Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча гатовая ў лістападзе адкрыць яшчэ два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю — прэм’ер-міністар Туск


Дональд Туск, архіўнае фота
Дональд Туск, архіўнае фота

Польшча гатова адкрыць у лістападзе яшчэ два пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Аб гэтым заявіў кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск падчас свайго выступу на Форуме ЭЗ у разьвіцьці межаў.

Пра гэта піша польскі партал Onet.

«Сёлета мы будзем гатовыя адкрыць два памежныя пераходы — у Баброўніках» і «Кузьніцы», — заявіў Туск.

«Што тычыцца „Баброўнікаў“, то лягістычных праблемаў няма. Што тычыцца „Кузьніцы“, дарожнае пакрыцьцё на S19 будзе гатовае толькі да канца году, таму яно будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі да 3,5 тоны, не цяжэй», — патлумачыў польскі прэмʼер.

«Я папрасіў розныя міністэрствы падрыхтаваць гэтае рашэньне, каб яно магло быць прынятае на гэтым тыдні.

Але ў нас ёсьць праблема на літоўска-беларускай мяжы. Праз паўторныя правакацыі, як з выкарыстаньнем паветраных шароў, так і іншых, з боку Беларусі і Расеі, літоўцы закрылі свой адзіны памежны пераход зь Беларусьсю. Таму я чакаю інтэнсіўных перамоваў зь літоўцамі, каб пазьбегнуць нечаканых наступстваў для іх. Мы павінны праводзіць пасьлядоўную палітыку ў дачыненьні да нашых суседзяў.

Калі мы кажам, што можам адкрыць гэтыя пераходы, гэта таму, што мяжа цяпер больш бясьпечная, чым калі-небудзь раней», — заявіў Туск.

Кіраўнік ураду Польшчы таксама дадаў, што адкрыцьцё двух памежных пераходаў будзе «выпрабавальным».

«Калі па нейкай прычыне акажацца, што мяжу трэба будзе закрыць, я ня буду вагацца ні хвіліны. Але я спадзяюся, што ўсе, па абодва бакі мяжы, зразумеюць, што гэтыя пераходы могуць служыць звычайным людзям, і што палітыка не павінная ўвесь час жорстка ўмешвацца ў жыцьцё людзей, якія жывуць паблізу мяжы», — сказаў Туск.

Прэмʼер-міністар дадаў, што Польшча працягне інвэставаць у ахову сваёй усходняй мяжы.

Сёньня на беларуска-польскай мяжы дзейнічае пункт пропуску «Берасьце» (для аўтамабільнага пасажырскага транспарту), а таксама «Казловічы» (для грузавога).

Пункт пропуску ў Баброўніках польскі бок закрыў у 2023 годзе пасьля таго, як у Беларусі прыгаварылі да 8 гадоў зьняволеньня горадзенскага журналіста, прадстаўніка польскай меншасьці Анджэя Пачобута. Пункт пропуску ў Брузгах быў зачынены восеньню 2021 года ў сувязі з атакамі мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу.

Пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Беларусьсю і краінамі ЭЗ былі прыпынены ў 2020 годзе з-за COVID-19. З таго часу іх так і не аднавілі. Пры гэтым грузы па чыгунцы працягваюць дастаўляцца.

9 верасьня сёлета Дональд Туск абвясьціў аб рашэньні цалкам закрыць мяжу з Беларусьсю апоўначы з 11 на 12 верасьня. Ён растлумачыў гэты крок «ростам колькасьці правакацый з боку Расеі і Беларусі» і сумеснымі вайсковымі вучэньнямі «Захад-2025». Мяжа была зачынена на нявызначаны тэрмін.

25 верасьня Польшча аднавіла працу памежных пераходаў «Берасьце — Цярэспаль» (пасажырскі), «Казловічы — Кукурыкі» (грузавы), а таксама чыгуначных грузавых пераходаў «Кузьніца Беластоцкая — Горадня», «Сямянуўка — Сьвіслач» і «Цярэспаль — Берасьце».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG