Генэральная пракуратура і Служба бясьпекі Ўкраіны 6 лістапада заявілі, што суд у Запарожжы пакараў 27-гадовага Дзьмітрыя Курашава да пажыцьцёвага зьняволеньня за гэтае злачынства, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Суд прызнаў Курашава, стралка штурмавога падразьдзелу «Шторм-В» 127-й мотастралковай дывізіі Расеі, што складаўся з асуджаных, якія запісаліся ваяваць за Крэмль ва Ўкраіне ў абмен на вызваленьне з турмы на радзіме, што ён ва ўпор застрэліў бяззбройнага ўкраінскага вайскоўца Віталія Хаднюка.
Паводле суду, Хаднюк выйшаў бяззбройным з бліндажу і выканаў загад падняць рукі і стаць на калені. Курашаў, аднак, адкрыў агонь з аўтамату Калашнікава.
Абвінавачаны быў асуджаным на радзіме злодзеем. Ён раней быў асуджаны ў Расеі за крадзеж. Ён далучыўся да расейскіх узброеных сіл у лістападзе 2023 году ў абмен на амністыю і быў накіраваны на Запароскі фронт.
Пасьля таго расстрэлу ўкраінскія войскі пачалі контратаку, адбілі свае пазыцыі і ўзялі ў палон Курашава і чатырох ягоных таварышаў па войску, некаторыя зь якіх далі паказаньні супраць яго на судзе. Курашаў у тым баі страціў вока.
У час суду Курашаў спачатку прызнаў віну, але пазьней спрабаваў адмовіцца ад сваіх прызнаньняў, сьцьвярджаючы, што вінаваты іншы жаўнер. Аднак суд улічыў паказаньні іншых зьняволеных і доказы, ды прызнаў абвінавачанага вінаватым.
Прысуд быў вынесены на фоне таго, як улады Ўкраіны працягваюць дакумэнтаваць іншыя парушэньні міжнароднага права, у тым ліку пацьверджаны расстрэл больш за 320 украінскіх палонных з пачатку ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году.
У лютым у сваёй справаздачы Місія ААН у маніторынгу правоў чалавека (HRMMU) абвінаваціла расейскія ўлады ў тым, што ўкраінскія палонныя зазнавалі «сыстэматычных і шырока распаўсюджаных катаваньняў».
Аўтары той справаздачы паведамілі, што зь лютага 2022 году пацьвердзілі пакараньне сьмерцю 71 украінскага палоннага вайскоўца. HRMMU таксама заявіла, што зафіксавала «трывожны ўсплёск пакараньняў сьмерцю з жніўня 2024 году, прычым як мінімум 79 пакараньняў сьмерцю ацэньваюцца як праўдападобныя ў 24 асобных інцыдэнтах».
Масква адмаўляе, што яе вайскоўцы зьдзяйсьнялі зьверствы ва Ўкраіне, нягледзячы на масіў доказаў.
Форум