Баевікі спрабавалі перабрацца з Афганістану ў пятніцу і суботу ў раёнах Курам і Паўночны Вазырыстан, цяжкапраходных раёнах уздоўж паўночна-заходняй мяжы Пакістану, паведаміла мэдыя-прадстаўніцтва пакістанскіх вайскоўцаў, піша Reuters.
Там дадалі, што спробы пранікненьня ставяць пад сумнеў намеры ўраду Афганістану «адносна разьвязаньня праблемы тэрарызму, які зыходзіць зь яго тэрыторыі».
У Афганістане галоўны прадстаўнік ураду Талібану і Міністэрства абароны не адразу адказалі на просьбу пракамэнтаваць паведамленні пра напады.
Талібан адмаўляе абвінавачваньні Ісламабаду ў тым, што хавае на сваёй тэрыторыі баевікоў і заяўляе, што ваенныя апэрацыі Пакістану «парушаюць сувэрэнітэт Афганістану».
Чыноўнікі абедзьвюх краін сустракаюцца ў Стамбуле, каб прадухіліць узнаўленьне канфлікту пасьля сутыкненьняў паміж іх войскамі раней у гэтым месяцы — найбольш гарачых і крывавых памежных баёў з моманту захопу Кабулу талібамі ў 2021 годзе.
Гэтыя баі пачаліся пасьля таго, як Пакістан запатрабаваў ад талібаў стрымаць баевікоў, якія, паводле іх слоў, дзейнічаюць з афганскіх сховішчаў, што выклікала жорсткую перастрэлку і пакістанскія авіяўдары. Абодва бакі дасягнулі перамір’я ў Досе ў мінулую нядзелю.
Міністар абароны Пакістану Хаваджа Асіф заявіў у суботу, што перамір’е захоўваецца, і ён лічыць, што Афганістан хоча міру. Але ён папярэдзіў, што няўдача ў дасягненьні пагадненьня ў Стамбуле будзе азначаць «адкрытую вайну».
Пакістанскія вайскоўцы ахарактарызавалі нападнікаў у пятніцу і суботу як членаў «Фітны аль-Хварыдж» — тэрміну, які яны выкарыстоўваюць для групаў, якія, паводле меркаваньня афіцыйнага Ісламабаду, натхнёныя ваяўнічай ідэалёгіяй і падтрымліваюцца «замежнымі фундатарамі».
Форум