Як паведамляецца ў сьвежым аглядзе разьвіцьця глябальнай эканомікі, які апублікаваў Міжнародны валютны фонд, прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) сёлета, у адпаведнасьці з прагнозам, у Беларусі складзе 2,1%. На наступныя гады прагноз яшчэ больш сьціплы — у 2026 Фонд прагназуе прырост ВУП на 1,4%, а ў 2030 годзе — на 0,8%.
Інфляцыя ж, наадварот, паводле прагнозу будзе раскручвацца. У 2025 годзе яна, як лічыць МВФ, складзе 7%, у 2026 годзе — 7,5%, у 2030 — 5,2%.
Дэфіцыт рахунку бягучых апэрацыяў складзе, адпаведна прагнозам Фонду, 1,8% да ВУП, у 2026 год — 3,1% да ВУП. Гэта азначае, што ў гэтым і наступным гадах імпарт Беларусі будзе перавышаць экспарт.
Беспрацоўе ў 2025 годзе прагназуецца на ўзроўні 2,9%.
Гэты прагноз нашмат горшы, чым даваў Фонд у красавіку сёлета.
У адпаведнасьці з тым прагнозам валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў выніку 2025 году меў бы вырасьці на 2,8%, 2026-га — на 2%. Інфляцыю ў выніку 2025 году фонд тады прагназаваў на ўзроўні 5,5%, налета — 5,8%.
Згодна з зацьверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам эканамічнымі прагнознымі парамэтрамі на 2025 год, рост ВУП павінен скласьці 4,1%, інфляцыя не павінна перавысіць 5%.
Форум