Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска дапамагала мігрантам легалізавацца ва Ўкраіне праз шлюб і сама страціла дазвол на пражываньне


У адным з украінскіх судоў. Ілюстрацыйнае фота
У адным з украінскіх судоў. Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны на падставе інфармацыі Службы бясьпекі Ўкраіны скасавала дазвол на сталае пражываньне ў краіне грамадзянцы Беларусі, якая выходзіла замуж за замежнікаў з краін «міграцыйнай рызыкі» і такім чынам дапамагала ім легалізавацца.

Як стала вядома Свабодзе з крыніц у праваахоўных органах Украіны, беларуску прызналі пагрозай нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. Яна прайшла ўсе этапы судовага абскарджаньня рашэньня міграцыйнай службы, але суд апошняй інстанцыі прызнаў законнымі ўсе пастановы, ухваленыя судом першай інстанцыі. Цяпер яна павінна выехаць з Украіны, але тэрмін яе беларускага пашпарту закончыўся ў 2023 годзе.

Беларуска ў 2018 годзе, згодна з заканадаўствам, зьвярнулася па дазвол на іміграцыю, паколькі знаходзілася ў шлюбе з грамадзянінам Украіны больш за два гады. У 2019 годзе яна такі дазвол атрымала, а на яго падставе ў 2020 годзе — і пасьведчаньне на сталае пражываньне ва Ўкраіне.

Згодна зь інфармацыяй Дзяржаўнага рэестру актаў грамадзянскага стану грамадзян, у жніўні 2020 году яна выйшла замуж за грамадзяніна Нігерыі, які на падставе гэтага шлюбу таксама атрымаў дазвол на міграцыю і на сталае пражываньне ва Ўкраіне. У студзені 2021-га — з грамадзянінам Узбэкістану, у траўні 2021 году — зь яшчэ адным грамадзянінам Нігерыі і ў студзені 2022 году — таксама зь нігерыйцам.

Усе шлюбы доўжыліся 5-6 месяцаў і разрываліся пасьля таго, як сужэнцы беларускі атрымлівалі сталую легалізацыю ва Ўкраіне. Тры яе колішнія сужэнцы пасьля атрыманьня неабходных дакумэнтаў выехалі з Украіны, а адзін дагэтуль застаецца на ўкраінскай тэрыторыі.

У адным з судовых рашэньняў у справе беларускі адзначалася, што міграцыйная служба пазбавіла яе права стала жыць ва Ўкраіне на падставе «апэратыўнай інфармацыі», паводле якой яна «датычная да арганізацыі і функцыянаваньня каналу нелегальнай іміграцыі выхадцаў з краін так званай „міграцыйнай рызыкі“ і іх далейшай легалізацыі на фіктыўных падставах на тэрыторыі Ўкраіны» — яна чатыры разы рэгістравала шлюбы з замежнымі грамадзянамі, якія далей зьвярталіся па атрыманьне дазволу на іміграцыю і ў выніку былі дакумэнтаваныя пасьведчаньнямі на сталае пражываньне.

Судзьдзі прыйшлі да высновы, што грамадзянка Беларусі выходзіла замуж за замежнікаў «без намеру стварыць сям’ю, а выключна для іх легалізацыі на тэрыторыі Ўкраіны».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG