Увечары 15 кастрычніка ў цэнтры Кабулу грымнулі два выбухі, паведамілі журналісты AFP. Прэс-сакратар ураду Талібану Забіхула Муджахід заявіў, што выбухнуў нафтавы танкер і генэратар, што выклікала пажары ў афганскай сталіцы.
Карэспандэнты AFP бачылі, што па вуліцах рухаліся машыны хуткай дапамогі, а сілы бясьпекі Талібану таксама ачапілі цэнтар гораду.
Было відаць аблокі чорнага дыму, якія ўздымаліся ў неба, а зямля была ўсыпаная асколкамі шкла з будынкаў, пашкоджаных выбухамі.
Гвалт паміж Афганістанам і суседнім Пакістанам успыхнуў пасьля двух выбухаў у Кабуле ў мінулы чацьвер і іншых за межамі сталіцы, у якіх улады Талібану абвінавацілі Ісламабад. Гэтыя выбухі справакавалі сэрыю памежных сутыкненьняў, у якіх загінулі дзясяткі салдат і мірных жыхароў, паведамілі чыноўнікі па абодва бакі мяжы.
Ісламабад даўно абвінавачвае Афганістан у тым, што той хавае на сваёй тэрыторыі баевікоў на чале з пакістанскім аддзяленьнем Талібану «Тэхрык-э-Талібан», што Кабул адмаўляе.
Сёньня ж Пакістан таксама нанёс авіяўдар па афганскай правінцыі Кандагар, паведамляюць афганскія і пакістанскія чыноўнікі.
Пазьней прыйшло паведамленьне, што Пакістан і адміністрацыя афганскага руху «Талібан» дамовіліся аб часовым спыненьні агню на 48 гадзін, якое пачнецца ў сераду з 18:00 па мясцовым часе Пакістану, заявіў Ісламабад пасьля новых баёў паміж суседзямі, інфармуе агенцтва Reuters.
Міністэрства замежных спраў Пакістану заявіла, што Пакістан і Афганістан будуць прыкладаць шчырыя намаганьні праз дыялёг, каб знайсьці станоўчае рашэньне «складанай, але вырашальнай праблемы».
Форум