Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы спынілі расьсьледаваньне інцыдэнтаў зь мігрантамі на мяжы зь Беларусьсю


Беларускі памежны знак на мяжы з Польшчай. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі памежны знак на мяжы з Польшчай. Ілюстрацыйнае фота

Расьсьледаваньне ў красавіку 2024 году ініцыявалі пасьля адпаведнай заявы журналіста і актывіста, які працуе на польска-беларускай мяжы (яго імя пракуратура не называе).

Акруговая пракуратура ў Седльцы (Мазавецкае ваяводзтва Польшчы) паведаміла аб завяршэньні расьсьледаваньняў паводле фактаў злоўжываньня паўнамоцтвамі і невыкананьня службовых абавязкаў пры ахове дзяржаўнай мяжы супрацоўнікамі памежнай аховы, паліцыі і іншых службаў у пэрыяд зь верасьня 2021-га па сакавік 2024 году на польска-беларускай мяжы.

Як адзначаецца ў паведамленьні, у 34 выпадках пракуратура пастанавіла спыніць вядзеньне спраў, паколькі памежнікі не перавысілі свае паўнамоцтвы. Не змаглі пацьвердзіць таксама і падазрэньні ў халатнасьці.

Не знайшлі таксама доказаў, якія маглі пацьвердзіць падазрэньні ў выкарыстаньні супрацоўнікамі працэдуры выдварэньня датычна асобаў, якія падалі вусныя хадайніцтвы аб міжнароднай абароне ў Польшчы, або асобаў, якія знаходзяцца ў сытуацыі, калі ёсьць пагроза жыцьцю або здароўю.

У той жа час у пракуратуры адзначылі, што ў часе расьсьледаваньня былі цяжкасьці з атрыманьнем доказаў, у тым ліку зьвестак аб людзях, якім памежнікі маглі нанесьці шкоду. У шмат якіх выпадках паказаньні сьведкаў былі ўскоснымі і не пацьвярджаліся аб’ектыўнамі доказамі, уключаючы аналіз афіцыйных дакумэнтаў.

У той жа час у двух выпадках сьледзтва зрабіла выснову, што польскія памежнікі перавысілі свае паўнамоцтвы. У суд перадалі тры хадайніцтвы аб умоўным спыненьні вядзеньня справы — такая фармулёўка азначае вызваленьне ад пакараньня ўмоўна, але чалавек застаецца на выпрабавальным тэрміне і павінна кампэнсаваць нанесеную шкоду.

Датычна яшчэ аднаго памежніка ў суд накіравалі абвінаваўчы акт. Яго абвінавачваюць у прысабечваньні маёмасьці, якая належала замежніку. Але асобу гэтага замежніка не ідэнтыфікавалі.

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, бо іх туды нібыта «паклікалі».

Увесь гэты час беларускія памежнікі абвінавачваюць памежныя службы эўрапейскіх краін у жорсткім стаўленьні да мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасячы мяжу празь Беларусь.

Улады Беларусі зьняпраўджваюць сваю датычнасьць да арганізацыі крызісу і заяўляюць, што яго «справакавалі ўлады Эўрапейскага Зьвязу». Згодна з апошняй інфармацыяй Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, з пачатку мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай, Латвіяй і Літвой знайшлі целы 78 мігрантаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG