Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вэнэсуэле патрабуюць пазбавіць грамадзянства лідэраў апазыцыі, уключаючы нобэлеўскую ляўрэатку Марыю Карыну Мачада


Марыя Карына Мачада
Марыя Карына Мачада

У Вэнэсуэле паплечнік прэзыдэнта Нікаласа Мадура Луіс Раці патрабуе ад Вярхоўнага суда пазбавіць грамадзянства лідэраў апазыцыі.

Раці прапануе пазбавіць грамадзянства ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Марыю Карыну Мачада, кандыдата ад апазыцыі на леташніх выбарах прэзыдэнта Эдмунда Гансалеса і былога лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, а таксама па меншай меры пяці журналістаў.

Зрабіць гэта Раці прапануе з прычыны «нелюбові да краіны» з боку апазыцыянэраў, таксама ён абвінавачвае Мачада і іншых апазыцыянэраў у супрацоўніцтве з замежнымі дзяржавамі, цытуе заявы палітыка Вloomberg. Раці ўжо падаў адпаведныя заяву аб пазбаўленьні гэтых людзей грамадзянства ў Вярхоўны суд Вэнэсуэлы.

Вэнэсуэла закрыла амбасаду ў Нарвэгіі празь некалькі дзён пасьля прысуджэньня сёлета Нобэлеўскай прэміі міру апазыцыянэрцы Мачада.

Раці — прадпрымальнік і пастар Эвангелічнай царквы. Ён некалькі разоў балятаваўся на выбарах у Вэнэсуэле як у парлямэнт, гэтак і на прэзыдэнцкіх выбарах 2018 і 2024 года. Ён блізкі паплечнік прэзыдэнта Мадура.

Канстытуцыя Вэнэсуэлы абвяшчае, што тыя, хто зьяўляюцца вэнэсуэльцамі па нараджэньні, ня могуць быць пазбаўленыя грамадзянства. Экспэрты ўжо параўналі прапановы Раці з палітыкай нікарагуанскага лідэра Даніэля Артэгі, які пазбаўляў грамадзянства апазыцыянэраў.

Мачада атрымала Нобэлеўскую прэмію ўвосень 2025 года — «за нястомную працу ў прасоўваньні дэмакратычных правоў народа Вэнэсуэлы і за яе барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі». Яна была кандыдаткай ад апазыцыі ў прэзыдэнты на выбарах 2024 года, але ўлады зьнялі яе з выбараў, пасьля чаго яе месца заняў Эдмунда Гансалес. Дзеючы прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура па выніках тых выбараў зноў абвясьціў аб сваёй перамозе, але ААН. Эўрапарлямэнт і Дзярждэпартамэнт ЗША прызналі абраным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы менавіта Гансалеса.

За выключэньнем Мачада, большасьць асобаў у сьпісе Раці зараз жывуць у выгнаньні, уключаючы Гансалеса. Мачада знаходзіцца ў краіне, але хаваецца: улады Вэнэсуэлы забралі ў яе пашпарт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG