб сьмерці напісана, што ў яе была двухбаковая пнэўманія, каранавірус пацьверджаны ня быў. Пра гэта Свабодзе сказаў яе муж Сяргей. «Мы ня ведаем, дзе Ала магла заразіцца», — сказаў Сяргей.
Амаль праз два 2 пасьля таго, як пачала хварэць Ала, у ейнай дачкі паднялася тэмпэратура. Кампутарная тамаграфія пацьвердзіла двухбаковую пнэўманію. А потым яшчэ і тэст на каранавірус аказаўся станоўчым. «Дачка на той час вучылася з дому, нікуды не выходзіла. Заразіцца ні ад кога не магла, толькі ад жонкі. Але ж у яе тэст быў адмоўны. Мне потым расказалі, што такое бывае», — сказаў Сяргей.
Міністэрства адукацыі Беларусі абмежавала набор у дзіцячыя садкі ў сувязі з каранавірусам
У сувязі з эпідэміяй каранавірусу набор у дзіцячыя садкі абмежаваны, паведаміла БелТА прадстаўніца Мінадукацыі Сьвятлана Ўклейка.
Накіраваньне ў дзіцячыя садкі выдаюць з улікам нормаў напаўняльнасьці груп і ў адпаведнасьці са сьпісам дзяцей, якія маюць патрэбу ў дашкольнай адукацыі. Разам з тым, паколькі Міністэрства здароўя забараніла перавод з групы ў групу і прыём новых дзяцей у дзіцячыя садкі ў пэрыяд эпідэміі каранавірусу, такія накіраваньні не выдавалі і дзяцей у садкі не прымалі.
Як паведаміла чыноўніца, забарона пераводзіць дзяцей з групы ў групу і прымаць новых тычыцца пэрыяду, калі ў садку зарэгістравалі выпадкі інфэкцыі COVID-19 або пакуль ня скончыўся пэрыяд правядзеньня санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў пасьля рэгістрацыі такіх выпадкаў.
Аўтар швэдзкай стратэгіі барацьбы з COVID-19 прызнаў памылкі
Швэдзкі эпідэміёляг, аўтар ідэі некарантыну прызнаў, што яго стратэгія барацьбы з каранавірусам прывяла да занадта шматлікіх сьмерцяў. Андэрс Тэгнэл пераканаў сваю краіну пазьбегнуць строгага карантыну і локдаўну, паведамляе Bloomberg.
«Калі б мы сутыкнуліся з той жа хваробай пры тых ведах, якія маем сёньня, я думаю, што наш адказ быў бы недзе паміж тым, што зрабіла Швэцыя, і тым, што зрабіла астатняя частка сьвету», — сказаў Андэрс Тэгнэл у інтэрвію швэдзкаму радыё. Цалкам чытайце па спасылцы.
Упершыню ў Беларусі за дзень выпісалі пасьля COVID-19 больш, чым выявілі новых інфікаваных
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 3 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 45 116 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 248 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 20 171 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 861 выпадак і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, а выпісалі 946 чалавек (рэкорд за ўвесь час);
- у выніку колькасьць «актыўных выпадкаў» COVID-19 у Беларусі ўпершыню зьменшылася — раней нават калі масава выпісвалі пацыентаў, колькасьць новых перавышала колькасьць выпісаных;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 573 699 тэстаў (10 745 за дзень).
Штодня ў Берасьці шпіталізуюць больш за 100 чалавек з пнэўманіямі
Берасьцейскі гарвыканкам заявіў пра пік захворваньняў на COVID-19 у горадзе. Штодня з пнэўманіямі шпіталізуюць больш за 100 берасьцейцаў. Месцаў у шпіталях пакуль хапае.
Гарвыканкам лічыць недастатковым стаўленьне да мераў бясьпекі ў часткі гараджан: «Нават у крамах і ў грамадзкім транспарце толькі частка людзей выкарыстоўвае маскі». Гараджанам раяць менш наведваць месцы зь вялікай колькасьцю людзей, менш перасоўвацца па горадзе і ня езьдзіць у іншыя рэгіёны Беларусі.
Якая рызыка заразіцца каранавірусам праз дзьвярныя ручкі і харчы ў краме?
Страхі перад заражэньнем ад забруджаных паверхняў прымусілі многіх людзей у апошнія месяцы праціраць антысэптыкам упакоўкі харчовых прадуктаў, пакідаць іх нераскрытымі, праціраць дзьвярныя ручкі і кнопкі ліфта, піша The New York Times.
«Зыходзячы з дадзеных лябараторных дасьледаваньняў COVID-19 і таго, што мы ведаем пра падобныя захворваньні дыхальных шляхоў, чалавек можа заразіцца каранавірусам, дакрануўшыся да паверхні альбо прадмета, які мае на сабе інфэкцыю, а потым дакрануцца да рота, носа ці вачэй. Але гэта не зьяўляецца асноўным спосабам распаўсюджваньня каранавірусу», — сьцьвярджае нядаўняя справаздача амэрыканскага Цэнтру кантролю хваробаў. Разам з тым, рызыка заразіцца ад паверхняў усё ж існуе. Цалкам чытайце па спасылцы.
Гісторыя мянчанкі, якая ў красавіку перанесла цяжкую пнэўманію, дагэтуль задыхаецца і ня можа дабіцца тэсту на COVID-19
Марына В. працуе загадчыцай аддзелу ў адной зь дзяржаўных навуковых устаноў Менску. У канцы сакавіка — пачатку красавіка яна тры тыдні хварэла на цяжкую пнэўманію, дагэтуль ня можа выйсьці на працу з прычыны дрэннага стану здароўя і задышкі. За час хваробы Марына так і не дамаглася ад лекараў раённай паліклінікі накіраваньня на кампутарную тамаграфію і аналіз на COVID-19.
Колькасьць заражаных COVID-19 у сьвеце перавысіла 6,5 мільёна
Паводле стану на 4 чэрвеня, ва ўсім сьвеце каранавірусная інфэкцыя дыягнаставаная ў больш чым 6,5 мільёна чалавек. Гэта вынікае з дадзеных унівэрсытэту Джонса Гопкінса.
Больш за 2,8 мільёна чалавек паправіліся ад COVID-19, 386 091 памёр.
У Ашгабаце правялі масавы роварны заезд на чале з прэзыдэнтам, які адмаўляе, што ў краіне ёсьць каранавірус
У Ашгабаце 3 чэрвеня ўлады правялі масавы роварны заезд, які ўзначаліў прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Як паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода, на мерапрыемства сагналі тысячы простых грамадзян і чыноўнікаў. Агулам у заезьдзе ўзялі ўдзел каля сямі з паловай тысяч чалавек.
Таксама ў Ашгабаце з нагоды Ўсясьветнага дня ровара, які адзначаўся 3 чэрвеня, адкрылі 30-мэтровы помнік ровару.
Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 4 чэрвеня: другі дзень выпісваюць больш, чым выяўляюць інфікаваных
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 4 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 45 981 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 253 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 21 162 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 865 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, а выпісалі 991 чалавека (абноўлены ўчорашні рэкорд за ўвесь час);
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» другі дзень запар зьмяншаецца за кошт большай колькасьці выпісаных: цяпер мінус 131 выпадак (хворымі працягваюць лічыць 24 566 чалавек);
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 585 065 тэстаў (11 366 за дзень).
«Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»
Каардынатары ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай ужо самі ня могуць дакладна сказаць, колькі іх сябраў цяпер за кратамі. Тое ж тычыцца паплечнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.
Пра затрыманых актывістаў кампаніі і паплечнікаў блогера чытайце па спасылцы.
Абавязковы масачны рэжым увялі яшчэ ў адным раёне Магілёўскай вобласьці
Бялыніцкі райвыканкам 3 чэрвеня ўвёў абавязковы масачны рэжым ва ўстановах і арганізацыях.
Бялыніцкія ўлады эпідэміялягічную абстаноўку назвалі «няўстойлівай». Але пра колькасьць зарэгістраваных выпадкаў заражэньня не паведамілі.
Паводле рашэньня райвыканкаму, людзі ў публічных месцах
- павінны выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыханьня,
- у арганізацыях і ўстановах маскі трэба мяняць кожныя тры гадзіны,
- выязны гандаль забаронены.
Лукашэнка пра каранавірус: «Увесь сьвет пацьвярджае, што Лукашэнка меў рацыю»
Аляксандар Лукашэнка 4 чэрвеня зьмяніў склад ураду. Даючы наказы новаму ўраду, ён згадаў, што на цяперашнім этапе «некаторыя вынікі маглі быць і лепей», ды «бяда пачалася з гэтай пандэміяй».
«Нашыя беларусы дзякуюць лекарам, што мы змагаемся за кожнае жыцьцё, што ў нас на два парадкі менш сьмерцяў, чым у такіх жа краінаў і нашых суседзяў, — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Не, трэба камень у агарод кінуць.
А што ня так? Што ў нас ня так, як у іншых? Што мы не ізалявалі і на карантын не адправілі беларусаў? Што мы не абвясьцілі камэнданцкі час? Дык сёньня ўвесь сьвет пацьвярджае, што Лукашэнка меў рацыю».
Выехаць у краіны Эўразьвязу можна будзе пры наяўнасьці даведкі пра адсутнасьць COVID-19
Эўразьвяз вызначыў пералік краін, жыхары якіх ад 1 чэрвеня могуць перамяшчацца з мэтай турызму, дзелавых паездак і г. д. Беларусі ў сьпісах няма. Галоўная ўмова для краіны, адкуль могуць уяжджаць грамадзяне, — колькасьць хворых. Яна не павінна перавышаць 25 чалавек на 100 000 жыхароў. У Беларусі паказьнік нашмат большы — 474 чалавекі.
Тым ня менш, згодна з рэкамэндацыяй Сусьветнай арганізацыі здароўя, можна прымаць грамадзян са спісу праблемных краін з гледзішча эпідэмічнай сытуацыі пры наяўнасьці даведкі аб адсутнасьці захворваньня на COVID-19. Міністэрства здароўя Беларусі распрацавала ўзоры даведак на расейскай і ангельскай мовах і гатовая выдаваць у выпадку неабходнасьці.
Уплывовы мэдычны часопіс адклікаў публікацыю пра рызыкі прэпарату, якім спрабуюць лячыць COVID-19
Мэдычны часопіс The Lancet адклікаў публікацыю пра рызыкі ўжываньне супрацьмалярыйнага прэпарату гідроксіхлёрахіну пры лячэньні каранавіруснай інфэкцыі. Гэта здарылася пасьля таго, як аўтары не змаглі падаць зьвесткі для праверкі сапраўднасьці крыніц дасьледаваньня. Пра гэта паведамляе сайт выданьня.
«Росатом» узмацніў захады бясьпекі на БелАЭС на фоне COVID-19
Расейская кампанія «Росатом» узмацніла захады бясьпекі на пляцоўцы Беларускай АЭС на фоне COVID-19, заявіў 5 чэрвеня кіраўнік дзяржкарпарацыі Аляксей Ліхачоў у чарговым відэазвароце: «У зоне нашай асаблівай увагі знаходзіцца беларуская пляцоўка, мы робім там беспрэцэдэнтныя захады санітарнай і проціэпідэмічнай бясьпекі, бо цяпер на пляцоўцы працуе звыш 6 тысяч чалавек». Цалкам чытайце па спасылцы.
«Адзін супрацоўнік два тыдні быў на ШВЛ». На «Атлянце» каля 160 выпадкаў каранавірусу
За час пандэміі на менскім заводзе лядоўняў «Атлянт» станоўчы вынік тэсту на каранавірус атрымалі да 160 работнікаў, паведамілі Радыё Свабода ўласныя крыніцы. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў адміністрацыі заводу.
«За ўвесь пэрыяд, з канца сакавіка, калі ў нас зьявіліся першыя захварэлыя, і да сёньня, у суме цалкам магчымая такая лічба. Быў момант, калі адначасова на бальнічных былі да 100 чалавек, але цяпер такога няма, цяпер на бальнічным адзінкі», — паведаміў Свабодзе намесьнік гендырэктара «Атлянта» Аляксандар Малашка. Паводле яго, пік захворваньня на «Атланте» прыпаў на пачатак і сярэдзіну траўня. Цалкам чытайце па спасылцы.