На яго думку, рэпрэсіі апошніх гадоў — гэта зацягнутая рэакцыя на падзеі 2020 году, а ня новы трэнд.
«Цяпер цяжкая сытуацыя, таму што пратэсты 2020 году былі беспрэцэдэнтнымі. Рэпрэсіі былі праз неабходнасьць кантролю над унутранай палітычнай сытуацыяй. Цяпер рэжым цалкам кантралюе сытуацыю. Яму не трэба будзе працягваць рэпрэсіі 10 наступных гадоў» — кажа Іван Краўцоў.
Ён мяркуе, што ўлады ўсьведамляюць, што «немагчыма дамагчыся вяртаньня заходніх амбасадараў, калі кожны дзень ідуць навіны, што нехта арыштаваны за лайк у Фэйсбуку».
На думку Краўцова, сытуацыя ў краіне можа зьмяніцца толькі калі адбудзецца дээскаляцыя ў рэгіёне, калі скончацца баявыя дзеяньні.
«Беларусі выгадны любы варыянт перамір’я ва Украіне. Украіне выгадны не любы варыянт, а Беларусі — любы» — лічыць прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі.
Другім чыньнікам зьменаў ён лічыць паглыбленьне сувязяў беларускага грамадзтва і дзяржавы з Захадам: «Каб беларусы маглі актыўна езьдзіць на Захад, весьці зь ім бізнэс, каб была прысутнасьць Захаду ў Беларусі».
Паводле Краўцова, без прысутнасьці Захаду ў Беларусі ў выпадку сыходу Лукашэнкі ўплыў Расеі на транзыт улады будзе нашмат больш істотным, чым пры наяўнасьці сувязяў Беларусі з Захадам.
На думку палітыка, ізаляцыя з боку Захаду вядзе да дэградацыі беларускай эканомікі і грамадзтва.
«Перад намі дылема — жыць у ізаляванай краіне, якая дрэйфуе ў Расею, ці ўсё ж крышку, як кажа клясык Зянон Пазьняк, даць дыхнуць, каб за бліжэйшыя 7-10 гадоў мы не згубілі ўсё тое, што мы назапасілі за гады незалежнасьці», — мяркуе Іван Краўцоў.
Форум