Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Позірк» з спасылкай на Delfi.lt.
«Кантрабанда ў дадзеным выпадку — гэта толькі падтэкст або сродак для гібрыднай атакі супраць Літвы, і ў нас ёсьць мноства доказаў, як прамых, так і ўскосных, што гэта наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве», — заявіў Наўседа.
Паводле слоў прэзыдэнта, у Беларусі «нічога выпадковага» не адбываецца, арганізоўваць масавыя залёты аэрастатаў у суседнюю дзяржаву бязь ведама ўладаў немагчыма.
«Таму цалкам відавочна, што да продажу цыгарэт кампаніямі, якія выпускаюць афіцыйную прадукцыю, а таксама прадукцыю, прызначаную для нелегальнага рынку, маюць дачыненьне спэцыяльныя структуры, КДБ, і што з кожнага кантрабанднага пачка цыгарэт зарабляюцца вялікія грошы», — удакладніў кіраўнік літоўскай дзяржавы.
«Грунтуючыся на некаторых назіраньнях», Науседа падкрэсьліў, што «каля чвэрці цыгарэт, якія прадаюцца ў Літве, — кантрабандныя, а з аднаго пачка можна зарабіць 3-4 эўра». Паводле яго слоў, «кантрабанда накіраваная на падтрымку і фінансаваньне беларускага рэжыму, таму ён ёю і цікавіцца».
«Мы адназначна не пацерпім запускаў паветраных шароў, і літоўскія вайскоўцы гатовыя зьбіваць гэтыя шары», — сказаў Науседа, дадаўшы, што адпаведныя сродкі Літва мае, «хоць і ёсьць пэўныя абмежаваньні».
«Над гэтым пытаньнем працуюць і на міжнародным узроўні — важна, каб гэта не было толькі літоўскай праблемай. Пагроза авіяцыйнай бясьпецы павінная стаць праблемай для ўсёй Эўропы, і гэта ўжо робіцца прыярытэтам ЭЗ», — заявіў літоўскі прэзыдэнт.
Паводле яго слоў, якія прыводзіць агенцтва BNS, заяўленая Аляксандрам Лукашэнкам 28 кастрычніка гатоўнасьць папрасіць прабачэньня за кантрабанду сьведчыць пра тое, што «рашэньне аб закрыцьці пунктаў пропуску на нявызначаны тэрмін правільнае».
«Сёньняшні зварот Аляксандра Лукашэнкі і ягоная спроба папрасіць прабачэньня — відавочная прыкмета таго, што гэта балюча, што на гэта рэагуюць», — удакладніў Наўседа.
Сёньня ў Менску, выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы, Лукашэнка закрануў пытаньне крызісу ў беларуска-літоўскіх адносінах. Ён назваў рашэньне Літвы закрыць мяжу зь Беларусьсю празь вялікую колькасьць залётаў паветраных шароў «вар’яцкай афэрай».
Паводле БелТА, ён таксама дадаў:
«Ну і ўжо „самыя вялікія“ ад нас патрабуюць выбачэньняў. Вось я раніцай атрымаў падобную інфармацыю. Ведаеце, калі вінаваты, трэба заўсёды прасіць прабачэньня. І, калі мы будзем перакананыя ў тым, што мы вінаватыя, нас пераканаюць у гэтым (спрабуюць зараз пераканаць), мы публічна гатовы гэта абмяркоўваць, мы папросім прабачэньня. Але калі туды ляцяць нейкія шарыкі паветраныя з цыгарэтамі ці яшчэ зь нечым, я мяркую, што трэба вырашаць гэтае пытаньне там. Яны ж ня проста паляцелі невядома куды. Іх нехта там прыняў ці прымае. Нехта ў гэтым зацікаўлены. Трэба знайсьці і ў корані спыніць падобныя рэчы».
Форум