Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у «ПіКу Свабоды» адказаў, ці можна праблемы беларусаў у дыяспары, падобныя да праблемы сям’і Ваданосавых, вырашаць ўнівэрсальным чынам — зьменамі эўрапейскага заканадаўства.
Прызначаная на панядзелак 6 кастрычніка дэпартацыя Нэлі Ваданосавай з Польшчы ў Літву не адбудзецца. Маці музыкі і вядоўцы Кацярыны Ваданосавай хацелі адправіць у Літву, бо яна ўехала ў Эўразьвяз зь літоўскай візай, а падала заяву на міжнародную абарону ў Польшчы.
— Не даводзіцца чакаць, што Дублінскае пагадненьне будуць перапісваць пад беларускі выпадак, нават нягледзячы на тое, што можна казаць пра сотні пацярпелых ад бюракратычных прагалаў, якія не ўлічваюць асаблівасьці беларускай сытуацыі. Сотні выпадкаў, нават, напэўна, тысячы выпадкаў будзе недастаткова, каб паставіць на аагульнаэўрапейскім узроўні пытаньне аб карэкцыі Дублінскай дамовы.
Так ужо было зь беларускай праблемай пашпартоў, калі Лукашэнка забараніў выдаваць новыя пашпарты ў амбасадах. Адным з рашэньняў магло быць прызнаньне «пашпарта новай Беларусі» або нейкага аналягу «нансэнаўскіх» пашпартоў, якія выдавалі ўцекачам з Расейскай імпэрыі пасьля 1917 году. Нічога гэтага ня здарылася. Аднак знайшліся нацыянальныя мэханізмы вырашэньня гэтай праблемы. І, дарэчы, Польшча паказала, што яны існуюць.
А калі заходзіць гаворка пра такія індывідуальныя выпадкі, як справа Ваданосавых, то, па-першае, ёсьць суд, які часта можа прыняць спрыяльнае рашэньне. Гэта агульнаэўрапейскае правіла, што суды могуць прымаць рашэньні зыходзячы з індывідуальных абставінаў, а ня толькі кіруючыся сухой літарай закону. Нашая постсавецкая юрыдычная традыцыя выхоўвала юрыстаў, судзьдзяў, пракурораў і адвакатаў у такім духу, што ніякіх індывідуальных абставінаў быць не павінна. Хоць нават у нашым беларускім заканадаўстве запісана, што суд прымае рашэньне з улікам абставінаў справы. У Польшчы суды часта карыстаюцца гэтым прынцыпам.
Па-другое, Дублінская дамова прадугледжвае выключэньні, у прыватнасьці, магчымасьць атрымліваць прытулак не ў краіне, якая выдала вам візу, а ў іншай, дзе ў вас блізкія сваякі. Калі нейкі бюракрат гэтага не заўважыў, то можна абскардзіць ягонае рашэньне, і часта гэта працуе.
Ну і, нарэшце, па-трэцяе, ёсьць беларускія дэмакратычныя сілы і іх лабісцкі рэсурс. Мы ўсё ж такі знаходзімся ў краінах, дзе ў Паўла Латушкі і ў Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць сурʼёзны ўзровень палітычных кантактаў, які дазваляе прабіваць падобныя рашэньні.
Напрыклад, вывезьлі 51 вызваленага палітвязьня ў Літву. Некалькіх з іх, выявілася, можна перавезьці ў Польшчу, нягледзячы на патрабаваньне Дублінскага пагадненьня, хоць першасныя візы ім дала Літва. Нядаўна дэмакратычныя сілы з гонарам заявілі, што дамагліся, каб 13 чалавек з гэтых былых палітвязьняў змаглі пераехаць жыць у Польшчу. Мэханізмы ёсьць, проста трэба не маўчаць, а ў добрым сэнсе падымаць шум , як гэта зрабіла сямʼя Ваданосавых, і дамагацца абароны сваіх правоў і інтарэсаў. І бюракратыя гэты шум чуе і на яго рэагуе.
Але ў цэлым у Польшчы для беларусаў зараз ускладняюцца працэдуры легалізацыі. У краіне жорсткая палітычная барацьба, ідзе канкурэнцыя за тое, хто большы патрыёт, абаронца інтарэсаў Польшчы. Ну і праблема імігрантаў як пагрозы гэтым інтарэсам традыцыйна была вострай. 2020 год усё далей адыходзіць у мінулае, сантымэнт у адносінах да беларусаў слабее, менш жаданьня вывесьці іх з-пад жорнаў бюракратычнай машыны барацьбы зь нелегальнай міграцыяй. Беларусы часта трапляюць пад гарачую руку польскай палітычнай барацьбы.
Польскі высокі начальнік хоча паказаць, што ён, у адрозьненьне ад папярэдніка — палітычнага апанэнта, па-сапраўднаму абараняе бясьпеку Польшчы ад усіх нелегальных мігрантаў. І ён спускае ўніз інструкцыі ўзмацніць жорсткасьць правілаў. А ўнізе іх проста выконваюць.
Гэты імпульс можа быць увогуле ніяк не зьвязаны з беларусамі, з стаўленьнем да іх. Гэта можа быць выклікана, напрыклад, стаўленьнем да ўкраінцаў. А беларусы проста трапляюць пад раздачу. Яшчэ пару гадоў таму такіх праблемаў ці не было ўвогуле, ці было значна менш.
Форум