Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцёх жыхароў Наваградку асудзілі да калёніі ў «справе дваровых чатаў»


Наваградак, ілюстрацыйнае фота
Наваградак, ілюстрацыйнае фота

Вырак прагучаў у Горадзенскім абласным судзе 21 кастрычніка.

Вырак агучылі групе палітзьняволеных: Тацяне Палубок, Вользе Аляшкевіч, Ігару Хіневічу, а таксама мужу і жонцы Аляксандру і Ірыне Лебедзям. Паводле зьвестак «Вясны», іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім) і прызначылі па 2,5 года зьняволеньня, а таксама штрафы ў 800 базавых велічыняў (33600 рублёў).

Палітзьняволеных затрымалі ў «справе дваровых чатаў» год таму. Таксама праваабаронцам вядома, што ў Беларусі скончыліся яшчэ два суды ў гэтай справе, амаль усе фігуранты асуджаныя да пазбаўленьня волі.

Тацяна Палубок, Вольга Аляшкевіч, Ігар Хіневіч, Аляксандар Лебедзь і Ірына Лебедзь былі затрыманыя 31 кастрычніка 2024 году. Тады супрацоўнікі КДБ зладзілі рэйд на грамадзкіх дзеячоў па ўсёй краіне. Яны затрымлівалі людзей, якія, на іх думку, былі датычныя да «дваровых чатаў».

Выглядае, што пяцёх жыхароў Наваградку затрымалі за тэлеграм-чат «Партызаны Наваградку». Іх абвінавацілі ў «стварэньні або ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Фігурантаў увесь час утрымліваюць у горадзенскай турме № 1.

Суд над пяцьцю фігурантамі справы вялі некалькі тыдняў у Горадзенскім абласным судзе.

Перасьлед дваровых чатаў

29 кастрычніка 2024 году КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солидарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».

Паводле ведамства, дачыненьне да гэтых ініцыятыў маюць Ірына Якаўлева, Натальля Дароніна, Дыяна Гаўрылава, грамадзянін Украіны Іван Амялян, Вольга Няхайчык, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Натальля Гужова, Ірына Смалярава, Станіслаў Батвін, Натальля Лантух. Празь некалькі дзён па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні ў гэтай справе.

Супраць дзясяткаў людзей завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай. Некаторым спачатку выставілі абвінавачваньне паводле арт. 357 КК, а пазьней перакваліфікавалі на арт. 361-1 КК, некаторых абвінавачваюць адразу паводле двух артыкулаў.

У ліпені 2025 году ў Беларусі пачаліся першыя масавыя суды ў гэтай справе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG