Як швэдзкія сеткі ратуюць жыцьці на лініі фронту ва Ўкраіне

Рыбалоўныя сеткі са Швэцыі бязвыплатна перадаюцца Ўкраіне як сродак абароны ад дронаў

Людвіг Рамэстам, сузаснавальнік дабрачыннай арганізацыі Operation Change, якая ад пачатку вайны дапамагае Ўкраіне, кажа, што не адразу зразумеў, чаму ў яго пачалі замаўляць усё больш старых рыбалоўных сетак, якія плятуць у яго роднай Швэцыі.

Сетка над шашой каля Канстанцінаўкі Данецкай вобласьці. Справа на здымку бачна чарга ў краму — мясцовыя жыхары таксама абароненыя сеткай ад удараў дронаў, 16 верасьня

Неўзабаве Рамэстам даведаўся, што рыбалоўныя сеткі выкарыстоўваюць для барацьбы з FPV-дронамі. З тых часоў, паводле яго слоў, патрэбу Ўкраіны ў іх можна вызначыць як «бясконцую», бо вайна пераўтварылася ў канфлікт, які пераважна вядзецца з паветра з дапамогай бесьпілётнікаў. Разам са сваімі партнэрамі арганізацыя Operation Change даставіла ва Ўкраіну ўжо каля 400 тон рыбалоўных сетак.

Вострая патрэба ў рыбалоўных сетках паўстала ва Ўкраіне акурат тады, калі ў швэдзкіх рыбакоў пачаліся цяжкія часы. Рыбная прамысловасьць зьменшылася праз узмацненьне Эўразьвязам экалягічных нормаў. У 2021 годзе ў Балтыйскім моры забаранілі лавіць траску. У выніку рыбалоўныя сеткі сталі не патрэбнымі для працы. Пры гэтым рыбакі звычайна вельмі цэняць свае сеткі, а часам нават перадаюць іх у спадчыну.

Але магчымасьць выкарыстаць сеткі для дапамогі ўкраінцам — справы, у якую швэды вераць, — пераканала многіх рыбакоў не трымаць іх для памяці, а даць ім новае жыцьцё.

«У Швэцыі даволі шырока падтрымліваюць Украіну, — кажа Рамэстам. — Таму многія рыбакі радыя перадаць [сеткі] на фронт, — вы нават ня можаце сабе ўявіць, наколькі. Гэта дае магчымасьць людзям адчуць, што яны зьяўляюцца часткай абароны».

Такія настроі яшчэ мацнейшыя на Аляндзкіх астравах, якія належаць Фінлядныі — краіне, якая супраціўлялася ўварваньню Савецкага Саюзу ў 1939–1940 гадах.


Міні Рэглянд (зьлева) зь сямейнай парай, якая ахвяравала свае рыбалоўныя сеткі. Аляндзкія астравы

Міні Рэглянд, валянтэрка Operation Change, дапамагае зьбіраць рыбалоўныя сеткі для Ўкраіны на Аляндзкіх астравах. Яна прыгадала словы 70-гадовай жанчыны, якая апавяла ёй пра страх, што панаваў у Фінляндыі пасьля савецкага ўварваньня 1939 году.

«Яна расказала мне, што, калі ёй было сем ці восем гадоў, ейная настаўніца прыйшла ў школу і абвясьціла: „Расейцы ідуць!“. Было шмат чутак, многіх ахапіла паніка. Яе бацька ў гэты час быў у моры», — кажа Міні Рэглянд.

Валянтэрка расказвае, што тая жанчына расчулілася, згадаўшы, як бацька вучыў яе правільна карыстацца сеткамі:

«І хоць яна не працягнула сямейнай традыцыі і не займалася рыбалоўствам, яна не расставалася зь сеткамі бацькі. А цяпер яна падумала, што ён быў бы шчасьлівы, калі б даведаўся, для чаго гэтыя сеткі паслужаць».

Ва Ўкраіне сеткі сталіся адным з найважнейшых элемэнтаў абароны ад атак бесьпілётнікаў.

Антыдронавыя сеткі «зараз усталёўваюцца паўсюль на дарогах Данецкай вобласьці», — расказала Радыё Свабода Ірына Рыбакова — прэс-аташэ 93-й асобнай мэханізаванай брыгады Ўзброеных сіл Украіны.

Паводле яе слоў, «сетка ня ёсьць панацэяй, а толькі адным з элемэнтаў абароны ад дронаў, які не абавязкова спрацуе. Ёсьць шмат прыкладаў, калі бесьпілётнік залятаў у дзірку ў сетцы і чакаў машыну. Нашы пілёты дронаў робяць тое самае», — кажа Рыбакова.

Аўтамабіль, абсталяваны сыстэмай РЭБ, едзе па дарозе, накрытай сеткай для абароны ад дронаў на ўсходзе Ўкраіны, 2 кастрычніка

Паколькі нэйлёнавыя сеткі ўразьлівыя для агню, Рыбакова адзначае, што ідэальным матэрыялам была б сетка Рабіца, але «відавочна, што яе дорага і складана ўсталёўваць».

Паводле яе слоў, паездка на перадавую цяпер патрабуе выкарыстаньня розных спосабаў абароны ад дронаў. Войскі хутка перамяшчаюцца, уключаюць магутныя прылады радыёэлектроннай барацьбы і маюць некалькі карэктавальнікаў са зброяй.

«У дадатак да кулямётаў у нас ёсьць драбавікі, а таксама невялікія сеткамёты, якія назвалі «Пташка». Салдаты кажуць пра іх як пра «апошні шанец».

Рамэстам кажа, што сеткі швэдзкіх рыбакоў выратавалі мноства жыцьцяў ва Ўкраіне:

«Была адна машына, на якую ўсталявалі рыбалоўныя сеткі, перададзеныя жыхарамі Швэцыі, і ўсяго праз пару дзён яна зазнала атаку [расейскага бесьпілётніка]», — расказаў Рамэстам Радыё Свабода.

«Сетка была нацягнутая прыкладна за мэтар ад машыны на мэталічныя пруты: такім чынам узьдзеяньне выбуху было значна меншым, і людзі выжылі.

У лісьце падзякі яны падкрэсьлілі, што рыбалоўныя сеткі выратавалі ім жыцьцё».

Пікап, накрыты сеткай, у прыфрантавым горадзе Канстанцінаўка, 22 верасьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым больш Беларусь будзе забесьпячваць Расею палівам, тым большай будзе пагроза для беларускіх НПЗ»