Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажыць у ХVII стагодзьдзі. Кнігі для беларускага мэнтальнага здароўя


Першыя два тамы раману «Silva rerum» Крысьціны Сабаляўскайце
Першыя два тамы раману «Silva rerum» Крысьціны Сабаляўскайце

Гістарычны раман або Вялікая віленская сага «Silva rerum» Крысьціны Сабаляўскайце сёлета выходзіць па-беларуску (апошнія два тамы абяцаюць да Новага году) і мае дзіўны эфэкт — ён прачытваецца беларусамі як новы твор пра сябе і для сябе.

У Літве гэты раман у добрым сэнсе «нарабіў шуму», стаўшы бэстсэлерам. Цяпер тое самае па меры перакладу адбываецца ў шырокім сьвеце. Польская набэліянтка Вольга Такарчук назвала яго «маркесаўскім раманам», а францускі крытык у «Le Monde» напісаў пра Сабаляўскайце, што яна «сёньня — адна з самых значных аўтарак гістарычнага раману сучаснасьці».

Словам, гаворка ідзе пра найвышэйшай пробы літаратуру і пра выбітны пераклад на беларускую Сяргея Шупы, калі ты літаральна ляціш па тэксьце, ні разу ня думаючы, што гэта нешта не беларускае і перакладзенае.

Пра мову, якой «нічога ня скажаш»

Між іншым, я ўявіў, што калі нехта скажа, што «па-беларуску нельга выказаць нічога глыбокага», я б паклаў перад ім гэты чатырохтомнік, і тое быў бы найлепшы аргумэнт. Зрэшты, і кожнаму заняпаламу духам беларусу прачытаць Вялікую віленскую сагу карысна, у тым ліку для мэнтальнага здароўя. Мастацкай мовай кнігі можна выказаць усё, у тым ліку і тое, да чаго мы яшчэ не дадумаліся.

Пра набытую нямогласьць

Дзеяньне рамана адбываецца ў ХVII стагодзьдзі падчас 13-гадовай агрэсіі Масковіі супраць Вялікага княства Літоўскага — вельмі падобна на цяперашні расейскі паход на Кіеў. Але ў кнізе мы гэта бачым «зьнізу», праз гісторыі канкрэтных людзей.

Мы шмат ведаем пра сваё, мінулае і пазамінулае стагодзьдзі, а вось «пажыць» у ВКЛ у стагодзьдзі ХVII-м — унікальная магчымасьць запоўніць лякуну асабістай гістарычнай і генэтычнай памяці. Атрымаць доказ таго, што людзі з тых часоў не зьмяніліся ў лепшы бок, але заўсёды да таго імкнуліся, маючы тыя самыя матывацыі. Адно, што зьявілася новага і што зьнясільвае народнае жыцьцё — дзяржаўная прапаганда. Нашы продкі былі ўсякія, але шанавалі, баяліся або ненавідзелі закон найперш, па-над законам нічога не было. Сёньня закон адсунуты і пануе гэтая нікому толкам незразумелая дзяржаўная прапаганда.

Нашы продкі былі ўсякія, але шанавалі, баяліся або ненавідзелі закон найперш, па-над законам нічога не было

Не было русыфікацыі? Па сутнасьці русыфікацыя і прапаганда — тое самае. Але тады была бясконцая сэрыя ўварваньняў маскавітаў у ВКЛ — умоўна ў тагачасную незалежную Беларусь, бо каб русыфікаваць беларусаў, іх і іхную краіну трэба было захапіць, што і здарыцца пазьней, напрыканцы ХVIII ст.

Пра «сваіх» расейцаў

Тады іх як такіх і не было. Былі маскавіты. Гэта пазьней яны ператворацца ў Расею і расейцаў. А тады мы ад пачатку дзён жылі самі, ніколі ня быўшы зь імі ў адной дзяржаве. І называліся мы рускімі або русінамі, або літвінамі, як і наша Вялікае Княства.

Ці ня з той страшнай 13-гадовай агрэсіі, калі тагачасная Беларусь страціла кожнага другога жыхара і, як пісаў Караткевіч, людзей нават на развод не засталося? Тады маскавіты вывелі зь Беларусі 300-тысячны палон — пераважна рамесьнікаў, якія пасьля будавалі ім Маскву, а ў Беларусі фактычна заняпаў горад як такі… Гэта я ня зь віленскай сагі, але, «абжыўшыся» ў ёй, зь яе пэрспэктывы многае бачыш больш выразна. У тым ліку і гэты палон — як «упырск» беларуска-літоўскай крыві ў будучую «Вялікую Русь».

Пра «чужых» літоўцаў

У тагачасным ВКЛ быў выдадзены, між іншым, па-беларуску Статут і былі суды, што рэгулявалі жыцьцё. Была мультыкультурнасьць і шмат розных канфэсій. Так ці інакш ужываліся розныя народы: русіны, літоўцы, палякі, татары, габрэі… Перакладчык Сяргей Шупа карэктна патлумачыў у зносцы тую мэтамарфозу, якая адбылася ў беларускай мове са словам «жыд»:

«Пры перакладзе слова žydas тут і далей абраны гэты нэўтральны для той эпохі тэрмін, які ў часе дзеяньня тэтралёгіі „Silva rerum“ (XVII–XVIII стст.) быў адзіным для называньня гэтага народу ва ўсіх мясцовых мовах. Абразьлівыя канатацыі, якія ўзьніклі ў гэтым беларускім слове ў ХХ ст., сталі вынікам русыфікацыі і расейскага ідэалягічнага ўплыву, таму з 1920-х гг. яго замяніла слова яўрэй, якое ў старабеларускай традыцыі азначала выключна прадстаўнікоў старажытнага народу ў біблійным кантэксьце. Аднак рэтраспэктыўна перанесьці яго, або кампрамісны тэрмін габрэй, у XVII–XVIII стст. было б анахранізмам».

Што да літоўцаў, найбліжэйшага народу спрадвеку і па сёньня (больш за 600 кілямэтраў агульнай мяжы, 500 гадоў у адной незалежнай дзяржаве з адной сталіцай), дык па прачытанай частцы Вялікай сагі я й не адчуў ніякай розьніцы паміж «імі» і «намі». Мабыць, розьніца зьявіцца тады, калі зьявіцца дзяржаўная прапаганда.

Пра «польскіх паноў»

Гэтая дыскусія зусім нядаўна адбылася з нагоды двух толькі выдадзеных у нас кніжак пра паноў: «Шчанячыя гады» Мэльхіёра Ваньковіча і «Дом» Андрэя Горвата. У Крысьціны Сабаляўскайце свой погляд. Яе герой — Ян Мацей Нарвойш, мне ўявіўся «якасным чалавекам», адпаведным традыцыйным беларускім уяўленьням, ён пазытыўны, адважны і пры тым асьцярожны ў адносінах зь іншымі людзьмі. Новы раман дадасьць і новыя рысы ў развагі пра беларускага пана — пагатоў гэты пэрсанаж, пан, вёў рэй большую частку нашай гісторыі.

Вострая Брама ў Вільні
Вострая Брама ў Вільні

Пра Вільню

А Вільня не зьмянілася — тыя самыя вуліцы і пляцы, з тымі самымі назвамі. Памятаю, за саветамі тут была вуліца Горкага, цяпер, як і ў XVII ст., гэта тры вуліцы адна за адной: Вастрабрамская, Вялікая ды Замкавая. І вось нашы героі прыяжджаюць у Вільню. Дазволю сабе вялікую цытату, каб можна было адчуць атмасфэру раману:

«Пра ўсё гэта нават не здагадваліся Нарвойшы, уяжджаючы ў горад праз тую самую Бэрнардынскую браму, празь якую некалі, адзінаццаць гадоў да таго, яны ўцякалі з руйнаванага горада. Гэтым разам горад вітаў іх не смуродам пагарэлішчаў і лужынамі крыві на вуліцах, а цвырканьнем вераб’ёў, пахам вясны ў паветры і мноствам рыштаваньняў, бо хоць мінула ўжо столькі гадоў, Вільня ўсё яшчэ адбудоўвала свае палацы і касьцёлы, загойваючы нанесеныя казакамі за шэсьць гадоў раны, і ўсё яшчэ забельвала сажу на сьценах дамоў, што пакінуў па сабе сямнаццацідзённы пажар. Хоць Казімір і нарадзіўся ў Вільні, ён памятаў горад, які пакінуў шасьцігадовым, як скрозь імглу. Цяпер ён быў жывы і аглушаў сваімі гукамі — бразгатам аб брук конскіх падковаў і набоек на ботах, крыкамі і воклічамі мінакоў і гандляроў, гудам званоў, стукам хістаных ветрам вокнаў і аканіц; усё цвыркала, дзінькала, ляскала, а ад пахаў магло закруціцца ў галаве. Смурод зьліваных у рышткі памыяў мяшаўся з водарам кветачнай вады, якою бессаромна апырскваліся жанчыны, тут жа парывамі ветру заносіла пах дзёгцю з нованакрытых дахаў, а пасьля — растопленага масла і толькі што сьпечаных абаранкаў. Крыху далей за скрыжаваньнем вуліц Сьвятога Міхала Арханёла і Замкавай усё заглушылі вострыя пахі кіслай капусты і селядцоў, бо непадалёк ад вялікага, як карабель, касьцёла з чырвонай цэглы разьмясьціўся велізарны рыбны рынак, дзе солены, вэнджаны або і крыху пратухлы ўлоў мяшаўся са сьвежым, раскладзеным на лістах чароту і водарасьцяў».

Абсалютна нішто ў кнізе не прымушае цябе адчуць сябе ў Вільні чужым. Пры ўсёй прымітыўнасьці тагачаснай кухні мясцовых жыхароў і іх няўменьні цаніць жаночую прыгажосьць. Так, прынамсі, ацаніў гэтую справу адзін з герояў, француз. Аўтарка стварае неідэалягізаваную літаратуру, хіба што нармальнасьць для яе ў прыярытэце.

Пра беларускую нармальнасьць

У Шупавым перакладзе віленская сага — цэлы беларускі сьвет мовы, гісторыі і нават сучаснасьці. Бо, апроч іншага, гэта вельмі сучасная мова, хоць апісаныя падзеі і адбываюцца так даўно, ты гэтага ні разу не адчуваеш, бо тая ж Вільня, тыя ж імёны і прозьвішчы, той самы чалавечы клопат. Ты быццам нырцуеш у саму праўду жыцьця, пра якую мы ўласна і марым, па якой тужым, якой так мала ў тым інфашуме, у якім мы жывем. Ты чытаеш, а настойлівае пытаньне «Што ж будзе далей?» падганяе. Штодзённасьць складаецца зь безьлічы гісторыяў жыцьця.

Вось пытаньне да гэтай кнігі: ці людзі сапраўды робяцца дурнейшымі?

І разважае Ян Мацей Нарвойш зусім па-сёньняшняму:

«Абавязкова патрэбная вера ў тое, што ўся гэтая валтузьня сапраўды мае нейкі сэнс, які дзівосным чынам возьме і адкрыецца, калі праб’е гадзіна сьмерці, якая яе закончыць, і для таго, каб абгрунтаваць мэтазгоднасьць гэтай валтузьні, хітрыя людзі прыдумалі розныя звычаі і рытуалы нібыта на тое, каб пераканаць, што разлад мэханізма з крыві і касьцей — гэта зусім не канец, а толькі пачатак усяго… Сапраўдная байка прызначаная толькі для таго, каб чалавек забываўся ў забавах, як цяпер тыя дзеці, што хаваюць ката, і так моцна не засмучаўся бессэнсоўнасьцю свайго існаваньня».

На двары XVII ст. І ўсе жывуць, як цяпер. Зрэшты, так хацелася, каб так было, а калі так і было, значыць, цяперашнія людзі дурнейшыя за ранейшых? Вось пытаньне да гэтай кнігі. Ці людзі сапраўды робяцца дурнейшымі?

Пра кнігу

Трэба мець на ўвазе, што гэты раман для дарослых. Жывадзёрскія сцэны ўтвараюць дынаміку, і ўраўнаважваюцца простамоўем, простастылем, простажэстам. Шмат сцэнаў сьмерці і каханьня, якія выпісаныя праўдзіва, нават натуралістычна.

Першы том арыгіналу выйшаў у 2008 годзе і стаў бэстсэлерам, апошні — у 2016-м. Гэта бясспрэчна літаратура найвышэйшае пробы, і яе шэсьце па сьвеце толькі пачынаецца. Яно будзе трыюмфальным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG