Паводле зьвестак украінскіх сілавікоў, у Пакроўску Данецкай вобласьці знаходзяцца 314 расейскіх вайскоўцаў, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 7 лістапада на брыфінгу па выніках Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
«Сытуацыя складаная. 5-га праціўнік правёў штурмавыя апэрацыі з выкарыстаньнем тэхнікі. Ён страціў тэхніку, але мэта нумар адзін для праціўніка – як мага хутчэй заняць Пакроўск. Гэтая мэта застаецца. Гэта відаць па колькасьці штурмаў. За тры дні было 220 штурмаў Пакроўска. Паводле ваенных дадзеных, 314 «расейцаў» знаходзяцца ў самым горадзе, унутры», – сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што «вельмі вялікая групоўка» расейскіх войскаў знаходзіцца на ўскраіне і цісьне на гэты кірунак.
Начальнік Генэральнага штаба Ўзброеных сіл Украіны Андрэй Гнатаў, са свайго боку, дадаў, што Пакроўскі кірунак сёньня – адзін з самых гарачых.
«Вораг не адмаўляецца ад спроб захапіць Пакроўск і стварыць умовы для акружэньня Пакроўска-Мірнаградскай агламэрацыі», – сказаў ён, дадаўшы, што такі намер расейскія войскі маюць ужо больш за год.
«Яны спрабуюць стварыць умовы для захопу гэтага адносна невялікага горада. Ёсьць пэўная перавага ў сілах і сродках праціўніка. Яны часткова праніклі ў гарадзкую тэрыторыю, асабліва на паўднёвую ўскраіну гэтага населенага пункта, і такім чынам спрабуюць стварыць цэнтар для працягу наступу», – сказаў начальнік Генэральнага штаба.
Адказваючы на пытаньне аб магчымым вывадзе ўкраінскіх войскаў з Пакроўска, Гнатаў адзначыў, што ўсе рашэньні будзе прымаць ваеннае камандаваньне. «Зараз у першую чаргу ў інтарэсах абаронцаў горада лішняя публічная інфармацыя дакладна не дапаможа ім выканаць свае задачы», – растлумачыў ён.
Раней сёньня 7-ы корпус хуткага рэагаваньня Дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейская армія зьнізіла сваю актыўнасьць у Пакроўску і спрабуе наладзіць лягістыку.
Да гэтага Амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны ў сваёй справаздачы заявіў, што расейскія войскі працягваюць прасоўвацца ў Пакроўскім кірунку і дзейнічаюць «з усё большай камфортнасьцю» унутры самога горада. Адначасова ўкраінскія войскі працягваюць абарончыя намаганьні і контратакі ў Пакроўскім кірунку, а таксама вызвалілі значную частку тэрыторыі, куды праніклі расейскія войскі ў Дабрапольскім кірунку.
Пакроўск, горад з насельніцтвам каля 1250 чалавек (мясцовыя ўлады на канец кастрычніка падлічылі, што да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня яно было больш за 60 000), зьяўляецца важным аўтамабільным і чыгуначным вузлом і большую частку года знаходзіцца пад пагрозай акружэньня расейскімі войскамі.
Форум