Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не трымайце нас за дурняў», — генэрал Келаг пра зьняцьцё часткі санкцыяў ЗША зь «Белавія»


Кіт Келаг і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 21 чэрвеня 2025
Кіт Келаг і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 21 чэрвеня 2025

Злучаныя Штаты зьнялі частку санкцыяў з авіякампаніі «Белавія» найперш зь меркаваньняў бясьпекі палётаў, а таксама каб пазбавіць улады Беларусі магчымасьці выкарыстоўваць самалёты для «гнюсных мэтаў».

Пра гэта на Варшаўскім форуме бясьпекі заявіў спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША генэрал Кіт Келаг, паведамляе партал «Люстэрка».

Келагу задалі пытаньне аб прычынах зьняцьця часткі санкцыяў зь беларускага нацыянальнага авіяперавозьніка, на што ён адказаў, што гэтае рашэньне «даволі простае»:

«Ідзецца пра авіякампанію, якая пераважна лётае на „Боінгах“ ці „Эйрбасах“. Яны хацелі б, каб іхныя самалёты ня падалі зь неба».

Паводле яго, Вашынгтон даў зразумець афіцыйнаму Менску, што гатовы пайсьці на саступкі, каб гарантаваць бясьпеку палётаў, але выставіў сустрэчныя ўмовы.

«Наш камэнтар у іхны адрас быў такім: „Прывядзіце ў парадак сваю авіякампанію, каб вы маглі лётаць на сваіх самалётах з дэталямі „Боінгу“, і мы здымем гэтыя санкцыі, гэтую іх частку. Але вы не павінны выкарыстоўваць іх у гнюсных мэтах“», — падкрэсьліў прадстаўнік Дональда Трампа.

У якасьці прыкладу «гнюсных мэтаў» Келаг прывёў перавязеньне мігрантаў у Беларусь для наступнай нелегальнай перапраўкі іх церазь мяжу ў ЭЗ, што, паводле яго, «часам адбываецца».

«Гэта нашае патрабаваньне як бы кажа: „ОК, мы бачым, што адбываецца, не трымайце нас за дурняў“», — дадаў генэрал.

11 верасьня намесьнік спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцыяў зь «Белавія». Пазьней Бюро прамысловасьці і бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў «Боінг», якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхнічнае абслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх дэталяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG