Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, у чым вінавацяць Віктара Рэцкага, удзельніка банды «марозаўцаў»


Віктар Рэцкі
Віктар Рэцкі

Галоўная ўправа Сьледчага камітэту высьветліла падрабязнасьці крымінальнай дзейнасьці наёмнага забойцы Віктара Рэцкага, зьвязанага з «бандай Марозава» — самай буйной і жорсткай беларускай злачыннай групоўкай 1990-х.

У Сьледчым камітэце расказалі падрабязнасьці аб дзейнасьці кілера, чыя злачынная актыўнасьць пачалася яшчэ ў 1994 годзе. Віктар Рэцкі выконваў ролю штатнага забойцы ў складзе банды Марозава, ён удзельнічаў як мінімум у двух рэзанансных злачынствах, учыненых у пэрыяд «крымінальных войнаў» 90-х гадоў.

У 1994 годзе кілер разам зь іншымі ўдзельнікамі банды завабіў сваіх сяброў зь Вільні ў Гомель, называўся супрацоўнікам міліцыі і зьдзекаваўся зь іх, спрабуючы здабыць патрэбную інфармацыю.

«Разумеючы, што „мэтад“ не працуе, яны забілі дваіх гасьцей і, загрузіўшы целы ў аўтамабіль, разам зь яшчэ жывымі іншаземцамі прывезьлі на бераг ракі Сож. Там, прывязаўшы да іх мэталічныя тракі, кінулі ў раку. З двума жывымі гасьцямі ўчынілі гэтак жа», — паведамілі ў СК.

Падробленыя дакумэнты Рэцкага
Падробленыя дакумэнты Рэцкага

Злачынцы вылучаліся асаблівай жорсткасьцю і беспрынцыповасьцю. Матывам зьдзяйсьненьня забойстваў часта быў перадзел сфэраў уплыву ў крымінальным асяродзьдзі. Так, увосень 1997 году ўдзельнікі «банды Марозава» расстралялі аўтамабіль «крымінальнага аўтарытэта». У выніку перастрэлкі загінулі тры чалавекі, у тым ліку аднагадовае дзіця.

Сьледзтву ўдалося вызначыць, што Рэцкі хаваўся ў Расеі і Казахстане з падробленымі дакумэнтамі. Яго экстрадавалі ў Беларусь у сакавіку 2025 году і ўзялі пад варту.

Расьсьледаваньне паказала старанна сплянаваны характар злачынстваў, мяркуюць у СК. Хоць тэрміны даўніны для шэрагу эпізодаў скончыліся (удзел у бандзе і злачыннай арганізацыі, незаконныя дзеяньні з агнястрэльнай зброяй, разбой), доказы ўдзелу ў найцяжэйшых злачынствах дазволілі выставіць Рэцкаму абвінавачаньне паводле арт. 100 КК БССР 1960 году, якая прадугледжвае за наўмысныя забойствы з асаблівай жорсткасьцю максымальнае пакараньне — сьмяротнае.

Юрыстка, да якой зьвярнулася выданьне «Люстэрка», аднак, лічыць, што экстрадаваны з Казахстану Рэцкі ня можа быць прыгавораны да пакараньня сьмерцю ў Беларусі, бо абедзьве краіны — удзельнікі Кішынёўскай канвэнцыі, якая забараняе выдачу асобаў з магчымым прымяненьнем для іх пакараньня сьмерцю, калі ў краіне выдачы такога пакараньня няма. У Казахстане такой меры пакараньня якраз няма.

У СК паведамілі, што ўжо прыцягнутыя да адказнасьці больш за 50 удзельнікаў банды, у тым ліку «правая рука» Марозава — Дзербянёў і актыўны ўдзельнік Шылец, якія атрымалі ў суме 35 гадоў пазбаўленьня волі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG