Закіды да Польшчы
«У нас з палякамі былі кантакты. Яны просяць там гэтых Пачобутаў, шпіёнаў прызнаюць. Яны затрыманыя. „Аддайце“. Мы ім кажам: „Ну добра, там 2-3 чалавекі нашых ёсьць. Вяртайце. Зробім абмен“. Таксама ж семʼі і гэтак далей. Разьведка была, ёсьць і будзе. Я прызнаю гэта, паважаю. Добра, абмяняем. Пачобута хочаце — мы гатовыя пайсьці і на гэта. „Ой, дзякуй вам і іншае, мы гатовыя з вамі размаўляць, мы адкрываем пункты пропуску, яшчэ штосьці“», — апавёў Лукашэнка.
«Учора пад ноч мне дакладвае КДБ: „Не, яны адступілі ад гэтай пазыцыі ў знак салідарнасьці зь Літвой за гэтыя вось шарыкі“. Я кажу: Перадайце ім прывітаньне. Адступілі — ну і мы адступім. Мы на паўзу ставім. Калі сасьпееце — прыходзьце, будзем з вамі размаўляць».
Паводле Лукашэнкі, ён ішоў раней на саступкі, але больш ня можа:
«Калі ты ім робіш нейкія крокі, чалавечыя крокі, яны гэта не разумеюць. Яны гэта разумеюць як слабасьць. І амэрыканцы, і ўсе іншыя. Ды ня ў слабасьці справа. А справа ў тым, што я не магу далей адступаць. Не магу».
«Я амэрыканцам кажу: у мяне свае людзі ёсьць, якія ацэньваюць мяне па канкрэтных кроках. Яны бачаць: „А, Лукашэнка там гэта адступіць, гэтага, гэтага вызваліў... А навошта, а ня трэба, хай бы сядзеў“. А яны ж не валодаюць той інфармацыяй, а я вочы ў вочы не магу ім усё гэта расказаць», — сказаў Лукашэнка.
Закіды да ЗША
Ён таксама зноў паўтарыў, што гатовы да «вялікай угоды» з ЗША і выказаў сваё разуменьне таго, як яна павінна выглядаць:
«У чым сутнасьць „вялікай угоды“? Мы робім тое, што яны хочуць, а яны робяць, што мы хочам — вялікая ўгода. Я кажу: „Мы гатовыя, але ў нас ёсьць свае інтарэсы“», — патлумачыў Лукашэнка.
Разам з тым, Лукашэнка заявіў, што ў адказ на просьбу амэрыканскага боку выбачыцца перад Літвой за запуск кантрабандных шароў з цыгарэтамі, нецэнзурна паслаў іх.
«Адкрыю сакрэт: мы з амэрыканцамі вядзем перамовы. Па-рознаму, цяжка ідуць гэтыя перамовы. Ну і літаральна на наступны дзень пасьля ночы, калі гэтыя шарыкі паляцелі, амэрыканцы мэсэдж нам даслалі, што беларусы вінаватыя, што гэта здарылася, і ўлады, і Лукашэнка павінны неадкладна папрасіць прабачэньня перад Літвой, прытым публічна, за гэта. Я кажу: „Пайшлі нах... “ І гэтак далей. Я ж сказаў, што мы папросім прабачэньня, але калі будзем вінаватыя. За што мне прасіць прабачэньня?», — цытуе Лукашэнку ягоны афіцыйны сайт.
28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацый зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў.
Закіды да Літвы
Літоўцы самі з тэрыторыі Беларусі перакідвалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытаньне журналістаў, перадае БЕЛТА.
Паводле Лукашэнкі, самі грамадзяне Літвы на фоне закрыцьця заходнімі суседзямі Беларусі межаў вырашылі зарабіць на перапродажы цыгарэт. Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што ў такія ўмовы іх паставілі ўласныя ўлады, спыніўшы нармальныя гандлёвыя сувязі і пабудаваўшы плот на мяжы.
«Улады літоўскія і польскія — вы вінаватыя, што так адбываецца. Вы навошта паставілі людзей у такія ўмовы? Навошта вы іх штурхнулі на шлях злачынства?» — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго беларускія грамадзяне абсалютна легальна набывалі на вытворчасьці цыгарэты і перадавалі літоўцам, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі, «атрымліваючы свой навар». І ўжо самі літоўцы сваім хаўрусьнікам перапраўлялі тавар з дапамогай паветраных шароў. Выгада заключалася ў розьніцы коштаў на цыгарэты ў Беларусі і краінах ЭЗ, лічыць Лукашэнка.
Хто такі Анджэй Пачобут
Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на восем гадоў калёніі строгага рэжыму.
16 студзеня 2025 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».
10 лютага 2023 году пасьля палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных падарожнікам пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
30 кастрычніка 2024 году міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што Варшава «праз розныя каналы» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у турмах Беларусі, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.
22 кастрычніка 2025 году Анджэя Пачобута ўганаравалі прэміяй Эўрапарлямэнту імя Сахарава «За свабоду думкі».
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум