Чакаецца, што мільярдэр Андрэй Бабіш і ягоная папулісцкая партыя ANO перамогуць, імаверна, сфармаваўшы кааліцыю з маргінальнымі партыямі, якія падтрымліваюць палітыку Вугоршчыны й Славаччыны, піша карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк.
Прарасейская прапаганда праз TikTok паўплывала на кампанію, узмацняючы антысыстэмныя наратывы і падтрымку радыкальных партыяў. Многія чэскія выбарнікі, якія пойдуць да выбарчых скрыняў у выходныя, баяцца, што краіна можа збочыць з свайго праэўрапейскага шляху. А гэта пазбавіць аднаго з самых адданых прыхільнікаў Украіну, змаганьне якой супраць поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў доўжыцца амаль чатыры гады.
Большасьць апытаньняў паказваюць, што мільярдэр Бабіш і ягоная папулісцкая партыя ANO перамогуць на парлямэнцкіх выбарах 3–4 кастрычніка, атрымаўшы каля 30% галасоў. Гэта азначае, што Бабішу давядзецца фармаваць кааліцыйны ўрад з маргінальнымі партыямі, што наблізіць краіну да Вугоршчыны Віктара Орбана і Славаччыны Робэрта Фіцы ў пляне поглядаў на Ўкраіну, патэнцыйна спыніць дапамогу Кіеву і зьнізіць энтузіязм наконт сяброўства Чэхіі ў заходніх інстытутах.
Хоць Прага ў такім разе ня цалкам будзе падзяляць пазыцыю Масквы, яна будзе больш актыўна заяўляць пра неабходнасьць неадкладнага спыненьня вайны і імкненьня да міру — хутчэй за ўсё, на ўмовах Крамля. Варта чакаць і менш рэзкай рыторыкі ў адрас Кітаю.
Аналітык апытаньняў грамадзкай думкі і палітыкі Майкл Эшкрафт у сваім аналізе адзначыў, што чэхі могуць далучыцца да «трывожнай, з гледзішча Кіева, тэндэнцыі у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, прычым цяперашняя пазыцыя ўрадаў Вугоршчыны і Славаччыны і новага прэзыдэнта Польшчы значна менш схільная да абароны сувэрэнітэту Ўкраіны».
«Сярод наступстваў могуць быць ізаляцыя Ўкраіны ад заходнеэўрапейскіх партнэраў, парушэньне вайсковых паставак і далейшы раскол у альянсе», — дадаў ён.
Гэтак жа, як і ў Малдове, дзе перад выбарамі на мінулых выходных расейская дэзынфармацыйная кампанія спрабавала адвабіць выбарнікаў ад праэўрапейскіх партыяў, Крэмль спрабуе выкарыстаць зьніжэньне падтрымкі дапамогі Ўкраіне, што дапамагло Бабішу вярнуць сабе папулярнасьць.
Чэская дасьледчая група выявіла амаль 300 ананімных старонак у TikTok, накіраваных на пашырэньне прарасейскіх наратываў і падтрымку радыкальных партыяў у апошнія тыдні выбарчай кампаніі.
Цэнтар дасьледаваньняў онлайн-рызык заявіў 28 верасьня, што чэскія акаўнты ў TikTok зь мільёнамі падпісантаў «сыстэматычна распаўсюджваюць прарасейскую прапаганду і падтрымку антысыстэмных партыяў пры дапамозе маніпуляцыяў».
Цэнтар дадаў, што згаданыя старонкі не зьвязаныя зь нейкай адной палітычнай структурай, празь іх ідзе «cпалучаная падтрымка некалькіх антысыстэмных партыяў адначасова».
«Сумарны ахоп гэтых акаўнтаў складае ад 5 да 9 мільёнаў праглядаў на тыдзень, што больш, чым сумарная лічба праглядаў афіцыйных акаўнтаў лідэраў найбуйнейшых чэскіх палітычных партыяў у TikTok», — гаворыцца ў паведамленьні.
Выбар кааліцыі
Аналітыкі кажуць, што зараз галоўнае, на што трэба зьвярнуць увагу, — гэта якія партыі атрымаюць дастаткова галасоў, каб трапіць у парлямэнт, бо Бабішу для кіраваньня, падобна, спатрэбіцца кааліцыя.
Spolu («Разам»), альянс правацэнтрысцкіх партыяш, які ўключае Грамадзянскую дэмакратычную партыю (ODS) дзейнага прэм’ер-міністра Пэтэра Фіялы, мае ў апытаньнях каля 20% галасоў , у той час як іншыя партыі цяперашняга празаходняга кааліцыйнага ўраду STAN («Старасты і незалежныя») і Партыя піратаў, паводле прагнозаў, атрымаюць па 10-12%.
Усе гэтыя партыі заявілі, што не зацікаўленыя ў кааліцыі з ANO ці нават у падтрымцы яе галасамі для прыняцьця законаў аднапартыйным урадам меншасьці.
Але гэта перадвыбарчыя размовы, пасьля выбараў тон можа зьмяніцца, асабліва на падчас росту асьцярог, што больш радыкальныя кааліцыйныя альтэрнатывы могуць сарваць празаходні курс Чэскай Рэспублікі. Як малодшыя партнэры ў кааліцыі, яны могуць запатрабаваць ключавых пасадаў у Міністэрстве замежных справаў і Міністэрстве абароны.
Акрамя таго, у цяперашнім урадзе ёсьць фракцыі, асабліва ў ODS, якія падзяляюць палітычныя пазыцыі ANO — яны адданыя NATO, але слабей падтрымліваюць сяброўства ў ЭЗ і выступаюць супраць прыняцьця эўра і палітыкі Брусэлю, такой як абавязковыя квоты на ўцекачоў і «зялёная ўгода».
Але гэтая цэнтральнаэўрапейская краіна можа радыкальна зьмяніцца і тады, калі Бабіш аб’яднаецца зь якой-хаця зь цяперашніх апазыцыйных партыяў, больш радыкальнай за ANO. Гэта ультраправая SPD, якая набірае ў апытаньнях больш за 10% галасоў, а таксама меншая ультраправая партыя AUTO («Аўтамабілісты за сябе») і ультралевая Stačilo! («Досыць!»): абедзьве, як чакаецца, пераадолеюць бар’ер у 5%, патрэбны, каб трапіць у парлямэнт.
Кіраваньне разам з кожнай зь іх, падобна, прывядзе да рэальнага збліжэньня з Орбанам і Фіцам, якія абодва крытычна ставяцца да дапамогі Ўкраіне і знаходзяцца ў авангардзе краін Эўропы, якія працягваюць закупляць расейскія нафту і прыродны газ, нягледзячы на поўнамаштабнае ўварваньне Масквы ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Ключавой фігурай у падзеях пасьля выбараў будзе празаходні прэзыдэнт Пэтр Павэл, які адыгрывае ролю ў фармаваньні ўраду, а таксама ў замежнай палітыцы агулам.
Павэл, былы высокапастаўлены генэрал NATO, даў зразумець, што не дапусьціць стварэньня ўраду, які занадта адыдзе ад заходняга курсу.
Неадменны
Бабіш быў пастаянным удзельнікам чэскай палітыкі апошнія 15 гадоў, спачатку займаючы пасаду міністра фінансаў і віцэ-прэм’ера, кіраваў урадам з 2017 па 2021 год, а таксама спрабаваў стаць прэзыдэнтам, але быў пераможаны Павэлам на выбарах 2023 году.
Ён адзін з найбагацейшых людзей краіны, мае значныя долі ў аграбізнэсе і мэдыя, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці праз судовыя спрэчкі і абвінавачаньні ў канфлікце інтарэсаў і ў махлярстве з субсыдыямі ЭЗ.
Аднак многія лічаць, што менавіта яго бізнэс-інтарэсы могуць утрымаць яго, а значыць і Чэхію, на Захадзе, бо добрыя адносіны паміж Чэхіяй і Францыяй, Нямеччынай і Аўстрыяй, а таксама пастаянны прыток сродкаў зь сельскагаспадарчых фондаў і фондаў ЭЗ важнейшыя за ўсё, што могуць прапанаваць Пэкін і Масква.
Апошнімі гадамі Бабіш абраў больш папулісцкі курс і быў адным з стваральнікаў найбуйнейшых папулісцкіх сілаў на кантынэнце — «Патрыёты Эўропы», палітычнай сям’і, якая складаецца таксама зь FIDESZ Орбана, «Нацыянальнага аб’яднаньня Францыі» Марын Лё Пэн, гішпанскай Vox і аўстрыйскай «Партыі свабоды». Ён таксама выказваў падтрымку партыі Smer Фіцы, хоць тыя фармальна не ўваходзяць у альянс «Патрыёты Эўропы».
Аб’яднаўшыся супраць усяго, што зьвязана з Брусэлем, экалягічным рухам і іміграцыяй, яны таксама знайшлі б сымпатыю па-за межамі Цэнтральнай Эўропы, бо правыя папулісты розных адценьняў набіраюць абароты або знаходзяцца ва ўладзе ў многіх іншых заходніх сталіцах.
Форум