Пра гэта ў камэнтары LRT паведаміў дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
7 кастрычніка тэлеканал LRT паведаміў, што Літва зьнізіла ўзровень фізычнай аховы Сьвятланы Ціханоўскай. Яна перадаецца ад Службы бясьпекі кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі.
Паводле Кучынскага, Офіс атрымаў апавяшчэньне 1 кастрычніка. Гэта запатрабавала адаптаваць працу каманды да новых рэалій.
«1 кастрычніка нам паведамілі аб заплянаваных зьменах у запэўненьні бясьпекі Сьвятланы Ціханоўскай у Літве. Мы хацелі б, каб рашэньне было абвешчана крыху раней. Паколькі тэрмін апавяшчэньня быў вельмі кароткім, у нас не было часу адаптаваць дзейнасьць офісу да гэтых зьменаў. У выніку нам прыйшлося часова прыпыніць дзейнасьць офісу», — заявіў ён.
Кучынскі паведаміў, што пазьней прадстаўнікі Офісу сустрэліся зь міністрам замежных справаў Кястуцісам Будрысам, які патлумачыў сутнасьць зьменаў і запэўніў, што стаўленьне Літвы да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі застаецца нязьменным.
«Міністар таксама пацьвердзіў, што Сьвятлана Ціханоўская застаецца афіцыйнай госьцяй ураду Літвы і ніякіх зьменаў у яе статусе не прадбачыцца. Пазыцыя Ціханоўскай як госьці літоўскай дзяржавы застаецца нязьменнай, і гэта адлюстроўвае яе статус дэ-факта абранага лідэра Беларусі», — дадаў Кучынскі дэталі размовы з Будрысам.
Кучынскі пры гэтым запэўніў, што Офіс давярае літоўскім службам бясьпекі і выведкі.
«Мы таксама падкрэсьліваем, што бясьпека — гэта не раскоша, а пытаньне выжываньня. Ахова Сьвятланы Ціханоўскай і яе каманды жыцьцёва важная ня толькі для яе бясьпекі, але і для далейшай эфэктыўнай працы беларускага дэмакратычнага прадстаўніцтва за мяжой», — дадаў ён.
Дарадца Ціханоўскай падкрэсьліў, што ў Офісе сур’ёзна занепакоеныя пагрозамі, якія застаюцца і ўзьнікаюць з боку Аляксандра Лукашэнкі і яго спэцслужбаў.
«Рэжым Лукашэнкі працягвае кампанію запалохваньня і рэпрэсіяў нават за межамі Беларусі — праз напады на абʼекты, якія належаць беларусам, уключаючы крамы, культурныя цэнтры і цэрквы ў Вільні; з дапамогай кампаніяў дэзынфармацыі, інсьпіраваных КДБ; з дапамогай пастаянных кібэратак і ўзлому тэлефонаў; а таксама праз пастаянныя пагрозы сьмерцю на адрас сябраў дэмакратычнага руху. Гэта не асобныя інцыдэнты, а частка мэтанакіраваных і скаардынаваных намаганьняў аслабіць беларускія дэмакратычныя сілы і запалохаць беларускую супольнасьць за мяжой», — сказаў ён.
Ён адзначыў, што каманда паспрабуе знайсьці магчымасьці забясьпечыць неабходную ахову і будзе прымаць рашэньні, заснаваныя на дэталёвай ацэнцы рызык.
Кучынскі падкрэсьліў, што ўсе фінансавыя рэсурсы, якія вылучаюцца на ахову, ішлі літоўскім установам на іх выдаткі. Ані С. Ціханоўская, ані яе каманда ніколі не прасілі прывілеяў, рашэньні аб выдатках прымалі службы адпаведна сваім пратаколам. Ён выказаў удзячнасьць за нязьменную падтрымку Літвой дэмакратычнай Беларусі цягам апошніх пяці гадоў.
Паводле Кучынскага, Офіс Ціханоўскай працуе сьціпла і эфэктыўна, яго рэсурсы абмежаваныя, офіс зазнае пастаянныя рызыкі і пагрозы, яго супрацоўнікі плацяць тыя ж падаткі, што і іншыя жыхары Літвы, ня маюць ніякіх фінансавых або падатковых ільготаў, заробкі ніжэйшыя за сярэднія ў краіне.
Прэм’ер-міністар ураду Літвы Інга Ругінене сьцьвярджае, што ўзровень фізычнай аховы лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай, якая жыве ў Літве, зьніжаны і скарэкціраваны з улікам бягучага ўзроўню пагроз:
«Ахова ня зьнятая. Захады бясьпекі падабраныя зыходзячы з узроўню пагроз. Службы выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія меры бясьпекі варта прымяняць на аснове гэтага. У Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць ахова, але яна скарэкціраваная з улікам бягучых рэалій», — заявіла Ругінене журналістам, піша Delfi.lt.
Пра тое, што Літва прыняла рашэньне скараціць фізычную ахову лідэра беларускай апазыцыі, у аўторак паведаміў партал LRT.lt.
Па дадзеных крыніц партала, ахова Ціханоўскай і спадарожныя атрыбуты абыходзяцца дзяржаве прыкладна ў 1 мільён эўра ў год: меркавана, у гэтую суму ўваходзіла кругласутачная фізычная ахова ў Літве і за мяжой, аўтамабілі для аховы, утрыманьне месца жыхарства, выкарыстаньне VIP-тэрміналаў у аэрапортах.
Форум