Прэзыдэнт Мадагаскару заявіў пра спробу захопу ўлады

Пратэсты ў Антананарыва 11 кастрычніка 2025

Адміністрацыя прэзыдэнта Мадагаскару заявіла, што ў краіне адбываецца «спроба незаконнага і гвалтоўнага захопу ўлады», паведаміў тэлеканал «Аль-Джазіра».

Гэта здарылася пасьля таго, як да пратэстаў далучыліся вайскоўцы элітнага падразьдзяленьня CAPSAT, якое ў 2009 годзе дапамагло цяперашняму прэзыдэнту Андры Радзуэліну захапіць уладу падчас перавароту.

Пратэсты ў Мадагаскары 11 кастрычніка

У нядзелю 12 кастрычніка вайскоўцы CAPSAT заявілі, што падразьдзяленьне бярэ на сябе кіраваньне войскам.

«Адгэтуль усе загады войску — хай гэта будуць сухапутныя войскі, паветраныя сілы ці флёт — будуць ісьці з штаб-кватэры CAPSAT», — заявілі афіцэры падразьдзяленьня.

Патруль байцоў CAPSAT у Антананарыву падчас акцыі ўшанаваньня памяці загінулых падчас антыўрадавых пратэстаў, 12 кастрычніка 2025 году

12 кастрычніка тысячы людзей выйшлі на мітынг у Антананарыву. Сярод іх — папярэдні прэзыдэнт краіны Марк Равалуманан, вайскоўцы CAPSAT, царкоўныя лідэры і апазыцыйныя палітыкі.

Пратэсты на Мадагаскары ўсчаліся напрыканцы верасьня празь недахоп вады і электрычнасьці. Толькі каля траціны насельніцтва краіны мае доступ да электрычнасьці, дый пры гэтым яе адключаюць часам больш як на восем гадзін у дзень, — перадае «Аль-Джазіра».

Пратэст у Антананарыву 9 кастрычніка

З часам пратэстоўцы перайшлі да палітычных патрабаваньняў: адстаўкі прэзыдэнта, а таксама роспуску Сэнату і выбарчай камісіі.

Сілавікі спрабавалі разагнаць пратэстоўцаў сьлезацечным газам і гумовымі кулямі. Паводле ААН, ад пачатку дэманстрацый загінулі як мінімум 22 чалавекі, а больш за 100 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан будуе «дзяржаву татальнага сачэньня». Ці будзе Кітай яе ўзорам?