Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай выведкі». Што адказаў Раман

абноўлена

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

«Доўга расказваць ня буду. Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай выведкі, — заявіў Лукашэнка. — Нам трэба было яго затрымліваць?»

Аляксандар Лукашэнка ў развагах вакол сытуацыі з закрыцьцём мяжы Літвой выказаў думку, што ягоныя апанэнты за мяжой проста шукаюць падставы, каб паспрабаваць «нагнуць» беларускі бок.

І прывёў прыклад , каб праілюстраваць памылковасьць, зь яго пункту гледжаньня, санкцый супраць «Белавія». Іх увялі пасьля таго, як у Менску праз паведамленьне наконт выбухоўкі на борце вымушана прызямліўся рэйс Ryanair, на якім з Грэцыі ляцеў былы сурэдактар тэлеграм-каналу Nexta Раман Пратасевіч з сваёй дзяўчынай Соф’яй Сапегай.

«Доўга расказваць ня буду. Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай выведкі, — заявіў Лукашэнка. — Нам трэба было яго затрымліваць?»

«А вось пытаньне, чаму яны [Ryanair] у Вільню ляцелі, там ня селі, а разьвярнуліся і ў Менск прыляцелі, селі пасьля званку, што ў іх на борце там нейкая выбухоўка... Ну садзіцеся, вы ў Вільню ляцелі, над Вільняй былі — садзіцеся. Разьвярнуліся, прыляцелі ў Менск. Селі ў Менску. Я кажу: „Ну што, праводзьце апэрацыю, ён жа пад прыкрыцьцём працаваў гэтых зьбеглых. Праводзьце апэрацыю як належыць“», — апавёў Лукашэнка.

«Прыйшлося нам апэрацыю праводзіць па ягоным затрыманьні. Хоць нам ня трэба было яго затрымліваць. Ён прыехаў у Грэцыю, яго туды выклікалі, ён далажыў выведнікам усё, што нас цікавіла, атрымаў заданьне і ляцеў назад. Туды, дзе працаваў, празь Вільню. Нас абвінавацілі ў тым, што мы затрымалі апазыцыянэра. А ён ня наш апазыцыянэр. Мы не затрымлівалі апазыцыянэра. Вось увялі санкцыі...» — сказаў Лукашэнка.

Раман Пратасевіч пацьвердзіў «Люстэрку» словы Лукашэнкі пра тое, што ён супрацоўнік беларускай выведкі.

Тое самае Пратасевіч адказаў і беларускім прапагандыстам, і прадстаўнікам расейскіх СМІ, якія да яго зьвярнуліся па камэнтар.

23 траўня 2021 году ўлады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Беларускія спэцслужбы затрымалі пасажыраў рэйсу — аўтара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былога галоўнага рэдактара каналаў Nexta Рамана Пратасевіча і грамадзкую актывістку, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу. Краіны Эўразьвязу, Украіна, шэраг іншых краінаў у адказ увялі санкцыі адносна авіязносінаў зь Беларусьсю.

6 траўня 2022 году Горадзенскі абласны суд пакараў Сапегу 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму. 7 чэрвеня 2023 году Соф’ю Сапегу памілавалі, пасьля чаго перадалі дэлегацыі Прыморскага краю.

3 траўня 2023 году на працэсе над рэдактарамі каналаў Nexta Рамана Пратасевіча асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 22 траўня было абвешчана, што Пратасевіч памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG