Зь сярэдзіны кастрычніка 2025 ў раёне вёскі Стукачоўка Гомельскага раёну павінны прыступіць да будаўніцтва аб’екту «Могілкі № 2, крэматорый і калюмбарый». Гэта вынікае з аб’яўленага Ўправай капітальнага будаўніцтва Гомля тэндэру, піша выданьне «Флагшток».
Агулам былі заплянаваныя чатыры чаргі праекту. Гомельскі райвыканкам праводзіў у 2024 годзе грамадзкае абмеркаваньне на гэты конт, але яго даводзілася прыпыняць з-за заўваг аднаго чалавека.
«За пэрыяд правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня паступілі заўвагі ад Яфрэмавай Валерыі Канстанцінаўны, у адпаведнасьці зь якімі патрэбная дапрацоўка справаздачы АУНА (ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе) плянаванай гаспадарчай дзейнасьці», — зрабіла высновы камісія.
Што гэта былі за заўвагі — не ўдакладняецца. Але неўзабаве дапрацаваную справаздачу прынялі і аднавілі грамадзкае абмеркаваньне.
Пад новыя вялізныя могілкі, плошчай 150 гэктараў, будуць высякаць лес — вылучаны пад будаўніцтва ўчастак разьмешчаны ў лясным масіве і прымыкае да існуючых могілак, гаворыцца ў праекце. Пасьля яго рэалізацыі Стукачоўскія могілкі стануць найвялікшымі ў Беларусі. Пакуль такімі застаюцца Паўночныя могілкі Менска.
У першую, другую і трэцюю чэргі будаўніцтва на могілках № 2 плянуецца асвоіць тэрыторыю для традыцыйных пахаваньняў — на гэта адведзены 127 га. Зыходзячы з нарматываў пахаваньня, якія склаліся, на гэтай тэрыторыі магчымае разьмяшчэньне 182 тысяч магіл.
Першую чаргу будаўніцтва павінны завяршыць ужо да сярэдзіны сакавіка 2026 году і выдаткаваць на гэта зь бюджэту 2 млн 685 тыс. 548 рублёў — больш за 911 тыс. даляраў у эквіваленце. Першы пускавы комплекс уключае 650 двухмесных пахаваньняў на плошчы 1,76 га.
Праект таксама прадугледжвае будаўніцтва крэматорыю і калюмбарыяў — месцаў пад пахаваньне урнаў з прахам. На гэты момант адзіны ў краіне крэматорый, а таксама могілкі з калюмбарыямі, знаходзяцца ў Менску.
Але ўзьвядзеньне комплексу крэматорыю на могілках № 2 у Стукачоўцы аднесена толькі да апошняй, чацьвертай чаргі праекту. Афіцыйна, паводле дакумэнтацыі, завяршэньне чацьвертай чаргі будаўніцтва заплянаванае на 2028 год — і тое, калі на гэта знойдуць грошы.
Форум