Дэталі працэсу ўступленьня ў ЭЗ новых чальцоў лідэры 27 краінаў Зьвязу абмяркуюць на адмысловым саміце ў Брусэлі 4 лістапада.
Пра гэта паведамляе Euronews.
Нядаўняе апытаньне паказвае, што больш за палову эўрапейцаў, а дакладней 56%, ухваляюць гэты працэс.
Па дадзеных Eurobarometer, найбольш актыўна пашырэньне эўрапейскай сямʼі падтрымліваюць Швэцыя (79%), Данія (75%) і Літва (74%).
Аўстрыя (45%), Чэхія (43%) і Францыя (43%) найменш падтрымліваюць пашырэньне ЭЗ.
Больш за іншыя катэгорыі насельніцтва пашырэньне падтрымлівае моладзь: 67% эўрапейцаў ва ўзросьце ад 15 да 24 гадоў. Сярод людзей ва ўзросьце ад 25 да 39 гадоў гэты паказчык складае 63%.
«Падтрымка ў значнай ступені зыходзіць ад моладзі і адукаваных людзей», — кажа Карына Стратулат, памочніца дырэктара Цэнтру эўрапейскай палітыкі.
37% рэспандэнтаў лічаць, што пашырэньне ўзмоцніць уплыў ЭЗ у сьвеце; яшчэ 37% перакананыя, што яно ўмацуе эўрапейскі рынак. 30% эўрапейцаў думаюць, што пашырэньне ўзмоцніць салідарнасьць паміж дзяржавамі-чальцамі.
Гэтае пытаньне будзе ў цэнтры ўвагі саміту па пашырэньні, арганізаванага Euronews у Брусэлі 4 лістапада. Лідэры краін-кандыдатаў атрымаюць магчымасьць абмеркаваць падрабязнасьці гэтага працэсу з кіраўніцтвам 27-мі.
Пры гэтым пашырэньне выклікае і асьцярогі. Так 40% эўрапейцаў згадваюць некантралюемую іміграцыю, 39% кажуць пра рызыку росту карупцыі і злачыннасьці, 37% занепакоеныя тым, у што абыдзецца падаткаплацельшчыкам уступленьне новых краін-чальцоў.
Рэспандэнты прапануюць узмацніць жорсткасьць крытэрыяў для ўступленьня, каб гарантаваць, што краіны-кандыдаты будуць выконваць стандарты Эўразьвязу і пасьля ўступленьня.
Форум