Дзяржаўнае агенцтва «Менск-Навіны» даведалася падрабязнасьці, што прынцыпова зьменіцца. Напрыклад, навацыя закране санітарную апрацоўку сьмецьцяводаў.
«Эксплюатаваныя сьмецьцепрымальныя камэры падлягаюць мыйцы з наступнай дэзынфэкцыяй не радзей за адзін раз на месяц у пэрыяд з плюсавай тэмпэратурай», гаворыцца ў дакумэнце.
На гэты момант, да ўвядзеньня зьменаў, дэзынфэкцыя павінна праводзіцца нашмат радзей — адзін раз на квартал, а мыйка наогул ня лічыцца патрэбнай. Дарэчы, у пастанове Міністэрства аховы здароўя прапісана, што для гэтага камэры для сьмецьця павінны быць падключаныя да вадаводу.
Другая значная зьмена тычыцца пад’ездаў. Цяпер у іх не дапускаецца наяўнасьць «безнаглядных і дзікіх жывёл, у тым ліку птушак, рукакрылых і паўзуноў, сынантропных грызуноў і насякомых». Да гэтага ЖЭСы адказвалі толькі за дэратызацыю памяшканьняў агульнага карыстаньня, гэта значыць апрацоўку ад пацукоў.
Акрамя таго, пры ліквідацыі наступстваў аварыйных сытуацый у жылых дамах камунальнікі будуць абавязаныя выдаляць ваду на працягу содняў, а праветрываньне, прыборку і дэзынфэкцыю рабіць не пазьней чым у трохдзённы тэрмін. Раней быў прапісаны толькі тэрмін устараненьня аварыі — содні.
Міністэрства аховы здароўя таксама дадала да ліку месцаў, за чысьціню якіх адказваюць ЖЭСы, павеці над уваходамі ў пад’езды. А «пры ўваходзе ў эксплюатаваныя шматкватэрныя жылыя дамы павінны быць устаноўлены урны для збору адходаў, рашоткі або іншыя прылады для ачысткі абутку», сказана ў дакумэнце.
У 2025 годзе Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка плянавала закансэрваваць у сталіцы больш за 1,8 тыс. сьмецьцяводаў, пісаў Office Life. Але гэта будуць рабіць толькі ў выпадку згоды жыхароў.
Форум