Пра гэта гаворыцца ў сумеснай прапанове пад назвай «Гандаль дзеля бясьпекі» ад сямі краін — Нямеччыны, Фінляндыі, Швэцыі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Польшчы, — якія прапануюць увесьці дадатковыя сэктаральныя тарыфы, каб паступова спыніць гэты гандаль. Украінская служба Радыё Свабода азнаёмілася з гэтым дакумэнтам і пералічыла яго асноўныя пазыцыі.
Краіны-ініцыятары падкрэсьліваюць, што імпарт з Расеі ня толькі забясьпечвае ёй «значныя даходы і падсілкоўвае яе вайсковы апарат», але і «наўпрост шкодзіць эўрапейскай эканамічнай бясьпецы, бо падтрымлівае залежнасьць у стратэгічна важных сэктарах».
Аўтары дакумэнту падкрэсьліваюць, што нават пасьля 19-га пакету санкцыяў ЭЗ і пляну Эўрапейскай камісіі паскорыць адмову ад расейскіх крыніц энэргіі некаторыя катэгорыі імпарту застаюцца неабмежаванымі, што дазваляе Расеі надалей атрымліваць мільярды даходаў.
Згодна з дакумэнтам, у 2024 годзе ЭЗ найбольш закупіў у Расеі:
- Нафты і газу — на 22,3 млрд эўра (65% усяго імпарту з Расейскай Фэдэрацыі);
- Жалеза і сталі — на 2,6 млрд эўра (8%);
- Угнаеньняў — на 1,7 млрд эўра (7,5%);
- Нікелю і алюмінію — на больш як 1,8 млрд эўра (разам 6%);
- Прадуктаў неарганічнай хіміі, рыбы, прамысловага абсталяваньня — яшчэ на каля 1 млрд эўра.
Беларусь, як адзначаецца ў дакумэнце, таксама застаецца значным пастаўніком угнаеньняў і хімічнай прадукцыі, таму тарыфныя прапановы распаўсюджваюцца і на яе.
Што прапануюць
У дакумэнце вызначаныя тры прыярытэтныя катэгорыі для новых тарыфаў:
Жалеза і сталь. Прапануецца ўвесьці тарыфы на расейскія сталёвыя сьлябы, зараз вызваленыя ад санкцыяў да 2028 году. Гэта абароніць эўрапейскіх вытворцаў ад дэмпінгу з боку субсыдыяваных расейскіх кампаніяў, якія, адрозна ад эўрапейскіх, ня плацяць экалягічны падатак на выкіды вугляроду.
«З увагі на тое, што эўрапейскі сталеліцейны сэктар ужо сутыкаецца з праблемамі, здаецца апраўданым разгледзець меры, якія дазволяць зьмякчыць рызыку далейшага канкурэнтнага нявыгаднага становішча ў параўнаньні з субсыдыяванымі расейскімі вытворцамі», — сьцьвярджаецца ў дакумэнце.
Неарганічная хімія. Ініцыятары заклікаюць замяніць расейскі імпарт аміяку і фасфатаў кальцыю пастаўкамі зь іншых рынкаў — ЗША, Канады, Ізраілю, Ярданіі.
Што да імпарту з ЗША, то ЭЗ абавязаўся назаўсёды зьнізіць свой тарыф на гэтыя хімічныя рэчывы з 5,5% да нуля, што палегчыць доступ да рынку амэрыканскім вытворцам, «аднаму зь вядучых пастаўнікоў у сьвеце», гаворыцца ў дакумэнце.
Калійныя ўгнаеньні. Прапануецца скараціць або зьліквідаваць тарыфную квоту на імпарт з Расеі і Беларусі, дагэтуль практычна неабмежаваную. Гэта таксама дапаможа спыніць зьніжэньне вытворчасьці калію ў ЭЗ.
Дакумэнт сямі краін ня мае абавязковага характару, гэта прапанова для Эўрапейскай камісіі як мага хутчэй падрыхтаваць прапанову новых тарыфаў на імпарт з Расеі і Беларусі, каб скараціць іхны даходы, адначасова мацуючы эканамічную бясьпеку ЭЗ.
Форум