Дагэтуль абставіны яго паездкі ў Турэччыну застаюцца невядомымі. Няма таксама дакладнай інфармацыі пра лёс былой старшыні Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, зьвесткі пра зьнікненьне якой зьявіліся яшчэ ў сакавіку. Адна з вэрсіяў — выкраданьне ўладамі Беларусі, але пацьвердзіць яе дагэтуль так і не ўдалося.
Напружаньня тэме бясьпекі актывістаў за мяжой дадала інфармацыя пра скарачэньне аховы лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай у Літве. Прадстаўнікі Офісу пакуль ня могуць адказаць, што канкрэтна зьменіцца. Але крыніцы Свабоды расказалі, што Офіс Ціханоўскай паінфармаваў пра гэта прадстаўнікоў урадаў заходніх краін. Паводле крыніц Свабоды, у паведамленьні ад імя Офісу сярод іншага гаворыцца, што ў выніку зьніжэньня ўзроўню аховы Сьвятлана Ціханоўская засталася без асабістай аховы; была таксама зьнятая ахова штаб-кватэры ў Вільні, Ціханоўскую таксама папярэдзілі, што цягам двух-трох тыдняў ёй належыць пакінуць жыльлё, дзе яна была пад аховай апошнія пяць гадоў.
Ці адчуваюць сябе беларусы, вымушаныя пакінуць радзіму, у бясьпецы ў іншых краінах і ці зьнікненьні Мельнікавай і Котава не далі падставы больш хвалявацца? Пра гэта Свабода запыталася ў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Паўла Латушкі, былога намесьніка камандзіра палку Каліноўскага, а цяпер прадстаўніка ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце Вадзіма Кабанчука, вядомай журналісткі, рэдактаркі выданьня Plan B Вольгі Лойкі і прадстаўніка BelPol Уладзімера Жыгара.
Уладзімер Жыгар: «Такая пэрсона, як сьпікерка Каардынацыйнай рады, не магла не разумець ступені пагрозы»
Прадстаўнік арганізацыі BelPol Уладзімер Жыгар упэўнена сьцьвярджае, што, безумоўна, ён пачуваецца ў бясьпецы.
«Калі выконваць пэўныя захады бясьпекі, старацца максымальна часта мяняць месца жыхарства, не апавядаць абы-каму, дзе ты жывеш, не публікаваць у сацыяльных сетках фатаграфіі зь месца жыхарства, можна адчуваць сябе бясьпечна. Я пачуваюся ў бясьпецы яшчэ і таму, што нейкую долю маёй бясьпекі запэўніваюць і адмысловыя органы Польшчы», — кажа Ўладзімер Жыгар.
Што да гісторыяў зьнікненьня беларускіх апазыцыянэраў Анжалікі Мельнікавай, Анатоля Котава, то тут была ня столькі вонкавая пагроза, колькі памылкі саміх людзей, лічыць Жыгар.
«Усім вядома, што Турэччына — краіна небясьпечная для беларусаў. Аднак чалавек [Котаў] туды едзе. Мала таго, што ён раней працаваў на дзяржаўнай службе ў Лукашэнкі, дык быў асуджаны на вялікі тэрмін у Беларусі! Прычым у Турэччыну ён паехаў ня першы раз.
Тое самае і зь Верамейчыкам [былы баец палку Каліноўскага, затрыманы ў 2024 годзе ў Віетнаме і перададзены Беларусі]. Ён быў сябрам Каардынацыйнай рады, і ўсе ведалі, што ён знаходзіцца ў Віетнаме. Пра гэта ведалі і ў Беларусі. І як яго адтуль дастаць — гэта ўжо справа тэхнікі», — мяркуе Ўладзімер Жыгар.
Калі казаць пра сьпікерку Каардынацыйнай Рады Анжаліку Мельнікаву, у яе гісторыі ёсьць дастаткова цёмных плямаў, лічыць прадстаўнік BelPol, і яны не даюць адназначнага адказу, зь якой прычыны яна выехала з Шэнгенскай зоны ў краіну, якая нясе пагрозу для беларусаў.
«Анжаліка Мельнікава — публічная асоба. І такая пэрсона, як сьпікерка Каардынацыйнай рады, не магла не разумець ступені пагрозы.
Тое самае думаю я пра людзей, якія езьдзяць у Беларусь, хоць яны ўсьведамляюць, што могуць там трапіць пад рэпрэсіі. Тут пытаньні да самых людзей. Хоць ёсьць людзі, якіх удалося ўгаварыць з дапамогай шантажу спэцслужбам Лукашэнкі і яны вярнуліся ў Беларусь, думаючы, што ім усё даруюць», — разважае Ўладзімер Жыгар.
Вадзім Кабанчук: «Расслабляцца нельга, трэба прымаць захады засьцярогі»
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне Вадзім Кабанчук зараз ва Ўкраіне, дзе ідзе поўнамаштабная вайна, і таму пытаньні бясьпекі ўспрымае ў крыху іншым ракурсе.
«Што да асабістай бясьпекі, у мяне не зьявілася адчуваньня большай пагрозы, бо я ня першы год у дэмакратычным руху і ўжо 11 гадоў жыву ва Ўкраіне, дзе цяпер ідзе вайна. Што да помсты спэцслужбаў Беларусі, то ім ва Ўкраіне ня так проста дзейнічаць ва ўмовах вайны, іх тут абрубаюць эфэктыўна, і калі што — абрубяць яшчэ раз. Гэта паказаў 2022 год», — перакананы Вадзім Кабанчук.
А вось выпадкі Мельнікавай і Котава яму паказваюць, што ўсе беларусы па-за межамі краіны зараз фактычна знаходзяцца ва ўмовах вайны з рэжымам, а ня нейкіх дэмакратычных працэдураў.
«На жаль, гэта вельмі невыгодныя і нязручныя ўмовы для беларускіх дэмакратычных сілаў, бо фактычна ў кожную іх структуру можа прыйсьці хто заўгодна і заняць якую-хаця пасаду. Гэта можа быць або чалавек з спэцслужбаў, або чалавек, выкарыстаны гэтымі службамі. І што гэтую сытуацыю трэба мяняць — для мяне гэта відавочна.
Мы павінны памятаць, што нам процістаяць спэцслужбы дзяржавы, якія стала і шчодра фінансуюцца, у іх працуюць тысячы людзей, і іхная задача — „распрацоўка“ лідэраў апазыцыі, шараговых сяброў апазыцыі. Таму расслабляцца нельга, трэба прымаць захады засьцярогі. Але трэба ведаць „залатую сярэдзіну“, каб ня ўпасьці ў параною», — мяркуе Вадзім Кабанчук.
Вольга Лойка: «Гісторыя зьнікненьня Мельнікавай і Котава — гэта modus operandi»
Галоўная рэдактарка выданьня Plan B, вядомая беларуская журналістка Вольга Лойка сьцьвярджае, што пачуваецца ў бясьпецы, але разумее рызыкі.
«Розумам я асэнсоўваю, што я не ў бясьпецы. І вось гэтая дваістасьць мяне трымае ў тонусе: на побытавым, штодзённым узроўні я часта лаўлю сябе на думцы, што пачуваюся камфортна ў пляне бясьпекі. Але пастаянна сябе асаджаю, бо разумею, што адбываюцца і будуць адбывацца атакі на самых розных людзей.
І спробы пераканаць сябе — а на фіга я рэжыму, я ж не Латушка, не Ціханоўская — цьвярэзяць. Бо пад пагрозай могуць апынуцца ня толькі першыя асобы. Для запалохваньня дыяспары, актывістаў прыдатныя людзі, да якіх дацягнуцца значна прасьцей, чым да Латушкі і Ціханоўскай. Таму я мозгам кантралюю сябе пільна, каб занадта моцна не расслабляцца. Зь іншага боку, магчымасьцяў узмацніць сваю бясьпеку ў мяне няшмат», — канстатуе Вольга.
Што да гісторыящ зьнікненьня Мельнікавай і Котава, Вольга Лойка мяркуе, што тут цяжка даць ацэнку, бо гісторыі складаныя і шматфактарныя.
«Я ня ведаю, што здарылася з гэтымі людзьмі, не хачу выстройваць гіпотэзы, бо гэтыя людзі могуць быць фізычна ў небясьпецы. Адна рэч, калі мы разважаем, што чалавек сам вінаваты, калі ён нагу падвярнуў, іншая рэч — калі зь ім бяда здарылася. Для мяне гэта гісторыя modus operandi: некалі НКВД, а цяпер сучасныя расейскія спэцслужбы актыўна выкарыстоўвалі пэўныя спосабы дзеяньня ў дачыненьні да сваіх праціўнікаў, асабліва тых, каго яны лічылі здраднікам», — кажа Вольга.
Яна прызнаецца, што мае правілы асабістай бясьпекі, але ня можа сказаць, што яны моцна зьмяніліся пасьля зьнікненьня, да прыкладу, Анатоля Котава.
«У Турэччыну я не паехала б дакладна, бо маю статус „тэрарыста“. Дзякуй дзяржаве, яна паказала мне, што з паездкамі туды ня варта жартаваць. То бок Эгіпет, Турэччына, Віетнам — не. Акрамя Эўразьвязу, ды яшчэ Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, я нікуды не паеду.
Статус „тэрарыста“ не дае падумаць: а раптам мною зусім не цікавяцца? Гэтая спакуса хутчэй будзе ў тых, хто публічна нідзе не выступае. Але ім трэба разумець, што яны таксама ў небясьпецы. Умоўна кажучы, можа быць пэрсанальнае паляваньне на кагосьці з топавых, а можа быць пастка на таго, хто выпадкова трапіць — Котаў ці нехта яшчэ. Таму я раіла б быць пільным — беларусы ўсім патрэбныя», — кажа Вольга Лойка.
Павал Латушка: «Мы ня можам стварыць контравыведку на тэрыторыі іншай краіны»
На думку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушкі, многія з прадстаўнікоў і актывістаў дэмакратычных сілаў Беларусі ня могуць пачувацца бясьпечна. Зьвязана гэта з мэтанакіраванай, сыстэмнай, маштабнай палітыкай, якую вядзе Лукашэнка, выкарыстоўваючы спэцслужбы для экстэрытарыяльнага перасьледу беларусаў па-за межамі краіны.
Лукашэнка шмат разоў публічна выказваў пагрозы фізычнага характару Паўлу Латушку. Нацыянальная пракуратура Польшчы расьсьледуе крымінальную справу, у якой Латушка праходзіць як ахвяра, на яго быў напад і ў Варшаўскім унівэрсытэце.
«Некалькі разоў мяне інфармавалі спэцслужбы Польшчы, што ім удалося перадухіліць дзеяньні спэцслужбаў рэжыму Беларусі. Калі падлічыць, колькі я атрымаў пагрозаў праз сацыяльныя сеткі, электронную пошту, ад „пасланцоў“, — гэта ня менш за 160 пагрозаў», — сьцьвярджае Павал Латушка.
Ён кажа, што пасьля зьнікненьня сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай і Анатоля Котава яму слалі электронныя лісты з заклікам неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы і выехаць ў іншую заходнюю краіну, а лепш у ЗША.
«Натуральна, гэта можа выклікаць пачуцьцё небясьпекі, але небясьпека — гэта ня роўня страху. Ці гэта зьмяняе мой характар альбо мэтанакіраванасьць? Небясьпека — яна адчуваецца, калі ты ўзгадваеш, што адзін з высокапастаўленых афіцэраў вайсковай выведкі Расеі, які прыходзіў да цябе пад выглядам гішпанскага журналіста, пазьней быў затрыманы за шпіянаж на тэрыторыі Польшчы, а потым у рамках абмену паміж Вашынгтонам і Масквой перададзены Расеі»,
— згадвае Латушка выпадак з Паўлам Рубцовым, абвінавачаным у Польшчы ў шпіянажы на карысць Расеі, які працаваў пад імем Пабла Гансалеса і двойчы прыходзіў да кіраўніка НАУ браць інтэрвію пад выглядам гішпанскага журналіста.
Павал Латушка таксама прывёў некалькі прыкладаў, як два супрацоўнікі вайсковай выведкі Беларусі прыходзілі на курсы польскай мовы, што праводзяцца на адзін паверх ніжэй за офіс НАУ, як спэцслужбы рэжыму спрабавалі завэрбаваць 12 чалавек зь ягонай каманды.
Сам Латушка, зь яго словаў, некалькі разоў атрымліваў ад польскіх уладаў прапанову зьмяніць месца жыхарства на кансьпірацыйную кватэру з забаронай публічнай камунікацыі.
«Я адмовіўся, бо палітык павінен прымаць на сябе адказнасьць і рызыкі. Палітык з кансьпірацыйнай кватэры ня можа быць ні палітыкам, ні эфэктыўным дзеячом».
Як процістаяць небясьпекам? Палітык называе такія меры: самаабарона; захады, якія павышаюць тваю бясьпеку, папераджальныя дзеяньні; інфармацыйная бясьпека.
«На жаль, мы ня можам стварыць контравыведку на тэрыторыі іншай краіны, гэта немагчыма. Варта таксама разьлічваць на тое, што ў краіне, дзе мы знаходзімся, працуюць адпаведныя службы, якія процідзейнічаюць незаконным дзеяньням рэжыму Лукашэнкі настолькі, наколькі яны ў стане», — разважае Павал Латушка.
Форум