Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дачыненьні пяці «каліноўцаў» распачалі спэцыяльнае вядзеньне, сьледзтва вядуць завочна


Вадзім Кабанчук, Павал Шурмей, Аляксей Кавальчук, Аляксей Назараў, Дзяніс Прохараў. Каляж
Вадзім Кабанчук, Павал Шурмей, Аляксей Кавальчук, Аляксей Назараў, Дзяніс Прохараў. Каляж

Гаворка пра байцоў Палку Каліноўскага, які складаецца зь беларусаў і ваюе на баку Ўкраіны.

Гэта Вадзім Кабанчук, Павал Шурмей, Аляксей Кавальчук, Аляксей Назараў і Дзяніс Прохараў.

Пра завочныя справы на іх паведамляецца ў спэцыяльным тэлеграм-канале Сьледчага камітэту Беларусі.

Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму», «распальваньне варожасьці» і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», паведамляе «Вясна».

  • Па стане на 1 верасьня 2025 году спэцыяльнае вядзеньне праводзілася ў дачыненьні 153 чалавек.
  • На стадыі сьледзтва было прынятае рашэньне правесьці гэтую працэдуру. Да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі 137 чалавек з 153.
  • Ва ўсіх выпадках выносілі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі.
  • Акрамя таго, большасьці з асуджаных дадаткова прызначалі штраф.
  • Таксама прымяняецца дадатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады, пазбаўленьня спэцыяльнага або вайсковага званьня.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG