Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікерка Палаты дэпутатаў Францыі ўзяла апякунства над беларускай палітзьняволенай


Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Нацыянальнай асамблеі Францыі Яэль Брон-Півэ і старшыня парлямэнцкай групы сяброўства зь Беларусьсю Фрэдэрык Пэці
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Нацыянальнай асамблеі Францыі Яэль Брон-Півэ і старшыня парлямэнцкай групы сяброўства зь Беларусьсю Фрэдэрык Пэці

6–7 кастрычніка ў Парыжы прайшла 3-я сустрэча міжпарлямэнцкага Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». У ёй узялі ўдзел 14 дэпутацкіх групаў, а таксама палітыкі Францыі і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Сустрэчу арганізавалі Нацыянальная Асамблея Францыі і Офіс лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. На адкрыцьці Ціханоўская высока ацаніла ролю Францыі ў абʼяднанай Эўропе і яе дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі.

«Голас Францыі ў Эўропе гучыць моцна і выразна. Вы абараняеце Эўрапейскі Зьвяз ад ціску дыктатараў і цынізму „рэальнай палітыкі“», — заявіла Ціханоўская.

З партрэтамі палітвязьняў — старшыня групы сяброўства парлямэнту Францыі зь Беларусьсю Фрэдэрык Пэці, Сяргей Ціханоўскі, амбасадарка Францыі й спэцыяльная пасланьніца для Беларусі Віялен Білет дэ Вільмёр
З партрэтамі палітвязьняў — старшыня групы сяброўства парлямэнту Францыі зь Беларусьсю Фрэдэрык Пэці, Сяргей Ціханоўскі, амбасадарка Францыі й спэцыяльная пасланьніца для Беларусі Віялен Білет дэ Вільмёр

Сьпікерка Палаты дэпутатаў Францыі Яэль Брон-Півэ паведаміла, што на знак салідарнасьці зь беларусамі, якія змагаюцца за дэмакратыю ў сваёй краіне, бярэ апякунства над адной з палітычных зьняволеных. Гэтую ініцыятыву падтрымалі яшчэ 15 францускіх дэпутатаў.

Удзельнікаў сустрэчы вітаў міністар замежных справаў Францыі Жан-Наэль Баро. Ён падкрэсьліў, што пазыцыя ягонай краіны застанецца нязьменнай, пакуль Менск ня спыніць рэпрэсіі:

«Мы заклікаем Менск вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Дазволіць тым, хто пазбаўлены сваіх правоў, падтрымліваць сувязь з сваякамі і атрымліваць належную мэдычную дапамогу», — заявіў Жан-Наэль Баро.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі, шляхі да іх вызваленьня, згадалі пратэсты ў Беларусі, якія прайшлі 5 гадоў таму.

Беларускі палітык Анатоль Лябедзька застаўся задаволены вынікамі:

«Быў прыняты дакумэнт, які атрымаў назву „Парыскі мэмарандум“. Гэта сьпіс захадаў, якіх беларуская дэмакратычная супольнасьць чакае ад эўрапейскіх дэпутатаў і палітыкаў.

Таксама для сяброў Альянсу мы прапанавалі „палітычны каляндар“ — 10 датаў (як Дзень волі, Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі), адзначыць якія мы запрашаем нашых сяброў.

І трэці важны пункт — мы абмеркавалі захады, якія будзем праводзіць сумесна. Сярод такіх плянаў — кангрэс хросных палітвязьняў. Ёсьць ідэя сустрэцца, паказаць лепшыя прыклады, разам падумаць, як зрабіць апякунства больш карысным», — апавёў Свабодзе прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька на сустрэчы Альянсу
Анатоль Лябедзька на сустрэчы Альянсу

Дэпутацкія групы «За дэмакратычную Беларусь» дзейнічаюць у 20 парлямэнтах Эўропы і разам з 4 іншымі арганізацыямі ўваходзяць у Альянс, які цяпер абʼядноўвае больш за 300 парлямэнтароў.

Першая сустрэча сяброў Альянсу адбылася ў Бэрліне ў 2023 годзе, другая — у сакавіку 2025 году ў Рыме. Паводле Анатоля Лябедзькі, чацьвётая сустрэча можа адбыцца налета ў адной з скандынаўскіх краін.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG