Макрон ізноў прызначыў прэм’ерам Францыі Сэбасьцьяна Лекарню

Сэбасьцьян Лекарню

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон зноў прызначыў Сэбасцьяна Лякарню прэмʼер-міністрам краіны і даручыў яму сфарміраваць урад. Пра гэта паведаміў Элісэйскі палац.

Лякарню падаў у адстаўку 6 кастрычніка — менш чым праз месяц пасьля свайго прызначэньня і празь некалькі гадзін пасьля таго, як прадставіў свой кабінэт. Адстаўка была прынятая Макронам.

Лякарню напісаў на сваёй старонцы ў сацсетцы X, што «прымае — у сілу абавязку — місію», ускладзеную на яго прэзыдэнтам Францыі. Ён таксама паабяцаў «зрабіць усё магчымае для забесьпячэньня Францыі бюджэтам на канец года».

«Мы павінны пакласьці канец гэтаму палітычнаму крызісу, які раздражняе французаў, і гэтай нестабільнасьці, якая шкодзіць іміджу Францыі і яе інтарэсам», — напісаў Лекарню.

Цяперашні палітычны крызіс у Францыі пачаўся пасьля таго, як прэзыдэнт Макрон летам мінулага года ініцыяваў датэрміновыя парлямэнцкія выбары, каб пашырыць сваю палітычную базу для правядзеньня неабходных рэформ. Вынік аказаўся адваротным: ні адна з палітычных сіл не атрымала адназначнай большасьці ў Нацыянальным сходзе, але найбольшая колькасьць месцаў аказалася ў вельмі правых («Нацыянальнае абʼяднаньне») і вельмі левых («Новы народны фронт») партый, якія рашуча адмаўляюцца супрацоўнічаць з Макронам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан будуе «дзяржаву татальнага сачэньня». Ці будзе Кітай яе ўзорам?