Эўрапейскі Зьвяз у рамках другога раўнду праграмы EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training) абвясьціў запуск праграмы падтрымкі для тых, хто пацярпеў ад палітычнага перасьледу, страціў крыніцу даходу і магчымасьць атрымаць адукацыю.
Сума падтрыманьня можа скласьці да 10 тысяч эўра.
Як паведамляецца ў заяве праграмы, на гэтую суму ў рамках праграмы адна асоба можа атрымаць сродкі на навучаньне і зборы (прафэсійная адукацыя, курсы павышэньня кваліфікацыі, моўныя курсы, курсы кіроўцы, сэртыфікацыі, настрыфікацыя і экзамэны), выдаткі на пераклад дакумэнтаў, жыхарства ў інтэрнаце для прафэсійнай адукацыі да 12 месяцаў, грамадзкі транспарт (для вочнага навучаньня працягласьцю ня менш за 1 месяц), падпіскі на праграмнае забесьпячэньне і лічбавыя плятформы, патрэбныя для навучаньня і перападрыхтоўкі.
«Праграма прызначана для грамадзян Рэспублікі Беларусь ва ўзросьце ад 18 гадоў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў пасьля жніўня 2020 году (палітычнае зьняволеньне, пагрозы, перасьлед за грамадзянскую пазыцыю ці ўдзел у мірных пратэстах) і страцілі магчымасьць працягваць навучаньне ці працу», — гаворыцца ў заяве.
Атрымаўшы дапамогу, заяўнік павінен знаходзіцца ў адной з краін ЭЗ, але падаваць заяву на дапамогу можна практычна з кожнай краіны, у тым ліку зь Беларусі.
Форум