Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі як рухавік сыстэмы: чаму беларуская дыктатура ня можа спыніцца


Вучэньні з удзелам АМАПу ў жодзінскай турме № 8, 15 траўня 2025 году
Вучэньні з удзелам АМАПу ў жодзінскай турме № 8, 15 траўня 2025 году

Сьцісла

  • Мяжа паміж палітычным і непалітычным перасьледам размытая. Часта першае хаваецца за другім.
  • Усё часьцей зьяўляецца інфармацыя, што па «палітычных» артыкулах судзяць прыхільнікаў Лукашэнкі. Гэта пацьвярджае заканамернасьць, што ўсялякая дыктатура пажырае сваіх адэптаў.
  • Рэпрэсіўная машына набыла інэрцыйную моц. І яе нават не спыненьне, а проста замаруджваньне працы патрабуе пэўных намаганьняў ад уладара.
  • Калі ў сыстэме мінімізуюцца эканамічныя стымулы, то яна яшчэ можа неяк працаваць пад страхам пакараньня. Гэты мэханізм ня вельмі эфэктыўны, але каб яго не было, то мадэль увогуле разбурылася б.

Інфармацыя пра арышты, затрыманьні ў Беларусі даўно ператварылася ў руціну, паўсядзённасьць, нейкі звыклы фон. На падставе таго, за кім цяпер прыйшлі, можна разважаць пра трэнды грамадзка-палітычнага жыцьця. Паводле такіх законаў і правілаў функцыянуе паліцэйскі рэжым.

Рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя катэгорыі грамадзян

Калі ідзецца пра рэпрэсіі, то гаворка не толькі пра перасьлед палітычна неляяльных грамадзян, якія хоць калісьці ўдзельнічалі ў нейкіх пратэстных акцыях. Вось цяпер у інфармацыйным парадку дня знаходзіцца «справа SoftClub». Некаторы час таму затрыманы кіраўнік гэтай структуры — патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», цяпер гэтая «справа» разьвіваецца і абрастае новымі фігурантамі. Праваахоўныя органы пачалі рэйды па банках, ужо арыштавалі кіраўнікоў прынамсі аднаго прыватнага — Цэптар Банку. Затрыманы старшыня праўленьня Аляксандар Ігнатаў, а таксама адзін зь ягоных намесьнікаў.

У незалежных мэдыях шмат развагаў пра палітычныя рэпрэсіі. Праблема ў тым, што мяжа паміж палітычным і непалітычным перасьледам размытая. Часта першае хаваецца за другім. Асабліва гэта тычыцца бізнэсоўцаў. Іх, напрыклад, прыцягваюць да адказнасьці за нясплату падаткаў.

Мяжа паміж палітычным і непалітычным перасьледам размытая

Вось нядаўна стала вядома, што вынесены прысуд вядомаму бізнэсоўцу Юрыю Марозаву, які ў свой час быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У Беларусі дэпутацтва — знак палітычнай ляяльнасьці: дэпутатаў, нават былых, як правіла, не чапалі. Цяпер і да іх дайшла чарга.

То бок, рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя катэгорыі грамадзян. Гэта прыкмета часу.

На пэўны час затрымлівалі вядомага «алігарха» Аляксандра Шакуціна, вельмі блізкага да Аляксандра Лукашэнкі чалавека. Але блізкасьць не моцна дапамагла. Ягоны бізнэс «адціснулі», сам ён на нейкі час апынуўся за кратамі.

Дарэчы, Уладзімір Пуцін набліжаных алігархаў (братоў Ратэнбергаў, Юрыя Кавальчука) не чапае. А Лукашэнка прыдворных бізнэсоўцаў не шкадуе. Пасьпелі «пасядзець» ня толькі Аляксандар Шакуцін, але і Юрый Чыж. Гэта людзі, якія старанна зьбіралі кавуны, выбіралі бульбу ў сядзібе Лукашэнкі. Але гэта не выратавала. Можна меркаваць, моцна напружыўся Сяргей Цяцерын, якога Лукашэнка жорстка крытыкаваў за «жулікаватыя схемы» на ягоных прадпрыемствах у Копысі.

Сіла інэрцыі рэпрэсіўнай машыны

Усё часьцей зьяўляецца інфармацыя, што па «палітычных» артыкулах судзяць прыхільнікаў Лукашэнкі. Вось апошні прыклад: Іван Юрскі з Нарачы, зацяты прыхільнік беларускай улады і «рускага сьвету», асуджаны за «распальваньне варажнечы».

Гэта пацьвярджае вядомую заканамернасьць, што ўсялякая дыктатура пажырае сваіх адэптаў. Найперш, гэта тычыцца тых прыхільнікаў улады, якія, як напрыклад, сумна вядомая Вольга Бондарава, крочаць не ў адным шэрагу, дазваляюць сабе самастойнасьць. У такой сыстэме, як цяперашняя беларуская, ляяльнасьць павінна быць поўнасьцю кантраляванай, рабіць рухі можна строга паводле загаду.

Рэпрэсіўная машына набыла інэрцыйную моц

Рэпрэсіі выконваюць некалькі функцый. Найперш, нагнятаньне страху, запужваньне грамадзтва. Гэтую задачу рэпрэсіўная машына выканала.

Але высьветлілася, што гэтая рэпрэсіўная машына набыла інэрцыйную моц. І яе нават не спыненьне, а проста замаруджваньне працы патрабуе пэўных намаганьняў ад уладара. Здаецца, гэта стала нечаканым для самога Лукашэнкі. Проста выключыць нейкім тумблерам, ці нават зьменшыць скорасьць гэтага мэханізму ён ня тое, што не можа, але асьцерагаецца наступстваў. Невыпадкова апошнім часам ён некалькі разоў казаў, што, вось, маўляў, мае прыхільнікі не разумеюць, навошта вызваляць палітвязьняў. То бок у перакладзе на зразумелую мову — сілавікі асьцерагаюцца, што ў выпадку палітычнай «адлігі» яны могуць апынуцца крайнімі. Таму Лукашэнка аб’явіў, што беларускія саступкі Захаду будзе зацьвярджаць Савет бясьпекі. Такая вось перастрахоўка.

Мэханізм мабілізацыі і забесьпячэньня дысцыпліны

Другая функцыя рэпрэсій палягае ў тым, каб запусьціць мэханізм мабілізацыі ў грамадзтве. Беларусь знаходзіцца на этапе пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага. Адно з адрозьненьняў палягае ў тым, што ў аўтарытарнай сыстэме, як правіла, пануе лёгіка палітычнай дэмабілізацыі. Рэжым трымаецца на апатыі, дэпалітызацыі, абыякавасьці да паліткі большасьці абывацеляў.

А пры таталітарызьме, наадварот, працуе мэханізм мабілізацыі, тут нельга стаяць у баку, гуляць у абыякавасьць — патрэбна дэманстратыўная ляяльнасьць, хоць бы, напрыклад, у выглядзе флэшмоба «Надо» падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Праблема цяперашняй улады ў тым, што маем таталітарную дзяржаву, але не таталітарнае грамадзтва

Аднак праблема цяперашняй улады ў тым, што маем таталітарную дзяржаву, але не таталітарнае грамадзтва. Толькі ў сыстэме адукацыі больш-менш пасьпяхова адбываецца працэс мабілізацыі, рэалізуецца плян ператварыць школы ў ваенна-патрыятычныя клюбы. Аднак вялікае пытаньне, ці хопіць часу ў існай сыстэмы давесьці сваю справу да канца, датуль, як Лукашэнка сыдзе.

І, нарэшце, яшчэ адна задача рэпрэсій — гэта забясьпечыць выжываньне створанай Лукашэнкам сацыяльнай мадэлі. Нядаўняя нарада ў Віцебску паказала, што сыстэма паступова перастае працаваць. Сам Лукашэнка фактычна гэта прызнаў.

І тут функцыя рэпрэсій дваістая. З аднаго боку, выціснуць грошы адтуль, дзе яны яшчэ засталіся. То бок, узяць у бізнэса. Таму бізнэсоўцаў затрымліваюць, а праз нейкі час адпускаюць. Можна зрабіць выснову, што ім выстаўляюць рахунак, тлумачаць, колькі каштуе свабода. А бізнэсоўцы — людзі спрактыкаваныя ў беларускіх рэаліях, мала хто можа адмовіцца плаціць выкуп.

І другая функцыя — гэта жорсткі ціск на чыноўнікаў і працаўнікоў, дзеля забесьпячэньня таго, што Лукашэнка называе «жалезнай дысцыплінай», «парадкам». Калі ў сыстэме мінімізуюцца эканамічныя стымулы, то яна яшчэ можа неяк працаваць пад страхам пакараньня. Гэты мэханізм ня вельмі эфэктыўны, але каб яго не было, то мадэль увогуле разбурылася б. А так яшчэ нейкі час працягне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG