Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка пяць месяцаў правяла ў гомельскім ізалятары, як у палоне


Натальля Ярашэнка, архіўнае фота
Натальля Ярашэнка, архіўнае фота

Грамадзянка Ўкраіны Натальля Ярашэнка правяла 145 дзён у беларускіх вязьніцах фактычна як падсьледная, але без дакумэнтальнага афармленьня арышту і без выстаўленьня абвінавачаньня.

Натальля Ярашэнка сама да канца не разумее, як такое было магчыма. Яна расказала пра перажытае ў Беларусі праваабаронцам «Вясны».

Дзьве сястры за кратамі ў Беларусі

Натальля Ярашэнка родам з Чарнігава. У прыватных справах ёй часта даводзілася ездзіць у Беларусь, жанчына бывала, сярод іншага, у Гомлі й Берасьці. У чэрвені 2023 году разам з роднай сястрой Людмілай Ганчарэнкай Натальля прыехала ў Берасьце. Разам зь сёстрамі паехалі іхныя сыны-падлеткі. На наступны дзень усіх затрымалі супрацоўнікі беларускага КДБ і заявілі пра падазрэньні ў агентурнай дзейнасьці — у тэлефоне непаўналетняга сына Людмілы, сястры Натальлі, знайшлі фатаздымкі расейскай вайсковай тэхнікі, зробленыя ў Беларусі. У выніку Людмілу засудзілі на тры гады зьняволеньня, а сыноў Людмілы і Натальлі пасьля допытаў адправілі ва Ўкраіну.

Натальлю таксама дэпартавалі на радзіму, але толькі праз 5 месяцаў ізалятару, без адзнакі ў дакумэнтах і выстаўленьня абвінавачаньня, затое зь немалой аплатай за паслугі ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Акрамя непамерных фінансавых выдаткаў, украінка цяпер наракае на страчаныя ў Беларусі нэрвы ды здароўе.

Большасьць часу ў беларускім зьняволенні Натальля Ярашэнка правяла ў гомельскім ІЧУ. У Гомель сёстраў прывезьлі для сьледчых дзеяньняў, бо здымкі на тэлефон сына Людмілы былі зробленыя ў гэтым рэгіёне. Але калі затрыманьне Людмілы аформілі, дык яе сястра Натальля Ярашэнка апынулася ў іншым праўным становішчы.

«Я нават у іх ня значылася»

Ніякіх дакумэнтаў аб прычыне затрыманьня Натальлі так і ня выдалі, як нічога не тлумачылі вусна. Таксама ўкраінка сказала праваабаронцам «Вясны», што за ўвесь час знаходжаньня ў ІЧУ яе некалькі разоў дапыталі, але абвінавачаньня гэтак і не выставілі.

«Я ў іх нават ня значылася ў дакумэнтах. Толькі аднойчы сказалі, што я „на выправаджэньні“, але мяне не было і ў сьпісе на дэпартацыю. Да нас штомесяц прыяжджалі з „Чырвонага Крыжа“. Першы раз мяне нават не запрасілі да супрацоўніка, які выдаваў дэпартантам наборы сродкаў асабістай гігіены. А калі павялі да яго другім разам, то мяне не аказалася ў сьпісах. Але той набор мне ўсё ж выдалі. Адзінае, што ў мяне засталося як сьведчаньне ўтрыманьня, — даведка з разьліковым рахункам, якую яны мне далі, каб я аплаціла ўтрыманьне. Іншых ніякіх дакумэнтаў наагул няма», — успамінала Натальля.

Паводле Натальлі Ярашэнкі, за некалькі дзён да дэпартацыі сьледчыя высьветлілі ў жанчыны, што ў яе няма грошай на аплату «паслугаў ІЧУ».

«Тады сказалі, што адвязуць мяне да сяброўкі, з дапамогаю якой мушу аплаціць рахунак, а бяз гэтага мяне ня выпусьцяць», — расказала Натальля.

Паводле ўкраінкі, за няпоўныя 5 месяцаў у ізалятары часовага ўтрыманьня ёй давялося заплаціць амаль 400 даляраў ЗША.

«Пракладкі даводзілася ня толькі выпрошваць, але і паказваць»

Асобная псыхалягічная рана для жанчыны — бытавыя праблемы, якія яна зьведала ў беларускіх вязьніцах.

Першы і апошні раз на шпацыр жанчыну вывелі прыкладна праз два месяцы пасьля затрыманьня.

Гэтаксама і ў душ Натальлю спачатку не выводзілі зусім, а пазьней дазвалялі хадзіць раз у дзесяць дзён, але гэта залежала ад розных абставінаў.

«І адзеньне мне спачатку не перадавалі, першы месяц наагул нічога не дазвалялі. І з пракладкамі была асобная гісторыя: пракладкі даводзілася ня толькі выпрошваць, але і паказваць тыя, якімі ўжо скарысталіся. У дзяўчынкі, якая са мной была, на выходных адкрыўся крывацёк. Яна грукала „прадольным“, прасіла пракладку. А яны: „Дзе мы вам яе возьмем? Чакайце панядзелка“. Дык яна на злосьці разарвала прасьціну ды падкладала», — згадала ўкраінка зьняволеньне ў Гомельскім ІЧУ.

«Калі да чацьвярга не знайду правільных адказаў на пытаньні, то буду саўдзельніцай»

Сястру Натальлі Людмілу абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці» паводле арт. 358 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы сталі тры эпізоды з фота і відэа расейскай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі ў тэлефоне яе сына.

Сьледчы, які вёў справу, у першай размове напалохаў Натальлю пагрозай зрабіць яе саўдзельніцай.

«Ён сказаў, што калі я да чацьвярга не знайду правільных адказаў на пытаньні, то буду саўдзельніцай, а гэта ад сямі гадоў пазбаўленьня волі».

Паводле Натальлі, размова аднавілася праз два тыдні, калі прэтэнзіі да яе былі ўжо зьнятыя, бо сястра Людміла прызнала віну. Але перажытае адбілася на псыхалягічным стане Натальлі.

«Наагул я чалавек, які ня курыць, але там закурыла ад нэрваў ужо на другі тыдзень», — прызналася Натальля.

«На нэрвовай глебе пачалася аляпэцыя»

Пяць месяцаў у ІЧУ для Натальлі не прайшлі бясьсьледна — пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.

«За час зьняволеньня я схуднела на 18 кіляграмаў. Таксама ў мяне вельмі моцна сеў зрок, бо там пастаянна гарыць электрычнае сьвятло, а на вуліцу не выводзілі. Акрамя гэтага, на нэрвовай глебе ў мяне пачалася аляпэцыя — выпадзеньне валасоў. Калі ў ІЧУ расчэсвалася, дык складвала на ложак гэтыя валасы і за раз па 300 валасінак выпадала.

Яшчэ пачаўся дэрматыт. Я ўжо ня ведаю, як яго вывесьці — даходзіць аж да псарыязу. Ну і бессань. Пасьля вызваленьня ва Ўкраіне праходзіла рэабілітацыю, прымала шмат прэпаратаў. Ужо не кажу, што зьявіліся праблемы з кішачнікам, хрыбетнікам. А яшчэ ў ізалятары вены на назе паўздьдзімаліся гэтак, што, думала, памру. А яны ня верылі, што мне баліць, давялося яшчэ змагацца, каб паказалі лекару», — абураецца, згадваючы «прыгоды» у Гомельскім ІЧУ, украінка Натальля Ярашэнка.

У сьнежні 2023 году Натальлю Ярашэнку вывезьлі ва Ўкраіну, прычым без адзнакі ў пашпарце аб дэпартацыі, праз што жанчына яшчэ зьведала шмат праблемаў на мяжы. А праз паўгоду пасьля яе вызваленьня ўрад Украіны дамогся вызваленьня сваіх грамадзян праз абмен іх як палонных, і гэтак дамоў вярнулася і сястра Натальлі Людміла Ганчарэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG