У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што 51‑гадовага ўдзельніка клюбу КВЗ Васіля Краўчука, затрыманага раней у Пецярбургу, перадалі ў Беларусь — ён ужо знаходзіцца ў адным зь беларускіх СІЗА.
Тры гады таму мужчыну асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за камэнтар у Telegram — ён пажартаваў пра супрацоўніцу Інспэкцыі ў справах непаўналетніх.
Праз тры месяцы пасьля прысуду мужчына перастаў выходзіць на сувязь, яго абвясьцілі ў вышук. Але яшчэ праз тры гады сілавікі знайшлі яго ў расейскім Пецярбургу. Днямі Васіля Краўчука экстрадзіравалі ў Беларусь.
Вынесьлі прысуд палітзьняволенаму фатографу з Мазыра
Фатографа з Мазыра Аляксея Кайдаша асудзілі на 3 гады зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамілі праваабаронцы «Вясны». Яго затрымалі 20 лютага 2025 году. Спачатку яму прызначылі адміністрацыйны арышт паводле арт. 19.11 КаАП, але пазьней супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 361-4 Крымінальнага Кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
У Мазыры Аляксей Кайдаш займаўся прафэсійнымі фатаздымкамі, рабіў вясельныя, дзіцячыя, партрэтныя фота, партфоліа і фота для мэню і каталёгаў, паведаміла «Гомельская Вясна».
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 5 чалавек
- Аркадзь Кайчурэнка асуджаны за камэнтары да пяці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі (арт. 369, 368, 361, 130);
- Васіль Краўчук зьмешчаны пад варту за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369);
- Алег Кульпановіч асуджаны за абразу Лукашэнкі да 1 году пазбаўленьня волі ў калёніі (арт. 368);
- Уладзімір Кушнер за абразу Лукашэнкі і камэнтары пра вайну ва Ўкраіне да 2 гадоў пазбаўленьня волі (арт. 368 і 130).
- Сяргей Лысенка асуджаны за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» да пазбаўленьня волі ў калёніі (арт. 361).
Цяпер у Беларусі 1244 палітычныя вязьні, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 1353. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» YouTube-канал зь беларускамоўнымі дзіцячымі казкамі
Суд Пружанскага раёну 29 кастрычніка прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» YouTube-канал «Будзьма дзецям», дзе былі разьмешчаныя 5 частак лялечнага відэаспэктаклю «Прыгоды мышак», паведаміла «Вясна».
Таксама ў «экстрэмісцкі сьпіс» трапілі :
- TikTok-старонкі: Budzma_razam, LAGERTHA, Совецкая Белоруссия, Dark_Mindset, deadmanriseup, anatoliy17287, siarhei.sparysh, Маладая Грамада, коНа.
- YouTube-канал: Маладая Грамада.
- Instagram: kiraboyarenko1927.
- Telegram-канал: ТипГанц | Ганцевичи.
- «Аднаклясьнікі»: Будзьма Беларусамі! Budzma Belarusami!
- Відэа: Термоядерный Лукашенко | RYTP.
- Пляцоўка данатаў Ko-fi: Budzma.
Форум