Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ на закрытую мяжу. Наколькі істотная для Эўразьвязу чарговая забарона Беларусі на транзытны рух грузавікоў


Беларусь забараніла ўяжджаць на сваю тэрыторыю грузавікам, зарэгістраваным у Літве і Польшчы, з 4 лістапада. Якую шкоду гэта прынясе краінам Эўразьвязу, пракамэнтаваў Свабодзе эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

Забарона, уведзеная ўрадам Беларусі, датычыць прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Польшчы і Літве, а таксама легкавых аўтамабіляў з польскай рэгістрацыяй, якія займаюцца грузаперавозкамі.

Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі сказаў Свабодзе, што нечага асаблівага новага ў гэтай забароне няма. Падобная забарона дзейнічала раней.

У красавіку 2022 году Эўразьвяз забараніў уяжджаць на сваю тэрыторыю грузавікам зь Беларусі. У Беларусі ў адказ забаранілі грузавікам, зарэгістраваным у краінах Эўразьвязу, уяжджаць у Беларусь. У чэрвені 2023 году пастанову памянялі: забарона стала датычыць толькі грузавікоў, зарэгістраваных у Польшчы. Апошнія зьмены ў законе ад 4 лістапада 2025 году пашыраюць забарону і на грузавікі, зарэгістраваныя ў Літве, а таксама на легкавікі з Польшчы, якія займаюцца грузаперавозкамі.

«Літва закрыла межы. Давайце і Літве закрыем. Вельмі лягічна з гледзішча ўладаў Беларусі», — камэнтуе Махоўскі.

Ён мяркуе, што гэта спроба Беларусі ня гэтулькі аказаць ціск на Эўразьвяз, колькі паказаць, што і ў Беларусі могуць прыняць захады ў адказ на закрыцьцё мяжы.

«Як гэта было з санкцыямі супраць эўрапейскіх тавараў, садавіны і гародніны, напрыклад. Беларусь ад гэтых санкцыяў больш за ўсіх пацярпела. Калі здарыўся дэфіцыт, давялося скасоўваць санкцыі і масава закупляць у Польшчы яблыкі і бульбу. Беларусь у прынцыпе ня можа нанесьці нейкі ўрон эканамічным інтарэсам Эўразьвязу, нават калі цалкам закрые сваю мяжу. Гэта будзе непрыемна, але маштаб непараўнальны», — тлумачыць эканамічны аглядальнік.

Новае ў законе, дадае Махоўскі, тое, што цяпер у Беларусі акрэсьлілі тэрмін дзеяньня забароны — канец 2027 году. Раней тэрміны не былі пазначаныя.

«Гэта мала што зьменіць. Літва і раней не была выхадам (для польскіх фураў. — РС). Празь літоўскую мяжу ішло мала грузаў у параўнаньні з польскай мяжой. Гэтая праблема вырашалася іншым спосабам. Быў такі мэханізм, што фуры пад’яжджаюць да мяжы зь Беларусьсю і перагружаюць тавар у фуры, зарэгістраваныя ў іншых краінах, звычайна ў Беларусі. Гэта быў ня толькі адказ на санкцыі, але і спосаб зарабіць», — адзначае экспэрт.

З забаронай для літоўскіх машын, на ягоную думку, нічога асабліва ня зьменіцца. Літоўскія фуры могуць паўтарыць мэханізм польскіх — зь перагрузкай тавараў на мяжы.

«З Літвы вазіць цяпер цераз польскую мяжу і так нязручна, бо паміж Літвой і Польшчай дрэнная лягістыка», — зьвяртае ўвагу Махоўскі.

Але забарона, паводле яго, можа ў большай ступені паўплываць на беларускіх дальнабойнікаў, зарэгістраваных у Літве, якім цяпер давядзецца працаваць у новых схемах перавозу тавараў. Ён дадае, што кіроўцы фураў складаюць вялікую долю беларускіх эмігрантаў у Літве.

Што папярэднічала

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам — пакуль на месяц.

Праз палёты балёнаў увосень 9 разоў закрывалі паветраную прастору над Віленскім аэрапортам. У тым ліку адзін раз ужо пасьля поўнага закрыцьця мяжы — 30 кастрычніка.

Закрыцьцё мяжы будзе дзейнічаць да першай гадзіны ночы беларускага часу 1 сьнежня — з магчымасьцю падаўжэньня.

28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка, пасьля кансультацыяў зь Літвой, перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў.

31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рашэньню Польшчы пра адкрыцьцё памежных пераходаў папярэднічала дамоўленасьць пра вызваленьне Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў. Цяпер яна таксама адкладзеная.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG