Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:11 5.6.2020

Трэці дзень запар выпісалі больш, чым выявілі інфікаваных. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 5 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 5 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 46 868 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 259 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 22 066 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 887 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, а выпісалі 904 чалавекі;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» трэці дзень запар зьмяншаецца за кошт большай колькасьці выпісаных: цяпер мінус 23 выпадкі (хворымі працягваюць лічыць 24 543 чалавекі);
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 597 013 тэстаў (11 948 за дзень).
14:13 5.6.2020

Беларусы менш ходзяць на працу і ў рэстарацыі, чым да каранавірусу, — Google

Сэрвіс Google Maps працягвае публікаваць дэталёвы аналіз паводзін карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Новая справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь. Паводле зьвестак на канец траўня, беларусы сталі ў параўнаньні са «звычайнымі паводзінамі» да пандэміі каранавірусу:

  • на 14% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі;
  • на 2% больш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі;
  • на 16% больш хадзіць у паркі і сквэры;
  • на 14% менш карыстацца грамадзкім транспартам;
  • на 19% менш знаходзіцца на працоўных месцах;
  • на 5% больш знаходзіцца дома.

Цалкам чытайце па спасылцы.

17:07 5.6.2020

Краіны Шэнгену не адчыняць межы да пачатку ліпеня


Краіны Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзіць большасьць дзяржаў Эўропы, падоўжаць забарону на ўезд для грамадзян трэціх краін, якая завяршаецца 15 чэрвеня. Гэта стала зразумела па выніках нарады міністраў унутраных спраў краін-членаў ЭЗ.

Забарона, якая распаўсюджваецца ў тым ліку і на грамадзян Беларусі, была ўведзеная ў сакавіку з нагоды эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі — уяжджаць у краіны Шэнгенскай зоны могуць толькі іншаземцы, якія маюць від жыхарства або пастаянны від на жыхарства.

Эўракамісія выступала за тое, каб да 15 чэрвеня ў сувязі са зьмякчэньнем карантынных мер адкрыць межы. Аднак большасьць краін-членаў ЭЗ заявілі, што яшчэ не гатовыя да гэтага.

Хутчэй за ўсё, на 15 чэрвеня не атрымаецца ў поўнай меры адкрыць мяжы паміж краінамі самой Шэнгенскай зоны. Многія дзяржавы ў разгар эпідэміі цалкам закрылі свае межы, іншыя ўвялі істотныя абмежаваньні.

У заяве члена Эўракамісіі Ільвы Ёхансан гаворыцца, што большасьць краін ЭЗ — за адкрыцьцё ўнутраных межаў да канца чэрвеня, аднак і гэтая дата пад пытаньнем.

21:21 5.6.2020

41 рубель. Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла платныя тэсты на COVID-19 перад выездам за мяжу

Міністэрства аховы здароўя Беларусі назвала 5 чэрвеня ў Telegram цэны на правядзеньне тэстаў на COVID-19, якія спатрэбяцца перад выездам за мяжу: 41,38 рубля для рэзыдэнтаў краіны і 56,63 для нерэзыдэнтаў.

Ахвочым зрабіць тэст трэба падаць ня толькі копію пашпарта, але і копіі квіткоў у краіны, куды чалавек зьбіраецца ехаць. Па завяршэньні тэсту абяцаюць выдаць вынікі на расейскай і ангельскай мовах. Цалкам чытайце па спасылцы.

21:23 5.6.2020

«Прыходзьце праз тры месяцы». Як мой каранавірус лячылі ў паліклініцы

Некалькі тыдняў таму мяне выпісалі зь лякарні на «амбуляторнае лячэньне COVID-19». І гэта аказалася яшчэ адной гісторыяй у стылі «чаканьне — рэальнасьць» — гісторыяй, поўнай маіх расчараваньняў і абыякавасьці з боку мэдыкаў, распавядае сваю «гісторыю хваробы» блогерка Наста Захарэвіч. Чытайце па спасылцы.

13:38 6.6.2020

Больш за 20 беларускіх мэдыкаў памерлі ад каранавірусу і пнэўманіі за час эпідэміі

Прынамсі 21 мэдычны супрацоўнік, што быў хворы на COVID-19 ці пнэўманію, памёр за два апошнія месяцы эпідэміі ў Беларусі. Зьвесткі пра ахвяр эпідэміі каранавірусу Свабода зьбірае ў праекце «Сьпіс памяці».

Толькі ў другой палове траўня памерлі шасьцёра мэдыкаў.

Больш за ўсё ахвяр эпідэміі сярод мэдыкаў вядома зь Віцебску (трое), Менску (трое) і Барысава (таксама трое). Прычым у Барысаве ўсе трое мэдыкаў працавалі ў адной установе — цэнтральным раённым шпіталі.

Сярод 21 мэдыка, пра сьмерць каго нам вядома цяпер, 17 мелі пацьверджаны тэст на каранавірус (у астатніх — двухбаковая пнэўманія і падазрэньне на каранавірус. — РС). Але не ўва ўсіх гэтых людзей у пасьведчаньні аб сьмерці было запісана пра каранавірус. Хоць Сусьветная арганізацыя здароўя тлумачыла выданьню Onliner, што да ахвяр COVID-19 варта адносіць усіх людзей, якія мелі пацьверджаны COVID-19, нават калі ў іх была дыягнаставаная нейкая хранічная хвароба.

Міністэрства аховы здароўя тым часам не распаўсюджвае інфармацыю пра мэдыкаў, якія памерлі ад каранавірусу. Яно спасылаецца на біяэтыку і лекарскую таямніцу.

Па афіцыйных зьвестках, у Беларусі за ўвесь час ад каранавірусу памерлі 259 чалавек. Гэта значыць, што мэдыкі складаюць амаль 10% ад усіх ахвяр эпідэміі.

13:40 6.6.2020

Міністэрства аховы здароўя: COVID-19 пайшоў на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях

Захворваньне на COVID-19 пайшло на зьніжэньне ў Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях, паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

«Менск ужо прайшоў верхавіну і ідзе на зьніжэньне. Менская і Віцебская вобласьці прайшлі дакладна гэтак жа. То бок фактычна 40-45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі. Калі пройдзе Берасьцейская вобласьць, у нас будзе бліжэй да 60%. Сёньня Берасьцейская вобласьць знаходзіцца на максымальным для вобласьці плято. Яшчэ нейкі час яна будзе знаходзіцца тут, потым пойдзе ўніз», — цытуе Богдан прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Паводле Алены Богдан, усе рэгіёны па-рознаму ўступалі ў гэты працэс. Пачыналася з Віцебска, потым далучыліся Менск і Менская вобласьць, затым Берасьцейская, практычна паралельна зь ёй пайшла Горадзенская, крыху з адставаньнем пачынае Гомельская вобласьць, і найменшыя паказчыкі сёньня ў Магілёўскай вобласьці.

13:52 6.6.2020

«Мы павінны перамагчы чатыры-пяць пандэмій». Лукашэнка ў Магілёве

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў Магілёве заявіў, што ў краіне паступова праблема каранавіруса адыходзіць, у тым ліку ў Магілёве сытуацыя цяпер складваецца цалкам шчасна.

Аляксандар Лукашэнка пачаў візыт у Магілёў з наведваньня Сьвята-Мікольскага жаночага манастыра, дзе ён паставіў сьвечкі, перадае БелТА.

«Пашанцавала магілёўцам у тым пляне, што нават калі ёсьць захворваньне, то ўжо ў лёгкай форме», — сказаў Лукашэнка.

Ён назваў правільным выбраны ў Беларусі шлях барацьбы з захворваньнем без уводу ўсеагульнага карантыну. Лукашэнка заклікаў людзей быць акуратнымі, выконваць неабходныя засьцярогі, больш праводзіць часу на сьвежым паветры.

«Мы павінны прыгожа прайсьці гэты пэрыяд і перамагчы чатыры-пяць пандэмій, якія сёньня блукаюць па нашай краіне — у галіне аховы здароўя, палітыкі, эканомікі, інфапандэмію. Мы іх пераадолеем. Не такія праблемы пераадольвалі», — сказаў Лукашэнка.

У манастыры кіраўніку краіны падарылі абраз, які абараняе ад ворагаў.

15:52 6.6.2020

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 6 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19

Паводле міністэрства, на 6 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 47 751 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 263 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 23015 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 883 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, а выпісалі 949 чалавекі;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 609 671 тэстаў (12 658 за дзень);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
17:35 6.6.2020

Пік пандэміі пройдзены?

Піша Юры Дракахруст.

Упершыню з пачатку пандэміі каранавірусу ў Беларусі на працягу чатырох дзён колькасьць новых выяўленых інфікаваных менш, чым колькасьць новых ачунялых і памерлых. Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, то гэта будзе азначаць, што пандэмія прайшла пік і ідзе на спад.

21:30 6.6.2020

Памёр вікарый Наваградзкай эпархіі ўладыка Пётр. У яго быў каранавірус

6 чэрвеня ў выніку цяжкай і працяглай хваробы, ускладненай каранавіруснай інфэкцыяй, памёр схіепіскап Дзятлаўскі Пётр, вікарый Наваградзкай эпархіі, паведамляе афіцыйны партал беларускай праваслаўнай царквы church.by.

Вікарыю быў 61 год. Ён нарадзіўся 5 студзеня 1959 году ў Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю. У 1992 годзе стаў эпіскапам Тураўскім і Мазырскім, з 2004 году быў прызначаны кіраўніком Бабруйскай эпархіяй, затым быў вікарыем Віцебскай эпархіі. З 2013 году ўладыка Пётр прызначаны эпіскапам Смаргонскім, вікарыем Наваградзкай эпархіі.

22:15 6.6.2020

Навіны, датычныя каранавірусу, за 6 чэрвеня

  • За дзень выявілі яшчэ 883 інфікаваных на COVID-19 і прызналі яшчэ 4 сьмерці, агулам 47 751 інфікаваных і 263 памерлых з пачатку пандэміі
  • Міністэрства здароўя: COVID-19 пайшоў на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях
  • Больш за 20 беларускіх мэдыкаў памерлі ад каранавірусу і пнэўманіі за час эпідэміі
  • «Мы павінны перамагчы чатыры-пяць пандэмій». Лукашэнка прыехаў у Магілёў
  • Памёр вікарый Наваградзкай эпархіі ўладыка Пётр. У яго быў каранавірус

14:31 7.6.2020

За суткі на каранавірус у Беларусі захварэлі 879 чалавек. Афіцыйная статыстыка

Па стане на 7 чэрвеня ў Беларусі 48 630 выпадкаў каранавірусу. За ўвесь час памерлі 269 пацыентаў.

Міністэрства аховы здароўя апублікавала статыстыку па хворых на каранавірус на 7 чэрвеня. Агульных выпадкаў – 48 630, за ўвесь час памерлі 269 пацыентаў. Прырост выпадкаў за суткі – 879 чалавек.

18:56 7.6.2020

У Расеі за суткі выяўлена амаль 9000 інфікаваных каранавірусам


У Расеі за апошнія суткі выяўлена 8984 выпадкі заражэньня каранавірусам, сьведчыць афіцыйная статыстыка. Зь іх толькі 1956 выпадкаў — у Маскве, якая да сярэдзіны траўня была асноўным месцам распаўсюджваньня хваробы.

Агульная колькасьць тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй у Расеі з пачатку эпідэміі вырасла да 467 673 чалавек. Амаль палова ўжо выздаравелі — 226 731 чалавек.

Памерлі, паводле афіцыйных дадзеных, крыху больш за 1 адсотка інфікаваных — 5859 хворых. Зь іх 134 за суткі.

09:41 8.6.2020

Дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў, што пасьля параду 9 траўня не было ўсплёску каранавірусу

Тэлеканал АНТ зрабіў спэцыяльны сюжэт, у якім спрабаваў зьняпраўдзіць «фэйкі» пра рост каранавірусу ў сувязі зь менскім парадам 9 траўня, не назваўшы пры гэтым ніводнага СМІ і ніводнай лічбы.

«Чамусьці ўсе адчайна маўчаць пра парад у Менску, — заявіў расейскі сацыёляг Ганчароў. — А напярэдадні ўся заходняя прэса і, на жаль, расейская, „клікушнічала“: „Лукашэнка вывеў людзей на вуліцы, праз 2 тыдні інкубацыйнага пэрыяду Беларусь „вымрэ“.

Нічога не адбылося — Беларусь жывейшая за ўсіх жывых. Эпідэмічныя паказьнікі там лепшыя, чым у Аўстрыі і Нямеччыне. Калі б самая малая вірусная ўспышка здарылася пасьля параду, мы б пра гэта чулі з кожнага праса».

Чытаць далей >>

12:24 8.6.2020

Каранавірус паскараецца. У сьвеце 7 млн выпадкаў, зь іх 2 млн — у ЗША

Распаўсюд новага каранавірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19, якую ён выклікае, не спыняецца. З пачатку году ў сьвеце зафіксавалі ўжо звыш 7 мільёнаў выпадкаў хваробы, памерлі прынамсі 406 тысяч чалавек. Агульная колькасьць выпадкаў новага каранавірусу ў ЗША перавысіла 2 мільёны.

Выпісалі здаровымі пасьля каранавірусу 3,462 млн чалавек, але хворымі застаюцца 3,224 млн, зь іх амаль 54 тысячы ў крытычным стане. Лекаў і вакцынаў ад новага каранавірусу ўсё яшчэ не знайшлі — ёсьць толькі пэрспэктыўныя экспэрымэнты, але не прэпараты з пацьверджанай эфэктыўнасьцю.

У пачатку чэрвеня штодзень выяўляюць да 130 тысяч новых выпадкаў, хоць вясной выяўлялі па 70–100 тысяч на дзень. Паводле даступных на момант публікацыі зьвестак, за 7 чэрвеня выявілі 113 тысяч выпадкаў: найбольшы прырост у Злучаных Штатах (18,9 тысячы), Бразыліі (18,3 тысячы), Індыі (10,8 тысячы), Расеі (9 тысяч) і Чылі (6,4 тысячы).

Колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень паступова спадае ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыне і іншых краінах, але толькі расьце ў Бразыліі, Індыі і іншых.

Больш статыстыкі >>

12:25 8.6.2020

Тэсты на каранавірус загадалі рабіць беларускім дзецям – «кантактам» 2-га ўзроўню

У рэдакцыю Tut.by трапіў новы загад Міністэрства здароўя Беларусі аб дапамозе хворым на COVID-19. Згодна з загадам, ад 15 чэрвеня ўстановы аховы здароўя абласнога ўзроўню зьбіраюцца паэтапна вяртаць у звычайны рэжым працы.

Што яшчэ мяняе загад:

  • У абласных лякарнях загадалі прадугледжваць магчымасьць асобнага аддзяленьня, якое будзе працаваць у рэжыме інфэкцыйнага стацыянару.
  • Абавязкова шпіталізаваць павінны хворых на пнэўманію і COVID-19 або падазрэньнем на каранавірус, пацыентаў з вострым рэсьпіраторным дыстрэс-сындромам і COVID-19.
  • Дыягназ COVID-19 выстаўляюць па адным ПЦР-тэсьце; пры кампутарнай тамаграфіі з «тыповай рэнтгеналягічнай сымптаматыкай» і клінічнай карціне з наступным станоўчым тэстам; паводле двух станоўчых тэстаў «сэралягічнай дыягностыкі» (гэта ў тым ліку экспрэс-тэсты на антыцелы) з інтэрвалам ня менш за дзень пры тыповай для COVID-19 клінічнай карціне.
  • Тэсты на каранавірус загадалі рабіць «кантактам» 1-га ўзроўню на 3-5-ы дзень пасьля кантакту і паўторна на 10–12 дзень (ПЦР) або на 13-ы дзень (тэст на антыцелы).
  • Тэсты будуць прызначаць «кантактам» 2-га ўзроўню ва ўзросьце да 10 гадоў.
12:27 8.6.2020

Міністэрства здароўя адмовілася апублікаваць штомесячную статыстыку сьмяротнасьці

На сайце Petitions.by апублікавалі адказ на зварот аб рэгулярнай публікацыі статыстыкі сьмяротнасьці ў Беларусі ў параўнаньні зь мінулым годам. Зварот за гэта падпісаў 431 чалавек.

Першы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч адказаў на гэта адмовай. Паводле яго:

  • Аналіз статыстыкі правядуць па заканчэньні эпідэміі, бо пакуль паказьнікі і мэтады іх аналізу даюць «ацэначныя меркаваньні».
  • Выбар пазначанай прычыны сьмерці адпавядае Міжнароднай статыстычнай клясыфікацыі хваробаў (беларускія мэдыкі і родзічы памерлых ня раз заяўлялі, што гэта ня так. — РС).
  • Больш спрыяльнае разьвіцьцё сытуацыі з COVID-19 у Беларусі ў параўнаньні з краінамі Эўропы тлумачыцца высокай забясьпечанасьцю мэдычнымі кадрамі, разьвітай матэрыяльна-тэхнічнай базай, высокай забясьпечанасьцю «ложкавым фондам», пунктамі доступу кіслароду і апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, дастатковым узроўнем лябараторнай дыягностыкі (у апытаньні Numbeo карыстальнікі паставілі беларукую сыстэму аховы здароўя на 25 з 36 месцаў у Эўропе. — РС).
  • Айчынныя прадпрыемствы вырабляюць у прыярытэтным парадку лекі, неабходныя інфікаваным (лекаў менавіта ад COVID-19 не існуе, хаця ад асобных сымптомаў існуюць, таксама праводзяцца тэсты пэрспэктыўных сродкаў. — РС), антыбактэрыяльных сродкаў, інфузійных раствораў, сродкаў для інтэнсіўнай тэрапіі.
  • Міністэрства здароўя «наладзіла пастаянную сувязь са СМІ для інфармаваньня грамадзянаў (прадстаўнікі міністэрства больш за паўтара месяца не праводзяць прэсавыя канфэрэнцыі і не кантактуюць зь недзяржаўнымі СМІ. — РС).
12:28 8.6.2020

«Мне вельмі крыўдна». Звальняюць фэльчара «хуткай» зь Ліды, які адседзеў «суткі» за стрым Ціханоўскага

Павал Палейчык лічыць, што прычынай гэтага стала яго палітычная актыўнасьць. Пасьля вызваленьня з «сутак» Павал вярнуўся да працы і некалькі тыдняў не меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленьне аб непрацягненьні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідзкай «хуткай» стане 9 ліпеня.

Што ён думае рабіць далей >>

12:44 8.6.2020

Прызналі яшчэ 7 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 8 чэрвеня

Паводле міністэрства аховы здароўя, на 8 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 49 453 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 276 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 23 880 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 823 выпадкі і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў (так шмат за дзень прызнавалі толькі аднойчы, 12 траўня), а выпісалі 233 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» перастала спадаць, зноў расьце ўжо другі дзень запар — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 25 297;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 632 993 тэсты (10 680 за дзень);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3 і 4 чэрвеня сталі выпісваць больш, чым выяўляць новых хворых.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG