Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі ў Беларусі праводзяць з будучымі прызыўнікамі «выхаваўчыя» інструктажы


Прадстаўнікі сілавых органаў Веткаўскага раёну на сустрэчы з прызыўнікамі. Фота газэты «Голас Веткаўшчыны», 3 лістапада 2025 году
Прадстаўнікі сілавых органаў Веткаўскага раёну на сустрэчы з прызыўнікамі. Фота газэты «Голас Веткаўшчыны», 3 лістапада 2025 году

На тэрміновую службу ўва Ўзброеныя сілы Беларусі за апошнія два месяцы паступяць прыблізна 10 000 маладых людзей прызыўнога ўзросту і яшчэ прыблізна 500 — на службу ў рэзэрве.

Цягам апошняй прызыўной кампаніі, што пачалася ў сярэдзіне кастрычніка, ува ўсіх рэгіёнах урачыста адпраўлялі ў войска.

У цырымоніях звычайна бралі ўдзел прадстаўнікі раённых уладаў, вайсковыя камісары, прадстаўнікі міліцыі й мясцовых управаў МНС, рэгіянальных арганізацыяў БРСМ, а таксама сьвятары й мясцовыя творчыя калектывы.

Разам з тым у рэгіёнах адбываюцца і менш урачыстыя падзеі, якія можна расцаніць як папярэджваньне маладых людзей наконт правапарушэньняў, у прыватнасьці ўхіленьня ад службы.

Прызыўнікі Веткаўскага раёну на сустрэчы з прадстаўнікамі сілавых органаў. Фота газэты «Голас Веткаўшчыны» за 3 лістапада 2025 году
Прызыўнікі Веткаўскага раёну на сустрэчы з прадстаўнікамі сілавых органаў. Фота газэты «Голас Веткаўшчыны» за 3 лістапада 2025 году

Напрыклад, 3 лістапада ў цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Веткаўскага раёну з прызыўнікамі паразмаўлялі старшыня мясцовага суду Вольга Сычова, пракурор раёну Дзьмітры Сініцкі, начальнік мясцовага аддзяленьня Сьледчага камітэту Сяргей Худзякоў, намесьнік начальніка РАУС Дзьмітры Сыравацкі і начальнік асобнай групы вайсковага камісарыяту Добрускага і Веткаўскага раёну Мікалай Харкоў.

«Галоўнай мэтай сустрэчы была прафіляктыка правапарушэньняў у галіне выкананьня абавязкаў вайсковага ўліку і недапушчэньня воінскіх злачынстваў», — паведаміла раённая газэта «Голас Веткаўшчыны».

Улады Беларусі не даюць афіцыйнай статыстыкі фактаў ухіленьня юнакоў ад службы ў войску. Былі выпадкі, калі праваахоўныя органы абвяшчалі іх міжнародны вышук.

Ухіленьне ад арміі ў Беларусі — крымінальнае злачынства, за якое, залежна ад абставінаў, могуць пакараць штрафам, арыштам да шасьці месяцаў, абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі на два гады. У адміністрацыйным парадку караюць за няяўку ў камісарыят без паважлівых прычын.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG