Рэпрэсіі пашыраюцца і за межы Беларусі
У слуханьнях прыняла ўдзел дэлегацыя Каардынацыйнай рады Беларусі, прадстаўнік якой Павал Латушка заявіў, што рэпрэсіі ў Беларусі супраць тых, хто выехаў з краіны, не спыняюцца і нават пашыраюцца за мяжу:
«З пачатку году рэжымЛукашэнкі распачаў як мінімум 970 крымінальных справаў супраць беларусаў, якія жывуць пераважна ў Польшчы і Літве. Па-другое, тыя, хто вызвалены, насамрэч ня ёсьць свабоднымі. Іх вызваленьне абумоўлена прымусовым высланьнем зь Беларусі».
Латушка назваў сытуацыю з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі трагедыяй, якая працягвае разгортвацца на нашых вачах, нягледзячы на нядаўнія спробы рэжыму Лукашэнкі замаскаваць рэпрэсіі пад рэформы і мір.
«На сёньня агульная колькасьць палітычных зьняволеных складае 1201 чалавек. Пасьля так званага вызваленьня спадара Ціханоўскага колькасьць палітычных зьняволеных фактычна павялічылася на 18 чалавек. Проста кажучы: на кожных 9 вызваленых прыпадае 10 новых чалавек, кінутых за краты. Гэта канвэер рэпрэсіяў. Зьменаў у палітыцы няма».
ВыпадакМіколы Статкевіча Латушка назваў паказальным: ён сьведчыць, што перасьледаваныя асобы ня маюць сапраўднага выбару і маюць або пакінуць сваю краіну пад прымусам, або вярнуцца ў турму. Павал Латушка таксама нагадаў, што Літва ініцыявала расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі на падставе прынцыпу экстэрырарыяльнасьці, ды заклікаў іншыя краіны далучацца да літоўскай ініцыятывы:
«Менавіта ў гэты дзень, роўна год таму, урад Літвы зьвярнуўся ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду з просьбай расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя рэжымам Лукашэнкі. Зараз Офіс пракурора праводзіць папярэдні разгляд гэтай сытуацыі. Сёньня, як ніколі раней, падтрымка гэтага працэсу мае вырашальнае значэньне. Усе ахвяры маюць права на правасудзьдзе. Аднаўленьне іхных правоў — ня толькі юрыдычная неабходнасьць, але і наш агульны маральны абавязак».
Атмасфэра страху ў Беларусі
Дакладчык ПАРЭ аб сытуацыі ў Беларусі польскі дэпутат Рышард Пэтру згадаў, што пасьля вызваленьня некаторых вязьняў арышты ў краіне працягваюцца, уціск мэдыя і няўрадавых арганізацый не спыняецца, як і іншыя парушэньні нормаў і правоў чалавека, у краіне пануе атмасфэра страху і цэнзуры:
«Мы вітаем кожны крок, які аблягчае сытуацыю палітвязьняў, мы застаёмся салідарнымі зь іх сем’ямі, і мы працягваем дамагацца пераменаў дзеля вольнай Беларусі».
З асноўным дакладам на пасяджэньні выступіла былая беларуская палітзьняволеная Натальля Дуліна, колішняя выкладчыца італьянскай мовы менскага Лінгвістычнага ўнівэрсытэту.
Яна заявіла, што была пакараная двойчы — першы раз зьняволеньнем, другі раз вывазам з сваёй краіны, што рэпрэсіі ў краіне не спыніліся, пануе атмасфэра страху, людзі баяцца гаварыць. Дуліна заклікала працягваць палітыку ціску і санкцыяў супраць уладаў Расеі і Беларусі:
«Я хачу данесьці да ПАРЭ: пытаньне вызваленьня палітвязьняў вельмі важнае, але глябальна яно нічога не мяняе. Вядома, яно мяняе шмат для самых зьняволеных. Для нас іхнае жыцьцё й здароўе вельмі важныя. Я сама праз гэта прайшла і тое, што я кажу, можа падацца суб’ектыўным, але я маю на гэта права, бо гэта ня проста мае абстрактныя веды, — сказала Свабодзе Натальля Дуліна.— Праблема ў тым, што гэта бяздонная бочка, дна няма, і гэта ўсё зноў выліваецца і зноў напаўняецца. Выпускаючы пакрысе людзей пад ціскам, Лукашэнка „закрывае“ у турмах столькі ж, а можа і болей. Гэты канвэер цалкам не спыняецца.
Міжнародная супольнасьць павінна разумець, што тут пытаньне глябальнае, што Пуціна трэба спыняць, што вайну трэба спыняць. І пакуль няма знакаў гэтага. Украіна з апошніх сілаў будзе працягваць адстойваць сябе. І тут тое ж самае, бо Лукашэнка выконвае волю Пуціна. Трэба ж стварыць такія ўмовы, каб яны самі захацелі пайсьці на нейкія крокі. Патрэбныя санкцыі, тое, што ўлады сапраўды ня любяць».
Дакладчыца ПАРЭ заявіла пра ўнікальнасьць сытуацыі ў Беларусі
Дакладчыца ПАРЭ аб праблеме палітвязьняў Асадэ Руян Густафсан з Швэцыі ў сваім выступе як асабліва абуральны факт назвала выпадак зь Міколам Статкевічам, якога спрабавалі вывезьці зь Беларусі, а калі ён адмовіўся пакідаць краіну, то проста зьнік зь мяжы, і дакладнай інфармацыі аб ім няма дагэтуль.
У інтэрвію Свабодзе Асадэ Руян Густафсан нагадала, што палітычныя зьняволеныя ёсьць і ў іншых дзяржавах, ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Азэрбайджане, Грузіі... Але прызнала, што спэцыфіка Беларусі ў тым, што яна не ўваходзіць у Раду Эўропы, а значыць, беларусы ня маюць доступу да Эўрапейскага суду ў правах чалавека.
«Беларусь, вядома, гэта краіна, дзе ўжо шмат гадоў вельмі складаная сытуацыя. Яна была вельмі закрытай краінай шмат гадоў, яна не была часткаю міжнароднай супольнасьці, напрыклад, Рады Эўропы».
Асадэ Руян Густафсан прызнала, што ўлады Беларусі актыўна і ў вялікім маштабе выкарыстоўваюць рэжым інкамунікада для ізаляцыі палітычных зьняволеных і высланьня вызваленых зьняволеных за мяжу.
«Гэта ўнікальна, хоць у Расеі таксама былі выпадкі, калі некаторыя палітычныя зьняволеныя былі вывезеныя з краіны. Яны не хацелі пакідаць краіну, але іх змусілі зьехаць. У Турэччыне ёсьць прыклады рэжыму інкамунікада для палітвязьняў, напрыклад Абдулы Аджалана. Але Беларусь, безумоўна, вылучаецца колькасьцю, маштабам гэтых абмежаваньняў, калі нават блізкія ня ведаюць, ці жывы іхны родзіч. У Расеі былі выпадкі, калі палітычныя зьняволеныя з апазыцыі зьнікалі на некалькі тыдняў, калі іх перавозілі паміж турмамі, але, безумоўна, Беларусь ёсьць самым сур’ёзным прыкладам і вылучаецца ў многіх адносінах, у тым ліку колькасна».
Пра дапамогу Чырвонага Крыжа і санкцыі
Гаворачы пра Мікалая Статкевіча, Асадэ Руян Густафсан падкрэсьліла, што ў такіх выпадках заўсёды важна інфармаваць влнкавы сьвет пра сытуацыю і пра яе палітычны кантэкст. На жаль, Чырвоны Крыж часта ў такіх выпадках ня можа дапамагчы, ён мае вельмі спэцыфічны мандат, звычайна зьвязаны з канфліктамі, прызнала Асадэ Руян Густафсан:
«Праблема ў тым, што бяз згоды краіны, якая кіруе сыстэмай, гэта немагчыма. Таму такая арганізацыя, як Рада Эўропы, ня можа ўмяшацца і папрасіць Чырвоны Крыж зрабіць што-небудзь, каб спыніць інкамунікада і сьмерці палітвязьняў за кратамі, што і адбываецца ў Беларусі. Тым ня менш Рада Эўропы будзе надалей сачыць за сытуацыяй з палітвязьнямі ў Беларусі і дамагацца іх вызваленьня. Гэта частка маёй працы — пастаянны маніторынг сытуацыі ў розных краінах, і, вядома, Беларусь, дзе асабліва цяжкая сытуацыя, — адна зь дзяржаваў, за якімі я сачу і якія згадваю. І ў справаздачах, якія я маю падаць у рамках свайго мандату, я, вядома, буду згадваць Беларусь. Але ўважаю, што гэтаксама важна працягваць ціск на міжнародную супольнасьць, на ўрады дзяржаваў — чальцоў гэтай арганізацыі. Што да Беларусі, я думаю, што санкцыі — адзін з важных інструмэнтаў, нам трэба захаваць санкцыі і не паддавацца праз гэтую палітычную гульню, якая зараз адбываецца».
Кантакты з уладамі Беларусі для дакладчыцы ПАРЭ аб праблеме палітвязьняў па-ранейшаму немагчымыя.
Форум