«Доказы ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне відавочныя. Беспакараныя злачынствы толькі заахвочваюць новыя злачынствы. Сёньня мы вылучаем першыя 10 мільёнаў эўра спэцыяльнаму трыбуналу для забесьпячэньня таго, каб асобы, адказныя за злачынства агрэсіі, ня ўніклі правасудзьдзя», — заявіла Кая Калас у часе візыту ў Кіеў.
Сёлета 25 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падпісалі дамову аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня злачынства агрэсіі супраць Украіны.
У асноўную групу для яго стварэньня ўваходзяць 41 дзяржава, Эўракамісія, Эўрапейская замежнапалітычная служба і Рада Эўропы.
Чакаецца, што пракурор трыбунала прыступіць да сваіх абавязкаў у канцы гэтага ці ў пачатку наступнага году. Першыя справы, якія будзе разглядаць трыбунал, пракурору перадасьць Міжнародны цэнтар перасьледу злачынства агрэсіі супраць Украіны (ІСРА), які пачаў працу ў ліпені 2023 году на базе Агенцтва ЭЗ у пытаньнях крымінальнай юстыцыі.
Улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (аб дапамозе вайсковай прамысловасьці і лячэньні параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) унесла дапаўненьне ў прынятую рэзалюцыю, у якім гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка нясе адказнасьць за прымусовае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыяў, акупаваных Расеяй.
Паводле незалежных расьсьледаваньняў, большасьць беларускіх прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу працуюць на расейскія заводы, якія вырабляюць баявыя дроны і іншыя боепрыпасы, а таксама вайсковую тэхніку.
Форум