Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хімэры, як клапы, выпушчаныя на месца забітых, арыштаваных, выгнаных у эміграцыю». Ліст Сяргея Дубаўца менскаму сябру


Гаргульля на саборы Парыскай Божай Маці. Архіўнае фота
Гаргульля на саборы Парыскай Божай Маці. Архіўнае фота

Што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.

Вітаю, дружа!

Пачну гэтым разам не з надвор’я, яно ў нас проста прыгожае, залатая восень. (Каторы раз думаю: чаму расейскі клясык Пушкін назваў гэты час «панылай парой» і пры тым «вачэй зачараваньнем»; што ў паныласьці можа быць чароўнага? Гэта нават не аксюмаран.)

Беларуска-літоўская «хімія»

Ты пытаесься, навошта Літва зьнізіла ўзровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні? Для многіх літоўцаў гэта стала нечаканасьцю. Рэч у тым, што ў літоўскую палітыку прыйшлі новыя, маладзейшыя людзі, многім зь якіх яшчэ не вядомая тая повязь, тая беларуска-літоўская «хімія», якая ў нас заўсёды прысутнічала. Гэтая повязь робіць мацнейшай і Літву, і Беларусь, безь яе нас так ці інакш змывае ў маскоўскі — антыбеларускі і антылітоўскі фарватар. Гэта такі амаль прыродны закон нашых спрадвечных дачыненьняў. Словам, як выказаўся дэпутат літоўскага парлямэнту Томас Тамілінас, Літва стрэліла сабе ў нагу. Зусім спрашчаючы, гэта ў пэрспэктыве згубная «зьмена арыентацыі» — зь Ціханоўскай на Лукашэнку (Пуціна).

Што да Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, дык ён мае абраную лідэрку, мае суб’ектнасьць і мае каманду. І гэта ўсё, што сёньня рэальна ёсьць у беларусаў у палітыцы — як за мяжой, так і дома. Асабіста ў мяне няма ніякай сур’ёзнай падставы не давяраць ці ня верыць гэтым людзям.

Рэжым адкрыта «кошмарит» беларусаў

Ты пішаш пра хімэраў, якія цяпер у Беларусі паўсюдна: у тэлевізары, у кожнай юрасобе, у кожнай капцёрцы сядзіць ідэоляг. Ідэоляг — самая нялюдзкая пасада з адзінай задачай — чыніць зло. Ты ня можаш узяць у галаву, як такая непамыснасьць можа запанаваць у жыцьці.

Звычайна ў гатычных храмах скульптуры хімэраў разьмяшчалі звонку, каб зьберагчы ад іх ясны розум і сэнс усярэдзіне. Увогуле хімэры павінны быць, бо яны ёсьць у жыцьці, але яны ня мусяць займаць месца ў храме.

Ідэоляг — самая нялюдзкая пасада з адзінай задачай — чыніць зло

«Ты сказаў нам: „Унукі Скарыны, Дзе ваш гонар, моц і краса? Ёсьць і ў вас, як і ў іншых, сьвятыня. Не давайце сьвятыні псам!“, — пісаў Уладзімер Караткевіч, зьвяртаючыся да беларусаў.

Немагчыма ўявіць, як бы наш клясык сёньня адрэагаваў на Лукашэнку з падбрэхічамі, што пачалі адкрыта „кошмарить“ беларускі народ — „некультурны ад прыроды“, „непрацавіты“, „дармаед“… Беларускі народ у разуменьні клясыка — сьвяты і ўнікальны, называць яго „тоже русским“, то бок другасным, саджаць у турмы і катаваць за вальнадумства, выганяць за мяжу, не паважаць аж да нянавісьці могуць толькі хімэры, якія занялі храм.

Што сабе надумаў Дастаеўскі

Між іншым, пасьля захопу сьвятыні хімэры пракрадаюцца і ў галовы цалкам нармальных людзей. У фэйсбуку я прачытаў запіс паважанага чалавека:

«Жадаю ўсім прайсьці свой жыцьцёвы шлях зь любоўю да Сына Божага Госпада нашага Ісуса Хрыста і памятаць словы вялікага Дастаеўскага: Калі мне скажуць што, Хрыстос ня ісьціна, то я буду з Хрыстом, а ня зь ісьцінай».

На маю думку, гэта чыстая хімэра, якая спатрэбілася Дастаеўскаму, каб прынізіць ісьціну, адкінуць праўду, супрацьпаставіўшы яе Хрысту. Супрацьпаставіць можна ўсё, што хочаш, толькі навошта? Паводле гэтай лёгікі, калі мне скажуць, што я сам ня ісьціна, дык мне заставацца з сабой ці зь ісьцінай?.. Закрануў мяне гэты запіс, бо ён быў разьвітальным.

Беларускія людзі цяпер крыху разгубленыя, бо ведаюць, што жывуць у ненармальнасьці, а перамены ніяк не надыходзяць і думкі кружляюць вакол дзьвярэй, замкнёных на ключы.

Кнігі Качанавай

Натальля Качанава, якую называюць ці не другім чалавекам у рэжыме, расказвае пра сваё кола чытаньня. У пераліку — стандартны набор даўніх аўтараў. Адзінае прозьвішча жывога пісьменьніка — ніжагародзкі нацыянал-бальшавік і расейскі агрэсар ва Ўкраіне Захар Прылепін.

«Па рэкамэндацыі дачкі нядаўна з задавальненьнем прачытала два творы Захара Прылепіна — „Абіцель“ i „Ясенін. Абяцаючы сустрэчы наперадзе“. Мой тата вельмі любіць гэтага паэта-сярэбраніка, восеньню будзе 130 гадоў з дня яго нараджэньня».

Кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава чытае кнігі расейскага агрэсара ва Ўкраіне Захара Прылепіна
Кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава чытае кнігі расейскага агрэсара ва Ўкраіне Захара Прылепіна

Чытае Качанава шмат — і праваслаўную літаратуру, і пра балет. Але ўсё ў яе — расейскае. Згадала яшчэ Рэмарка, але таксама ў расейскім перастварэньні. Словам, кола чытаньня гэтай «кіраўніцы Беларусі» — у Расеі, падкрэсьлена — не ў Беларусі. І, быццам само сабою, — не па-беларуску. Можна ўявіць тое чыста расейскае прыроднае, мэнтальнае, стэрэатыпнае рэчыва, якім запоўненая яе галава. Але ж тут у нас іншая краіна, унітарная паводле Канстытуцыі дзяржава, іншы народ зь іншым лёсам і іншая пішацца літаратура, якую, між іншым, чытаюць і ў Расеі, толькі называецца яна — беларускай.

Хімэры, як клапы, выпушчаныя на месца забітых, арыштаваных, выгнаных у эміграцыю абаронцаў чалавечай годнасьці, нацыянальнай сьвядомасьці, адэкватных законаў і самое праўды фактаў, цягнуць даўно абвергнутыя імпэрскія максімы пра трыадзіны рускі народ, пра беларуска-расейскае братэрства, пра «расейскую цывілізацыю» і варожы Захад…

Хімэры, як клапы, выпушчаныя на месца забітых, арыштаваных, выгнаных у эміграцыю абаронцаў чалавечай годнасьці, нацыянальнай сьвядомасьці, цягнуць даўно абвергнутыя імпэрскія максімы пра трыадзіны рускі народ

Дзесьці ў Стоўпцах на нейкім сьвяце выставілі плякат зь вершам Якуба Коласа, перакладзеным на расейскую мову. А ў прапагандысцкіх выданьнях сёлета радасна паведамілі пра выданьне першага поўнага перакладу на расейскую «Новай зямлі» народнага песьняра. Толькі выдаваць наш нацыянальны эпас будуць не ў Расеі, а ў Менску, значыць, для беларусаў. Цікава, як будзе гучаць першы радок: «Мой родны кут, як ты мне мілы»? У сеціве я знайшоў «Мой край родной, какой ты милый», ёсьць і варыянт «угол», і нават у Skarniku — «пепелище». Чыстая хімэра з кола чытаньня Качанавай.

І ці не з падачы Качанавай некалі папулярны Тэатар беларускай драматургіі ставіць цяпер… Захара Прылепіна. «Беларускага драматурга», які ваюе ва Ўкраіне.

«Спачатку было слова»

Наўмысна для Качанавай назаву сходу трох сучасных беларускіх пісьменьнікаў, якіх сёньня чытаюць і ведаюць у сьвеце: Альгерд Бахарэвіч піша пра Менск, Ева Вежнавец пра Любань, Югася Каляда пра Гомель… Іх перакладаюць на розныя мовы, яны атрымліваюць літаратурныя прэміі, але зь ніжагародзкім Прылепіным ня маюць нічога агульнага. То бок літаральна — нічога.

Кнігі — важная рэч, з кніг кожны раз пачынаюцца ў нас перамены, чарговая прыступка станаўленьня нацыі. У літоўцаў, дарэчы, таксама спачатку — кнігі. Яны нават маюць свой нацыянальны Дзень кніганошы. А ў нас пра кніганошаў пісаў Караткевіч. Бо з кніжнай справы пачынаецца суб’ектнасьць, дзейнасьць, каманда, перамены. Нездарма, як грыбоў, нарасло за гэтыя некалькі гадоў беларускіх кніжных выдавецтваў. Гэта наш, беларускі скарынаўскі шлях.

Калі кажуць пра культ асобы Лукашэнкі, важна не памыліцца з аб’ектам, бо гэта таксама хімэра — стварэньне ня культу, а куміра.

Калісьці, гадоў трыста таму, у Беларусі была папулярная народная драма «Цар Максімілян». Мы ў Беларускай Майстроўні паставілі яе ў пачатку 1980-х пры поўнай залі на філфаку БДУ. Распавядаецца там пра цара, супраць якога ўзбунтаваўся ягоны сын Адольф. Дакладней, паўстаў ён якраз супраць хімэраў, якія там названыя «кумірыцкімі багамі» — ад куміра, непраўдзівага бога. Цар вырашае сына забіць. Перад сьмерцю Адольф кажа: «Ня веру я, не бажуся я вашым кумірыцкім багом і залатым статуём, бо вашыя багі ня вартыя маёй нагі». У тым сэнсе, што ня вартыя таго, каб на іх нават наступіць.

Здаецца, даўнія часы, але хімэры і стаўленьне да іх тыя самыя. Тое ж непаразуменьне, што ў цябе сёньня.

Пішы, чакаю тваіх лістоў і думак.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG