Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і краіны Цэнтральнай Азіі дасягнулі пагадненьня на перамовах пра рэдказямельныя мінэралы ў Вашынгтоне


Дональд Трамп і кіраўнікі дзяржаў Цэнтральнай Азіі на ўрачыстай вячэры ў Вашынгтоне 6 лістапада 2025 году
Дональд Трамп і кіраўнікі дзяржаў Цэнтральнай Азіі на ўрачыстай вячэры ў Вашынгтоне 6 лістапада 2025 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра шэраг гандлёвых і дыпляматычных пагадненьняў, прымаючы пяцёрку лідэраў Цэнтральнай Азіі на перамовах і адмысловай вячэры.

ЗША намагаюцца зьменшыць татальную перавагу Кітаю ў кантролі за рэдказямельнымі мэталамі, піша Рыд Стэндыш, карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

У суправаджэньні дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і віцэ-прэзыдэнта Дж. Д. Вэнса ў Белым доме Дональд Трамп заявіў, што імкнецца зрабіць дачыненьні ЗША з Цэнтральнай Азіяй «мацнейшымі, чым калі-кольвек дагэтуль», у той час як кіраўнікі Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану віталі новую эру сувязяў.

Перад гэтым Казахстан абвясьціў пра буйную зьдзелку наконт мінэральных рэсурсаў дзякуючы новаму партнэрству са Злучанымі Штатамі для распрацоўкі аднаго з найбуйнейшых у сьвеце нявыкарыстаных радовішчаў вальфраму на сваёй тэрыторыі. Паводле ўмоваў угоды, амэрыканская кампанія Cove Kaz Capital Group атрымае дзель у 70% у прадпрыемстве разам з казаскай дзяржаўнай горназдабыўной кампаніяй. Гэтая частка ацэньваецца ў 1,1 мільярда даляраў, у той час як Экспартна-імпартны банк ЗША апублікаваў ліст аб зацікаўленасьці ў фінансаваньні праекту ў памеры 900 мільёнаў даляраў.

Сярод іншых высноў саміту — пакуль яшчэ ня цалкам распрацаванае пагадненьне аб продажы да 37 самалётаў Boeing нацыянальным авіякампаніям Казахстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану. На дыпляматычным фронце Казахстан заявіў, што разьлічвае далучыцца да Абрагамскіх пагадненьняў — амэрыканскай структуры супрацы паміж Ізраілем, арабскімі і мусульманскімі краінамі.

Новы разьдзел у амэрыканскім сцэнары для Цэнтральнай Азіі

Цэнтральная Азія імкнецца збалянсаваць свае гандлёвыя адносіны і справы ў галіне бясьпекі, у якіх дамінуюць Кітай і Расея, паглыбляючы сувязі са Злучанымі Штатамі.

Саміт у Вашынгтоне — вынік іншых сёлетніх намаганьняў буйных дзяржаў паглыбляць дачыненьні з рэгіёнам. У верасьні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін разам з кіраўнікамі краінаў Цэнтральнай Азіі прыняў удзел у саміце ў Таджыкістане, а ў чэрвені кіраўнік Кітаю Сі Дзіньпін адправіўся ў Казахстан на сустрэчу з прэзыдэнтамі дзяржаў рэгіёну.

У красавіку Эўрапейскі зьвяз таксама правёў саміт, ён прайшоў ва Ўзбэкістане. Эўрапейскія палітыкі абмяркоўвалі з кіраўнікамі гэтых дзяржаў інвэстыцыі ў інфраструктуру і доступ да найважнейшых карысных выкапняў Цэнтральнай Азіі.

Мінэральныя багацьці зноў апынуліся ў цэнтры ўвагі ў Вашынгтоне, ключавым пунктам сталі глыбокія запасы рэдказямельных элемэнтаў — 17 элемэнтаў, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім, ад ветраных турбінаў да смартфонаў і рухавікоў зьнішчальнікаў, — а таксама велізарныя радовішчы ўрану, медзі, золата і іншых стратэгічных карысных выкапняў, неабходных для глябальных намаганьняў перайсьці да больш экалягічных формаў энэргіі.

Піні Альтхаўс, генэральны дырэктар Cove Kaz Capital Group, якая падпісала ўгоду наконт вальфраму ў Казахстане, назваў пагадненьне «перамогай пакаленьняў для ЗША і іх крытычных патрэбаў у карысных выкапнях». Ён заявіў Reuters, што Трамп і міністар гандлю ЗША Говард Лутнік дапамаглі прыйсьці да пагадненьня, і тым самым Злучаныя Штаты перашкодзяць распрацоўваць стратэгічнае радовішча кітайскім кампаніям.

Гэтыя пагадненьні адбыліся пасьля замірэньня ў гандлёвай вайне Пэкіну і Вашынгтону і паскарэньня канкурэнцыі паміж Злучанымі Штатамі і Кітаем за экспарт рэдказямельных элемэнтаў — ключавога моманту напругі ў іхных гандлёвых перамовах. Гэта прывяло да гадавога прыпыненьня некаторых экспартных абмежаваньняў Кітаю на рэдказямельныя элемэнты пасьля сустрэчы Трампа і Сі ў канцы кастрычніка.

Вашынгтон цяпер шукае новыя спосабы абысьці Пэкін у пытаньні мэталаў. На долю Кітаю прыпадае амаль 70% здабычы рэдказямельных элемэнтаў у сьвеце, гэтая дзяржава таксама кантралюе прыкладна 90% іх перапрацоўкі.

6 лістапада адміністрацыя Трампа дадала ў асобны стратэгічны сьпіс 10 мінэралаў, якія яна лічыць неабходнымі для эканомікі і нацыянальнай бясьпекі ЗША, у тым ліку медзь, жыцьцёва важную для электрамабіляў, электрасетак і цэнтраў апрацоўкі зьвестак, і мэталюргічны вугаль, які выкарыстоўваецца ў вытворчасьці коксу для вырабу сталі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG