Аднак няма ані Вітаўта, ані Каліноўскага, ані Касьцюшкі, ані Алексіевіч, ані Быкава. Якое значэньне мае стварэньне гэтага пантэону?
Свой адказ у «ПіКу Свабоды» даў гісторык і грамадзкі дзяяч Цімох Акудовіч.
— Гэта відавочна палітычнае рашэньне — зрабіць пантэон герояў максымальна ўсходне-вэктарным, адрэзаўшы заходні вэктар разьвіцьця Беларусі і відавочна прыбраўшы ўсіх сучасных апазыцыйных герояў, людзей, якія пасьпелі пры жыцьці выказацца супраць сучаснай улады. Пры гэтым я б адзначыў, што тут напэўна ёсьць крок наперад.
Раней прарасейскія сілы спрабавалі ствараць беларускі пантэон, у які ўваходзілі спрэс постаці кшталту Суворава, Аляксандра II і Мураўёва. Мне падаецца, тут атрымалася першая спроба стварыць хоць і ўсходні, але чыста беларускі пантэон. Таму гэта спроба цікавая, але яна відавочна аднабаковая і відавочна вельмі моцна палітызаваная.
У цяперашнім пантэоне ёсьць рэлігійныя дзеячы, хоць да іх акурат найбольш пытаньняў, бо няма каталіцкіх, ёсьць толькі праваслаўныя і досыць эксцэнтрычныя, там Каніскі і Сямашка. Мне падаецца, у савецкія часы столькі асобаў у прынцыпе цяжка было б нашкрэбці, бо пантэон у прынцыпе не быў разьвіты. Усё-такі нават цяперашні пантэон — гэта вынік нейкай працы, асэнсаваньня беларускага грамадзтва. Проста, яшчэ раз паўтаруся, у гэтым асэнсаваньні адкінулі добрую палову, якую напрацавала грамадзтва за апошнія 30 гадоў, і пакінулі толькі гэтую нэўтральную ўсходнюю, што, вядома, мінус.
А чаму ўлады менавіта зараз узяліся за стварэньне гэтага пантэону? Такога, які ён ёсьць — усходневэктарнага, як сказаў, Цімох, але беларускага? На гэтае пытаньне ў «ПіКу Свабоды» адказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— Па-першае, калі базава адказваць на гэтае пытаньне — таму што ў нас усё ж такі беларуская дыктатура. То бок я разумею, што ёсьць розныя варыянты беларускай дыктатуры. Яна магла б быць у вобразе Зянона Станіслававіча ў альтэрнатыўнай рэальнасьці, але і нашая рэальная дыктатура — гэта не расейская акупацыйная адміністрацыя.
І таму, як для ўсякай дыктатуры пэўнай краіны, важна мець пантэон герояў, якія не замахваюцца на канцэпт гэтай дыктатуры, але і гэтай дзяржавы. І таму мець сярод герояў людзей, якія актыўна душылі імкненьне беларускага народа да сувэрэнітэту, было б недарэчна нават для гэтага прарасейскага рэжыму. Таму, з выняткам некалькіх адыёзных прапагандыстаў, у адкрытае антыбеларускае чарнасоценства ўлада ўсё ж не ішла. Імёнамі некаторых дзеячоў, якія мэтанакіравана душылі ўсё беларускае, у Беларусі названыя вуліцы, але ў пантэон, у «шорт-ліст герояў», так бы мовіць, падобных пэрсанажаў ня ўнесьлі. Стварэньне пантэону — этап, працяг чарговай спробы стварэньня дзяржаўнай ідэалёгіі. Папярэднімі этапамі былі кампанія за прызнаньне генацыду беларускага народу ў Другой усясьветнай вайне і абвяшчэньне 17 верасьня новым сьвятам — днём народнага адзінства.
Нацыянальны, дзяржаўны наратыў мае патрэбу ў гістарычным наратыве. І ў 2022 годзе ўлада прыйшла да высновы, што калі яна ня будзе будаваць гэты свой гістарычны наратыў, яго пабудуе ў Беларусі Расея. Утварыўся вакуўм, які вызваліўся ў выніку «зачысткі» Каліноўскага, Касьцюшкі і іншых нацыянальных герояў, блізкіх нашай частцы грамадзтва. Калі не запоўніць гэты вакуўм сваім, ён будзе запоўнены расейскім фашызмам. І таму ў ідэі ўласнага ідэалягічнага адасабленьня зьявілася другое дыханьне.
Яно ня можа быць антырасейскім з зразумелых прычынаў, яно ня можа быць пранацыянальна-беларускім, яно ня можа ўтрымліваць сымпатыі да Польшчы, бо Польшча для цяперашняй улады — гэта вораг. Яно ня можа быць антысавецкім ні ў якім разе, бо гэта важны слуп легітымнасьці й ідэалёгіі гэтага рэжыму. Але пры гэтым заяўка на пэўнае ўсё ж адасабленьне.
Мы бачым працу ў гэтым кірунку ня толькі ў гістарычнай сфэры. Улады прынялі ў пачатку году дырэктыву аб актывізацыі ідэалягічнай працы, аб тым, што і ў прыватных кампаніях павінны зьявіцца ідэолягі. Была моцна інтэнсыфікаваная ідэалягічная работа ў школах, стварылі цэлую сетку патрыятычных лягераў для дзяцей. То бок гэтая праца ідзе на ўсіх франтах.
Актывізацыя працы ў гістарычнай сфэры, як мне здаецца, гэта частка большага трэнду, у які можа быць упісаны культ асобы Лукашэнкі. І гэта заяўка на тое, што ў беларускай дзяржавы ёсьць сваё чучхэ.
Форум