Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На тле вайны ва Ўкраіне неяк нам радавацца...». Лукашэнка адкрыў мост і заклікаў украінцаў ехаць у Беларусь

абноўлена

Лукашэнка на адкрыцьці маста ў Мазыры цераз Прыпяць, 6 лістапада 2025
Лукашэнка на адкрыцьці маста ў Мазыры цераз Прыпяць, 6 лістапада 2025

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што абноўлены мост цераз раку Прыпяць пабудавалі для беларусаў і ўкраінцаў, і заклікаў грамадзян Украіны прыяжджаць у Беларусь.

«Мы адкрытыя. Калі ласка, прыяжджайце, украінцы. Мы з задаволеньнем вас прымем. Вашым сем’ям, вашым дзеткам забясьпечым такое жыцьцё, як беларусам у пляне адукацыі, аховы здароўя», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, шмат «перасяленцаў з Украіны» ўжо працуюць, у тым ліку і ў Гомельскай вобласьці. «Мы гатовыя іх прымаць. Для нас украінцы — гэта добра. Гэта вельмі працавитыя людзі, якія разумеюць нас і размаўляюць з намі на адной мове. Тым ня менш, бяда прыйшла ў дом нашага суседа. Мяркую, што ўстаканімся мы з гэтай праблемай», — заявіў ён.

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што не адразу ўхваліў рашэньне ехаць на адкрыцьцё маста праз блізкасьць гэтага раёну да Ўкраіны, дзе адбываецца вайна. «Думаю, ну, на тле вайны ва Ўкраіне неяк тут нам радавацца і прэзыдэнту ехаць... Зразумела, што гэта прагучыць. Але, мяркую, выбачаць мяне ўкраінцы. Мы ж злучаем берагі ў тым ліку і для іх», — дадаў ён.

Пра што Лукашэнка не згадаў

Згодна зь інфармацыяй беларускіх праваабронцаў, на сярэдзіну 2024 году ў Беларусі ў зьняволеньні паводле крымінальных артыкулаў утрымлівалі сама меней 15 украінцаў. 28 чэрвеня 2024 году зь Беларусі па абмене як палонных вызвалілі 5 палітзьняволеных грамадзян Украіны: на волі апынуліся Натальля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава і фігурант «справы дывэрсіі ў Мачулішчах» Мікалай Швец, якога ў кастрычніку завочна асудзілі на 25 гадоў калёніі.

Украінцаў у Беларусі найчасьцей перасьледуюць за нібыта «супрацоўніцтва з украінскімі спэцслужбамі». Дзеяньні затрыманых кваліфікуюць як «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358 КК). Фігурантамі гэтых артыкулаў сталі сама меней восем грамадзян Украіны. Крыніца інфармацыі пра такія справы ў большасьці выпадкаў — прапагандысцкія сюжэты, суды праходзяць у закрытым рэжыме.

У пачатку 2025 году Гомельскі філіял дзяржаўнага прадпрыемства «БелЮрЗабесьпячэньне» выставіў на аўкцыён мінівэн Mercedes-Benz Vito з украінскімі нумарамі, які належыць раней асуджанай у Беларусі па абвінавачаньні ў шпіянажы жыхарцы Чарнігава Натальлі Захаранцы. Яе асудзілі «за шпіянаж» на 9 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй аўтамабіля, але пазьней вызвалілі ў складзе групы ўкраінцаў у рамках абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай.

Некалькіх ураджэнцаў Украіны Беларусь абвясьціла ў вышук.

Паездкі Лукашэнкі ў памежную з Украінай Гомельскую вобласьць

Пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны Лукашэнка доўгі час увогуле не наведваў Гомельскую вобласьць, і тым больш памежныя з Украінай раёны.

Як вынікае зь інфармацыі на ягоным сайце, Гомельскую вобласьць ён пачаў наведваць у 2023 годзе: тады ён наведаў толькі адзін раён вобласьці — Веткаўскі раён.

2024 год:

  • 13 ліпеня паведамлялі, што Лукашэнка наведаў «паўднёвую мяжу» Беларусі. Але дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя рэсурсы не ўдакладнялі гэты раён. Адзначалася, што ён знаходзіцца на мяжы з Украінай.
  • 2 жніўня наведаў Мазырскі раён, які моцна пацярпеў ад урагану ў ліпені. Тады ён наведаў і аграгарадок Прудок;
  • 3 жніўня наведаў Петрыкаўскі раён;
  • 24 траўня — зноў наведаў Петрыкаўскі раён.


2025 год:

  • 4 кастрычніка адбылася паездка ў Петрыкаўскі раён;
  • 6 лістапада — у Мазырскі раён.


За некалькі дзён да візыту Лукашэнкі рэгіён наведаў Кубракоў

4 лістапада Гомельскую вобласьць наведаў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў. Ён быў у Мазыры, Калінкавічах, Петрыкаве. Афіцыйная прычына — азнаямленьне з матэрыяльна-тэхнічнай базай міліцыі і мясцовых аддзелаў ДАІ і ўнутраных спраў.

5 лістапада пасьля вяртаньня з паездкі ён прыйшоў на справаздачу да Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, асноўныя тэмы іхнай сустрэчы сталі — апэратыўная абстаноўка ў краіне, дынаміка раскрыцьця злачынстваў, супрацьдзеяньне кібэрзлачыннасьці і нелегальнаму абарачэньню наркотыкаў, а таксама бясьпека на дарогах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG